А асадак застаўся… Каму мяшаюць саламяныя фігуры да «Дажынак»

Кожнае сельгаспрадпрыемства да «Дажынак» традыцыйна стараецца здзівіць, уразіць, парадаваць прыгожымі саламянымі кампазіцыямі, якія ўстанаўліваюцца на мяжы гаспадарак.
Прыемна бачыць на інтэрнэт-прасторы фота і відэа, на якіх людзі пазіруюць каля кампазіцый, зробленых рукамі ляхавіцкіх аграрыяў. Толькі ім вядома, колькі сіл, энергіі, натхнення, фантазіі ўкладваецца ў кожную кампазіцыю. Справа не толькі ў тым, што вызначаецца пераможца конкурсу. Людзі імкнуцца зрабіць наш раён яшчэ больш прыгожым, прывабным для гасцей.
Але даводзіцца канстатаваць, што не ўсе здольны ацаніць такія падарункі. Не паспелі работнікі ААТ «Шлях новы» ўстанавіць частку кампазіцыі, як знайшоўся дзікун, які ўкраў манекен дзяўчыны, апранутай у народны строй. Прадстаўнікі «Шляху новага» звярнуліся ў РАУС. Манекен знайшлі работнікі сельгаспрадпрыемства ў кукурузным полі недалёка ад месца інцыдэнту. На жаль, фігура істотна пашкоджана…
– Такога кшталту дзеянні трапляюць пад артыкул 19.1 (дробнае хуліганства) КоАП. За гэта прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 2 да 30 базавых велічынь, або грамадскія
работы, або адміністрацыйны арышт, – адзначае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук.
А акрамя гэтага цалкам зразумелы «бонус» – усеагульнае асуджэнне ад людзей таго, хто ўчыніў такое свінства.
Галіна КАНЬКО.