Журавінны збор аб’яўляецца адкрытым. Дзе на экскурсіі пабывалі ляхавічане?

У мінулую нядзелю 14 жыхароў раёна накіраваліся ў незвычайную экскурсію ў свяціцкія балоты, арганізаваную Ляхавіцкім ФСК.

Разам з правадніком – дырэктарам СДЮШАР Валянцінай Русакевіч – нашы землякі адпра-віліся ў ягадны тур «Людзі на балоце» па зборы журавін.
– Канешне, надвор’е крыху падпсавала настрой і паўплывала на сабраны ўраджай, але ўсё ж першы сёлетні паход за карыснымі ягадамі не аказаўся няўдалым. Некаторыя з ягаднікаў-аматараў сабралі па восем кілаграмаў журавін. Лічу такія туры патрэбнымі. Калі будуць жадаючыя, плануем іх праводзіць і далей, – гаворыць Валянціна Русакевіч.
Сапраўды, плюсаў ад такіх ваяжаў у лес нямала. Напрыклад, эканомія для сямейнага бюджэту: кілаграм журавін на рынку каштуе ад 7,5 рубля. Няцяжка падлічыць, колькі атрымаецца зэканоміць для тых, хто сабраў восем кілаграмаў. Акрамя таго, чалавек сам збірае ягаду і бачыць, якой яна якасці. І яшчэ адзін аргумент у скарбонку плюсаў: адпачынак на свежым паветры ў лесе толькі на карысць здароўю.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ФСК