Працаваць разам у імя адзінай мэты

22 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі разгледзеў кадравыя пытанні і даў згоду на назначэнне шэрагу кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў.  Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што яны фактычна будуць на пярэднім краі ў рабоце з людзьмі: “Таму многае залежыць ад вашай сумленнасці, чысціні, і ад той справядлівай палітыкі, якую вы будзеце праводзіць у сваім рэгіёне”. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што менавіта яны абавязаны “забяспечваць той высокі ўзровень, які павінен быць у кожным раённым цэнтры”.

Прэзідэнт Беларусі даў згоду на назначэнне старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Вячаслава Сельмановіча.

Вячаслаў Лукіч нарадзіўся ў в. Шчэрбава нашага раёна ў 1962 годзе. Закончыў Ленінградскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчы інстытут і аспірантуру Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдат сельскагаспадарчых навук. У розны час працаваў у эксперыментальнай базе “Малагарадзішчанская”, галоўным аграномам, намеснікам начальніка райсельгасхарчу Ляхавіцкага райвыканкама. На працягу апошніх 18 гадоў і да назначэння працаваў дырэктарам Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, які пры ім набыў статус адасобленага структурнага падраздзялення Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Вячаслаў Лукіч з’яўляецца аўтарам вучэбных дапаможнікаў для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, шэрагу навуковых артыкулаў.

На працягу некалькіх скліканняў быў дэпутатам Ляхавіцкага райсавета дэпутатаў, намеснікам старшыні раённага Савета дэпутатаў.

У мінулы чацвер на пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за кандыдатуру старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча.

Звяртаючыся да дэпутатаў і актыву раёна, першы намеснік старшыні аблвыканкама Міхаіл Юхімук засяродзіў увагу на тых маштабных задачах, якія стаяць перад раёнам і на вырашэнне якіх кіраўнік раённай вертыкалі павінен кансалідаваць намаганні ўсіх службаў, прадпрыемстваў і арганізацый. Не сакрэт, што за апошнія гады пазіцыі раёна па многіх вытворча- эканамічных паказчыках знізіліся. І гэта пры тым, што патэнцыял Ляхавіччыны высокі, але, як адзначыў Міхаіл Юхімук, ён выкарыстоўваецца вельмі і вельмі няпоўна. Адной з прычын такой сітуацыі першы намеснік старшыні аблвыканкама назваў адсутнасць каманды аднадумцаў. Працаваць трэба разам на адзіную мэту – толькі пры гэтай умове ўсё атрымаецца.

Міхаіл Юхімук падкрэсліў, што новы кіраўнік раёна вырас на ляхавіцкай  зямлі,  і справа яго гонару – зрабіць яе лепшай, вывесці народна-гаспадарчы комплекс Ляхавіччыны  на новы ўзровень.

Вячаслаў Сельмановіч выказаў сваё бачанне шляхоў выпраўлення сітуацыі, і ў першую чаргу  –  праз  аб’яднанне ўсіх намаганняў дзеля адзінай мэты. Ён перакананы, што толькі такім чынам  справіцца з надзённымі і перспектыўнымі задачамі, якія стаяць перад нашым раёнам.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *