Слова пра газету

Мяне выхавала раёнка

Больш за 40 гадоў у журналістыцы – важкі адрэзак часу, які дае права паглядзець на былое і сучаснасць з гэтай вышыні. Адчуваю сябе шчаслівай: лёс падараваў магчымасць працаваць побач з цудоўнымі людзьмі, якія былі маімі жыццёвымі і прафесійнымі настаўнікамі. Кожны – асоба, надзеленая талентам несці людзям мудрае слова. Справядлівасць, дакладнасць кожнага факта, ад- казнасць, уменне заглянуць у душу чалавеку, у звычайным убачыць неардынарнае і ацаніць прыгожае – якасці, якімі былі надзелены ўсе. З напісаных сэрцам артыкулаў вярсталіся старонкі нашага “Будаўніка камунізму”.

У памяці дні, калі ў Маскве працавалі з’езды партыі. Каб інфармацыя выйшла ў свет аператыўна, журналісты і работнікі друкарні гатовы былі суткамі заставацца на працоўных месцах. Рэдактар, дзяжурны карэспандэнт, карэктар, лінатыпіст, вярстальшчык, друкар і сакратар-машыністка чакалі паведамлення радыёстанцыі, якая перадавала тэкст для рэдакцый раённых газет, часта глыбокай ноччу. У чаканні нехта драмаў, паклаўшы пад галаву падшыўку газет, хтосьці прымасціўся на велізарным рулоне паперы або ў куточку на стуле. Транзістар уключаўся на поўны гук. Машыністка лавіла і занатоўвала кожнае слова. Пасля радкі тэкста адлівалі на лінатыпе, вярсталі ў паласу і друкар выдаваў на чытку карэктару і дзяжурнаму карэспандэнту чарнавы варыянт… Раніцай, як заўсёды, свежы нумар газеты з непаўторным пахам друкарскай фарбы адпраўляўся паштавікам.

Якія гэта былі цудоўныя імгненні жыцця – незвычайнага, захапляльнага. За 4 дзесяцігоддзі шмат вады ўцякло. На жаль, няма побач тых людзей, з кім рабіла свае першыя крокі ў журналістыцы: раз’ехаліся, знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а многія закончылі свой зямны шлях. Але я памятаю ўсіх і ўдзячна лёсу, што нашы шляхі калісьці перасякаліся.

Аліна ЛАПІЧ,

загадчыца аддзела сельскай гаспадаркі.

Гавораць Ляхавічы!

Прызнаюся ў шчасці – у тым, што маю прамое дачыненне да сваёй любімай газеты – “Ляхавіцкага весніка”. Яна не проста надзейная крыніца інфармацыі – сяброўка, дарадчыца, самая чаканая госця ў маёй сям’і па серадах і суботах.Так было з дзяцінства: заўсёды сярод іншых газет і часопісаў асаблівае месца займае менавіта раёнка. Некалі мой дзед гаварыў: “Навошта ісці ў нядзелю на кірмаш, каб даведацца, што адбываецца ў раёне? Адкрый “Будаўнік камунізму” і ўбачыш шмат чаго і шмат каго”. А яшчэ заўсёды любіла слухаць раённае радыё і нібы прымагнічвалася да радыёпрыёмніка, калі чула: “Гавораць Ляхавічы. Добрай раніцы!”

Вось ужо больш за 10 гадоў “Ляхавіцкі веснік” – мая работа, прычым любімая. Як можна не любіць вас, шаноўныя чытачы – герояў “веснікаўскіх” публікацый і рэпартажаў?! Вашы думкі і справы сілкуюць жыццё, робяць яго больш дасканалым і прыгожым. Натхняюць, даюць сілы, з’яўляюцца крыніцай творчасці. Дзякуй за тое, што ты, чытач – неабыякавы, ініцыятыўны і верны.

Хай прабачаць калегі, але мне пашанцавала крыху больш, чым іншым. Маю шчасце, як і іншыя журналісты раёнкі, пісаць артыкулы, рэпартажы з разнастайных мерапрыемстваў, расказваць пра тое, чым жылі, жывуць і пра што мараць землякі. Колькі станоўчых эмоцый выклікае кожная, нават самая кароткачасовая сустрэча з героямі публікацый. Якія ж таленавітыя, апантаныя, ініцыятыўныя, творчыя, энергічныя, жыццярадасныя, клапатлівыя і шчырыя нашы сучаснікі, незалежна ад таго, маленькі гэта чамучка з дзіцячага сада ці сівы, прайшоўшы вайну ветэран, у якога за плячыма цэлае жыццё. Трэба бачыць, як на вачах маладзее бабулька, калі пачынае ўспамінаць сваё юнацтва ці гаварыць пра дзяцей. Як натхнёна расказвае пра перспектывы прадпрыемства яго дырэктар, з клопатам і павагай – пра тых, хто стаіць за высокімі паказчыкамі ў вытворчасці. Пра плюсы прафесіі можна гаварыць бясконца.

Што датычыцца “пераваг”, то не толькі пішу ў газету, але тройчы на тыдзень вяду дыялог з вамі, шаноўныя слухачы раённага радыё. З нецярпеннем чакаю аўторак, чацвер і суботу, калі зноў спяшаюся на сустрэчу з вамі. Уладкоўваюся каля мікрафона і: “Добры дзень, шаноўныя слухачы! Вас вітае чарговы выпуск праграмы “Ляхавіцкае раённае радыё”.

Галіна КАНЬКО,

загадчыца аддзела радыёінфармацыі.

У цэнтры падзей

Можна доўга разважаць, як і што трэба пісаць у газеце, каб зацікавіць, прыцягнуць увагу чытача, спадабацца. Але каб зразумець сутнасць працы газетчыка, трэба ім быць. Вельмі тонка гэтую асаблівасць журналісцкай працы акрэсліў Гілберт Чэстэртан – англійскі пісьменнік і журналіст, які жыў і пісаў у ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя. Ён аднойчы заўважыў: “Кожны хоча, каб яго інфармавалі сумленна, непрадузята, праўдзіва – і ў поўнай адпаведнасці з яго перакананнямі”. Маўляў, усім цікавы ў любым выпадку не будзеш, бо цяжка падабраць сяброў па гусце і колеры.

“ЛВ” сваім існаваннем вось ужо сем дзесяцігоддзяў старанна выконвае першую частку вышэйзгаданай цытаты (пра сумленнасць і праўдзівасць) і імкнецца ўплываць на сваіх чытачоў праз другую (перакананні).

Раённая газета не элітарны клуб, наглуха зачынены для “пабочных асоб”. Хутчэй наадварот, рэдакцыйныя дзверы заўсёды шырока адчынены – для сяброў “ЛВ” (а іх, і гэта вельмі прыемна, нямала, у тым ліку нашы шаноўныя падпісчыкі і пазаштатныя аўтары) і тых, хто ад шчырага сэрца хоча такімі стаць. Да нас тэлефануюць і прыходзяць. Нехта, каб падзяліцца прыемнай навіной, а хтосьці і паскардзіцца – на непаваротлівасць і няўважлівасць той ці іншай службы, на якасць абслугоўвання, а часам проста на суседзяў, на жыццё, на надвор’е.

Нават нягледзячы на перыядычны цэйтнот, калі часу катастрафічна не хапае і на рахунку кожная хвіліна, званок на “гарачую лінію “ЛВ” – нагода адкласці ўсе важныя справы, каб уважліва выслухаць абанента на тым канцы тэлефоннага проваду. Не сакрэт, здараецца пачуць усякае: і няпростую гісторыю, у якой разабрацца без умяшальніцтва старонніх здаецца немагчымым, і слёзы ад жыццёвых расчараванняў, і крык душы (часам на павышаных танах), і ультыматумы-пагрозы, і словы ўдзячнасці за разуменне. Камусьці патрэбна канкрэтная дапамога, іншаму дастаткова растлумачыць шляхі вырашэння, ёсць і такія, каму важна ўжо тое, што яго выслухалі…

Нельга і падлічыць, з колькімі людзьмі кожнаму з нас давялося пазнаёміцца – непасрэдна і завочна – за час работы ў рэдакцыі. І гэта, як адзначаюць усе калегі, безумоўны плюс прафесіі. Яшчэ адной перавагай можна лічыць тое, што літаральна пра ўсе навіны і падрабязнасці падзей даведваешся адным з першых. Прычым часцяком, што называецца, з першых вуснаў. А ў каго, калі не ў газетчыка, ёсць столькі магчымасцяў данесці сваю думку да сотняў зацікаўленых людзей, нават не пакідаючы працоўнае месца?

За гэта і яшчэ многае іншае мы любім сваю работу. І, канешне, сваю газету.

Святлана СТЫКУЦЬ,

адказны сакратар.

Дзякуй, «Веснік»!

Любая работа – што аверс і рэверс у манеты, як два бакі аднаго медаля. У сэнсе абавязковай пры-сутнасці момантаў прыемных і не асабліва такіх, эмацыянальна станоўчых і адмоўных.

У юбілейныя нататкі “просяцца” светлыя пачуцці, мажорны настрой, ласкавыя словы, самыя цёплыя ўспаміны. Асабіста для мяне безумоўным “плюсам” газетна-карэспандэнцкай працы з’яўляецца “штатная” магчымасць – абавязак нават – сустрэч з цікавымі людзьмі. Рознымі па ўзросце, прафесіі, адукацыі. Са сваім светапоглядам, адметнасцю ў ацэнках рэчаіснасці, гараджан і жыхароў аддаленых, на дзясятак двароў, вёсак. Апошніх, дарэчы, вызначае нейкая вельмі свая, непадробная шчырасць і мяккасць меркаванняў, дакладнасць слоў, прастата і, адначасова, вобразная трапнасць параўнанняў.

Узгадваецца дастаткова даўні ўжо карэспандэнцкі выезд на веснавыя палявыя работы ў адну з не самых лепшых і не самых блізкіх гаспадарак раёна. Вясна глыбока ўжо ўвайшла ў свае правы, усё больш і больш прыспешвала вяскоўцаў. На пытанне, ці позна даводзіцца завяршаць працоўны дзень, механізатар спакойна, сур’ёзна, аднак, і не без жарту заўважыў: “Вымушана. Пасееш у пару – збярэш зерня гару”. І зусім не важна, што словы не аўтарскія. Але як да месца, наколькі ў тэму і па сутнасці сказаныя! Прыгадваецца, наматаў іх тады сабе на вус, каб з нагоды выкарыстаць у якасці загалоўка да нейкага з газетных тэкстаў.

Абсалютны не аматар фатаграфавацца, тым не менш, трымаю навідавоку два фотаздымкі ў простых рамках. Пра адзін і, мабыць, першы з іх сціпла прамаўчу. Гісторыяй і геаграфіяй другога дазволю сабе пахваліцца. Там аўтар побач з алімпійскай чэмпіёнкай Юліяй Несцярэнка. Прынята і цалкам заслужана лічыць стометровы спрынт каралеўскай дысцыплінай каралевы спорту – лёгкай атлетыкі. Алімпійскага золата – не менш – заслугоўваюць і чалавечыя якасці Юліі. Шчырая, да сарамлівасці сціплая, ранімая, выключна добразычлівая. Пералік высокіх эпітэтаў у адрас нашай “белай маланкі” мог бы быць бясконцым. Скажаце, алімпіёнікі такімі не бываюць? І я так лічыў да сустрэч – а іх за час працы ў “ЛВ” было дзве – з Юліяй Несцярэнка. Дзякуй, “Веснік”-юбіляр, за такую магчымасць.

Іван КАВАЛЕНКА,

загадчык аддзела эканомікі і вытворчасці.

Месца сустрэчы – сайт «ЛВ»

Віражы лёсу выпісваюць часам незвычайныя фігуры. Так склалася, што, адпрацаваўшы ў школе больш за 15 гадоў, вырашыла пакінуць педагогіку і пазнаёміцца з прафесіяй журналіста. Прыйшла працаваць у раёнку. Сярод асноўных маіх абавязкаў —адміністраванне сайта “ЛВ”.

Да гэтага, чытаючы шматлікія матэрыялы газеты, не ўяўляла, што калектыў выдання складаецца ўсяго з 14 чалавек. Гэта і карэспандэнты, і бухгалтар, і вадзіцель, і ўсе іншыя супрацоўнікі на чале з галоўным рэдактарам газеты. Улічваючы глыбіню падачы падзей, разнастайнасць тэм, здавалася, што над стварэннем газеты працуе вялікі калектыў.

Газету называюць летапісцам гісторыі. Задача маіх калег — не толькі аператыўна, цікава асвятліць значныя падзеі раёна, сведкамі якіх яны сталі, але і данесці праблемы, думкі, якія хвалююць землякоў. І ў іх гэта па-майстэрску атрымліваецца! За амаль паўтара гады ў рэдакцыі не перастаю здзіўляцца трывалай сувязі, якая наладжана тут з чытачамі. Яны тэлефануюць, пішуць, задаюць пытанні, просяць дапамогі. А якое задавальненне адчуваеш, калі раёнка вырашае невырашальныя пытанні!

І двойчы прыемна, што адрас у інтэрнэце www.lves.by дазваляе падтрымліваць зваротную сувязь з землякамі за межамі не толькі раёна, але і краіны.

Атмасфера творчасці, апантаныя сваёй справай супрацоўнікі “ЛВ”, разнапланавасць інфармацыі, сустрэчы з людзьмі, лёс якіх становіцца неабыякавым, — ні з чым не параўнальнае жыццё раёнкі, і я адна з яго ўдзельніц. Чым і ганаруся.

Наталля ПЕРАПЕЧКА,

загадчыца аддзела сацыяльных пытанняў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *