Кантракт на працу. У Ляхавічах прайшоў прафсаюзны прававы прыём

29 верасня на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбыўся прафсаюзны прыём, які правяла галоўны прававы інспектар працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяна Кандрашова.
Быў узняты шэраг тэм, якія ў большасці датычацца выканання працоўнага заканадаўства.
Сярод пытанняў, якія паступілі падчас сустрэчы, – умовы прадаўжэння працоўнага кантракта на максімальны тэрмін. Згодна з працоўным кодэксам, кантракт заключаецца на тэрмін не менш за адзін год і не больш за пяць гадоў. З работнікам, які не дапусціў парушэнняў вытворча-тэхналагічнай, выканаўчай і працоўнай дысцыпліны, кантракт заключаецца на максімальны тэрмін.
Яшчэ адзін зварот датычыў магчымасці атрымання аплачваемага сацыяльнага водпуску мужчыне. Напрыклад, пры нараджэнні дзіцяці ці іншых абставінах. Галоўны прававы інспектар адзначыла, што калі гэты момант не прапісаны ў калектыўным дагаворы арганізацыі ці прадпрыемства, то аплачваемы сацыяльны водпуск не прадугледжаны.
На ўсе пытанні, якія паступілі падчас прыёму, дадзены кампетэнтныя і дакладныя адказы, таксама ўдакладнены шматлікія нюансы працоўнага заканадаўства на прыкладзе канкрэтных сітуацый.
Прафсаюзныя прававыя прыёмы, калі любы жадаючы можа бясплатна атрымаць кансультацыю прафсаюзнага юрыста па пытаннях, звязаных з абаронай працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў, – зручная форма ўзаемадзеяння з насельніцтвам.
Тамара ПРАКАП’ЮК, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.