Тэрыторыя любві, ці Раўнадушным уваход забараняецца

Самай маладой удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны з Ляхавіцкага раёна сёння спаўняецца 70 гадоў. Яна нарадзілася вольнай, і фашысцкая акупацыя не здолела пазбавіць жыцця і свабоды слова газету Ляхавіцкага падпольнага райкама КПБ(б) “Совецкі патрыёт”. Месцам нараджэння стаў стары, дрымучы лес Машукоўскі – надзейны прытулак беларускіх партызан. Скупыя радкі энцыклапедычных выданняў канстатуюць: першы нумар выйшаў у свет 24 кастрычніка 1943 года. Сярод вайны, насуперак вайне палымяны змагар за Перамогу стаў той крыніцай праўдзівай інфармацыі і патрыятызму, якой так не ставала нашым людзям на акупіраванай тэрыторыі.

На шчасце, і сёння пра тое, як гэта было, можна пачуць ад чалавека-легенды, члена першай рэдкалегіі газеты Вікенція Бурло (акрамя яго рэдагавалі выданне Якаў Шавялёў і Павел Вярбіцкі). Гучаць прозвішчы наборшчыкаў Мішні і Гурына і, канешне, сакратара падпольнага РК КПБ (б) Сцяпана Дзесюкевіча, які, па сутнасці, і стаяў на чале выдання. Сёння Вікенцій Бурло, наш дарагі Ільіч, жыве ў пасёлку Мір Баранавіцкага раёна. Ён успамінае пра сяброў-партызан, пра Дзесюкевіча, у якога наконт друкаванага слова была цвёрдая ўстаноўка: па пытаннях газеты звяртацца ў любы час сутак.

Вікенцій Бурло родам з раёнкі

Першыя нумары “Совецкага патрыёта” сёння сталі эксклюзіўнымі гістарычнымі сведчаннямі пра вайну і мір. Расказ былой партызанкі Алены Пацкевіч пра тое, як распаўсюджвалі газету, – занатаваны журналістамі ўрок мужнасці.

Доўгія вёрсты вайны былі пройдзены пераможна. На вызваленай ад фашыстаў зямлі працягваў жыць, клікаць да аднаўлення, будаваць, ствараць, падымаць дух нашых землякоў “Совецкі патрыёт”, рэдагаваць які пачаў славуты Аляксандр Астапаў. Яго прозвішча сёння носіць адна з вуліц райцэнтра. Хацелася б, каб маладое пакаленне ведала, што Аляксандр Фядотавіч – франтавік, партызан, другі па ліку рэдактар раёнкі – быў сапраўдным чалавекам і сваю місію газетчыка выконваў бездакорна.

А трэцім стаў найдабрэйшы, непаўторны Вікенцій Шталь. Без малога тры дзесяцігоддзі раёнкі, якая з цягам часу была перайменавана ў “Будаўнік камунізму”, звязаны з гэтым цудоўным чалавекам, выдатным журналістам-фельетаністам. І каманда ў яго была што трэба: Васіль Праскураў, Віктар Гардзей, Ісаак Бярковіч, Іосіф Карпыза. Потым далучыліся Аляксей Пятух, Пётр Хмарук, Уладзімір Гурыновіч. Больш маладое пакаленне “будаўнікоў” – Фёдар Лапанік, Святлана Фокіна, Уладзімір Бацкалевіч, Аліна Лапіч – даруйце, усіх не назавеш…

Пачынаючы з 70-х гадоў мінулага стагоддзя магу засведчыць асабіста: у рэдакцыі заўсёды працавалі аднадумцы, паплечнікі, творчыя асобы. І ўваходзіць у прафесію пасля вучобы на журфаку аказалася захапляльна, цікава, зусім не цяжка, таму што было каму падказаць, падбадзёрыць, параіць.

Алёша Пятух за пару гадзін выдаваў выдатную замалёўку ці рэпартаж. Незлаблівы, гумарны, ён сваімі расказамі даводзіў да рогату ўсю рэдакцыю. Нязменна з цыгарэтай адказны сакратар Пётр Хмарук карпеў над макетамі і, здавалася, знаходзіўся ў іншым вымярэнні, але раптам трапна ўступаў у размову. Бывала, да ночы ля прыёмніка чакалі інфармацыю БЕЛТА, усе хадзілі на пальчыках, пакуль машыністка Тэрэза Кулік прымала тэкст пад дыктоўку з радыё. Для паліграфістаў Васіля Дашына, Мікалая Расохі, Марыі Расохі, Стэфаніды Чаранкевіч, Ганны Зелянеўскай, карэктара Юзэфы Дуброўка гэты начны расклад быў звычайнай справай, як і для Аляксандра Багдановіча, Ліліі Гілеп, Алы Бурвель, Міхаіла Куліка. Рамантыка? Выдаткі прафесіі? Не важна што – галоўнае зрабіць справу, якой служылі.

У тыя часы шырыўся рабселькораўскі рух, пазаштатныя аўтары тэлефанавалі, пісалі, заходзілі ў рэдакцыю самі і па запрашэнні – на заняткі школы рабселькораў. У “Будаўніка” быў добры тыраж. Выходзілі тройчы на тыдзень агульным аб’ёмам 12 палос.

Часта да Вікенція Юльевіча на пару-тройку дзён завітваў Мікола Купрэеў – той самы, чыімі вершамі сёння зачытваюцца аматары паэзіі. На жаль, ні яго, ні Шталя, ні многіх іншых калег ужо няма на гэтым свеце…

Гартаю старыя падшыўкі. Дакранаюся да гісторыі. Як адбудоўвалі раён, сеялі і ўбіралі, вучылі і вучыліся, як раслі паказчыкі ў жывёлагадоўлі, мянялася аблічча населеных пунктаў, як працавалі і адпачывалі, хадзілі на дэманстрацыі – такі вось бясконцы рэпартаж.

Раёнка была аўтарытэтным кансультантам, дарадчыкам, і, канешне, інфарматарам. Але самае галоўнае – яна заўсёды была і застаецца патрыётам. Мусіць, тая першая назва выдання запраграмавала гэта назаўсёды. Ніколі не забуду паездку ў Машукоўскі лес: у аўтобусе былыя партызаны, сярод якіх і наш калега Ісаак Бярковіч, і газетчыкі. Як жа душэўна і шчымліва было: колькі ўспамінаў пачута, як красамоўна звінела цішыня ля зарослых травою зямлянак. Там, дзе некалі стаяў партызанскі атрад і дзе ўпершыню ўбачыў свет “Совецкі патрыёт”…

Іосіф Карпыза родам з раёнкі

У  нашага Іосіфа Карпызы, які змяніў на рэдактарскім пасту Шталя, 2013-ы багаты на юбілеі: адзначыў 75-годдзе і роўна паўстагоддзя назад пераехаў у Ляхавічы. Выдатны настаўнік – праз яго школу прайшлі многія вядомыя сёння журналісты. Правіў арыгіналы (дзякуй, шаноўны Іосіф Цімафеевіч!) як мае быць. Строгасць у ім аб’ек-тыўная, дабрыня мудрая, аўтарытэт непахісны… Адным словам, Карпыза!

Студэнткай журфака была непахісна пераканана, што галоўны ў газеце – рэдактар. Даўно ўжо асэнсавала сваю памылку і сёння абсалютна ўпэўнена, дакладна ведаю: першы і галоўны – чытач. Задаволены і ўдзячны, расчулены і ўсхваляваны, абураны і ня-згодны, крытычны і скептычны, але ні ў якім разе не раўнадушны. Ён рэцэнзуе, і ён ставіць адзнаку вартасці журналісцкага пяра, выводзячы свой адрас у падпісным абанеменце – даючы згоду на далейшыя стасункі. Такое вось запрашэнне ў свой дом. Сёння гэта па серадах і суботах. 18 старонак фармату А-3 у тыднёвым тыражы 12750 экзэмпляраў, надрукаваных не на замежнай – на газетнай паперы беларускай вытворчасці. Працягваецца прамы рэпартаж з месца падзеі – жыцця – з галоўным героем – нашым сучаснікам-земляком.

Журналісцкая прафесія не надта растыражаваная. Нехта назаве яе творчай, нехта – рамяством… У рэдакцыі асаблівая атмасфера, свае звычкі і звычаі. І пах кавы, і спрэчкі дзеля высвятлення ісціны, і тэмпература зашкальвае – таму што 36,6 для журналісцкай душы ўспрымаецца як нейкая “градусная брадыкардыя”.

Сёння ляхавіцкая раёнка – гэта “тры ў адным”: сама газета + аддзел радыёінфармацыі (для землякоў больш прывычная назва – раённае радыё) + электронная версія выдання – сайт “ЛВ” з каардынатамі www.Lves.by. Радыёпраграма выходзіць у эфір тройчы на тыдзень, час вяшчання – 70 мінут. І слухаюць яе больш чым па 7000 адрасоў. А да больш чым шасцітысячнага кола нашых чытачоў далучаюцца шматлікія карыстальнікі сайта – штодня ад 100 да 600 чалавек! Сярод іх шмат ураджэнцаў Ляхавіцкага раёна, якія пражываюць нават не ў Беларусі, а далёка за яе межамі: Расія, Украіна, Малдова, Германія, Францыя, ЗША, Ізраіль… Вось і атрымліваецца, што газету нашу чытаюць не толькі ў сваім раёне. І гэта выдатна: няхай ведаюць пра сённяшні стваральны дзень сваёй маленькай радзімы, пра тое, чым жывуць, што хвалюе, да чаго імкнуцца ляхавічане. Наш маленькі раён займае каля 0,6 працэнта тэрыторыі Беларусі, а насельніцтва яго – 28 тысяч чалавек – каля 0,3 працэнта ад колькасці насельніцтва краіны. Жывём. Працуем. Вось адсвяткавалі абласны фестываль “Дажынкі-2013”. Абнавіўся, папрыгажэў райцэнтр. Дзякуй дзяржаўнаму клопату. Камфорт і прыгажосць засталіся ў карыстанні ляхавічан.

…Маю гонар і вялікае шчасце быць пятым па ліку рэдактарам раёнкі і працаваць у выдатным творчым калектыве, які ведае і шануе свае карані, стварае сённяшнюю газету (мяркуючы па тыражы, запатрабаваную і любімую чытачамі), дбае пра будучыню і пра чалавека будучыні – свядомага, сумленнага, духоўнага, высокамаральнага. Адным словам, пра грамадзяніна найлепшай з краін.

Не ствары сабе куміра, сцвярджае біблейская запаведзь. Калі не кумір, то самая дарагая асоба для “веснікаўцаў” – чытач, са стажам ці юны, усмешлівы ці сур’ёзны – мы вядзём дыялог з ім. А каб гэты дыялог не спыняўся, газетчыкам да-памагаюць паліграфісты з філіяла № 1 ААТ “Чырвоная зорка”, паштавікі і электрасувязісты, супрацоўнікі “Белсаюздруку” і вы, дарагія сябры раёнкі, чый голас, думкі і меркаванні гучаць у кожным нумары, хто становіцца героем нашых публікацый, падказвае тэмы, “мяккія і пушыстыя” ці, наадварот, вострыя і праблемныя. Мы разам! І гэта радасць кожнага дня. З нашым агульным святам, шаноўныя сябры! Раёнка ў заўсёдным творчым падарожжы. І так дарэчы нагадаць запаўшыя ў душу радкі паэта Уладзіміра Отчыка, працытаваныя мазырскай калегай:

Мае сябры, раённыя газетчыкі!

Пасаду вашу лічаць радавой.

А я лічу, што вы – жыцця разведчыкі

На самай што ні ёсць перадавой!

Вольга БАРАДЗІНА, галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *