На алімпе творчага праекта. Народная арт-група «ВІНС-акорд» Ляхавіцкага ГДК заваявала Гран-пры міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў

Народная арт-група «ВІНС-акорд» Ляхавіцкага ГДК заваявала Гран-пры міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў «На алімпе».
На суд журы нашы творчыя землякі прадставілі ў намінацыі «эстрадны вакал, кліп» песню «Сонца каласы» (музыка і словы Пятра Ялфімава).

– Песню рыхтавалі для выступлення на абласным свяце «Дажынкі» ў Целяханах. Для гэтага запісалі якасную фанаграму, а таксама «плюс». А пасля з’явілася жаданне зняць на гэту цудоўную жыццесцвярджальную песню кліп. У яго стварэнні вельмі дапамог відэограф Сяргей Гатоўчыц. Дзякуючы яго майстэрству і ідэям атрымалася своеасаблівая гісторыя – яркая і патрыятычная. Запіс кліпа стаў нашым першым вопытам, – дзеліцца мастацкі кіраўнік народнай арт-групы Ірына Тулейка.


На свяце ўраджаю кліп упрыгожыў і дапоўніў творчы нумар, стварыў асаблівы антураж. Удзельнікі «ВІНС-акорда» вырашылі са сваім праектам паўдзельнічаць у конкурсе. І не памыліліся! Кожны з членаў журы паставіў нумару нашых таленавітых землякоў найвышэйшы бал – дзясятку. Такая аднагалоснасць забяспечыла пераможны дыплом. Падзякі фестывалю-конкурсу ўдастоены мастацкі кіраўнік народнай арт-групы Ірына Тулейка і відэограф Сяргей Гатоўчыц за адданасць мастацтву і дастойнае прадстаўленне свайго рэгіёна.
Кожнае выступленне народнай арт-групы «ВІНС-акорд» на розных сцэнічных пляцоўках суправаджаецца дружнымі апладысментамі гледачоў. Захопленыя музыкай удзельнікі калектыву любяць гледача і сцэну. 2022 год выдаўся актыўным у творчым плане і насычаным творчымі праектамі і сустрэчамі. Спачатку быў фінал XXV Рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу армейскай песні «Зорка», які праходзіў у сталічным Цэнтральным Доме афіцэраў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. «ВІНС-акорд» прадстаўляў песню «Апошні палёт», музыку да якой напісаў наш зямляк Сяргей Купчынскі, а словы – яго сяброўка Ларыса Заслаўская. Напісана песня ў памяць аб загінулых у Баранавічах лётчыках Героях Беларусі Андрэі Нічыпорчыку і  Мікіце Куканенку.
Неўзабаве калектыў запрасілі на запіс тэлевізійнай версіі канцэрта, дзе даведаліся, што сталі лаўрэатамі першай прэміі фестывалю ў намінацыі «выканаўцы армейскай песні».
«ВІНС-акорд» – пастаянны ўдзельнік абласных мерапрыемстваў. Выкананне песні «Памятайце!» у мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» узрушыла слухачоў, а ўдзел ва ўшанаванні працаўнікоў на абласных «Дажынках» прыйшоўся даспадобы не толькі хлебаробам.
Галоўнай асаблівасцю рэпертуару арт-групы з’яўляецца яго аўтарскае бачанне кіраўніком калектыву Ірынай Тулейка. Яе вакальныя аранжыроўкі – вынік карпатлівай працы дзеля індывідуалізацыі «ВІНС-акорда», павышэння яго прафесіяналізму і выканальніцкага майстэрства. А яно пацвярджаецца шматлікімі запрашэннямі творчага калектыву і выніковым удзелам у разнастайных конкурсах і фестывалях.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.