Медыкаў многа не бывае. Тры урачы, шасцёра прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу прыступілі да работы ў медустановах Ляхавіцкага раёна

Як адзначаюць медыкі са стажам, колькі б часу ні прайшло, а першы пацыент застаецца ў памяці надоўга. Для ўрача агульнай практыкі паліклінікі УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Алесі Слязь такім пацыентам на першым працоўным месцы стала 70-гадовая жанчына з павышаным ціскам. Малады спецыяліст, выпускніца Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якая праходзіла інтэрнатуру ў брэсцкай і баранавіцкай паліклініках, і гэты, і наступныя прыёмы правяла,
як вучылі і як сама вучылася на практыцы.


– Мне падабаецца медыцына, інакш у нашу прафесію ісці не варта. Лячыць людзей – гэта прызванне, тут патрабуюцца трывалыя веды і жаданне дапамагаць іншым. На размеркаванні ва ўніверсітэце мне прапанавалі Ляхавіцкую райбальніцу. Вырашыла паспрабаваць, тым больш што сама з Баранавічаў. Пакуль жыву дома, але спадзяюся, што будзе вырашана пытанне з жыллём у Ляхавічах. Акрамя прыёму ў паліклініцы, хацелася б паспрабаваць сябе і ў стацыянары, – адзначае Алеся Слязь.
Маладыя спецыялісты жаданыя ў пад-раздзяленнях Ляхавіцкай ЦРБ.
– З нецярпеннем чакалі прыходу маладога ўрача. Ангеліна Маслоўская працуе толькі першыя дні, але ўжо можна сказаць, што гэта адказны і старанны спецыяліст. Няхай усё ў яе атрымаецца, а мы пастараемся дапамагаць, падтрымліваць і, канешне, будзем вучыць і дзяліцца вопытам, – гаворыць загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі Таццяна Свінабурка.
З 1 жніўня працоўная ўрачэбная біяграфія пачалася і ва ўрача-афтальмолага Крысціны Цявянскай.

Акрамя трох урачоў,
у медыцынскім папаўненні-2026 і шасцёра прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу. Прычым для чацвярых з іх Ляхавіччына – малая радзіма.

Фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Анастасія Касцюкевіч родам з вёскі Літвы, медсястра хірургічнага аддзялення райбальніцы Паліна Міклашэвіч – з аграгарадка Нача. Медсястра агульнай практыкі Ганчароўскай АУАП Паліна Ігнатовіч цяпер будзе аказваць медыцынскую дапамогу сваім землякам. А зубны фельчар стаматалагічнага кабінета паліклінікі Андрэй Шыпавалаў родам з Галаўнінцаў.
Асноўнае першае працоўнае месца ў Анастасіі Касцюкевіч – аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі. А яшчэ на паўстаўкі малады спецыяліст уладкаваны фельчарам Адахаўшчынскага ФАПа. На пытанне, ці не цяжка будзе спраўляцца адразу на двух участках, дзяўчына адказвае:
– Галоўнае, правільна размеркаваць свае сілы. Мне падабаецца, калі ўсё ў руху. Калі б было страшна, то, напэўна, не стала б медыкам. Тым больш і прыклад побач – ёсць у каго вучыцца. Мая бабуля Валянціна Касцюкевіч не адзін дзясятак гадоў працавала ў райбальніцы фельчарам на хуткай, а цяпер дыспетчар тут, цётка таксама медык. Падчас вучобы ў Слонімскім медкаледжы летам працавала ў бальніцы ў Баранавічах, так што практыка ёсць. Маім прафесійным хрышчэннем на хуткай сталі выклікі па прычыне ўкусу шэршня, язвы страўніка і іншыя, куды я выязджала ў складзе
брыгады, – дзеліцца ўражаннямі Анастасія Касцюкевіч.
І калі для іншых навабранцаў-медыкаў усё толькі пачынаецца – і першыя пацыенты, і першыя дзяжурствы, – то Андрэй Шыпавалаў можа ўжо рабіць пэўныя высновы і пра прафесію, і пра тое, ці правільны ён зрабіў выбар на карысць медыцыны. Ён працуе ў паліклініцы з красавіка гэтага года.
Яшчэ адзін малады спецыяліст, які размеркаваўся на першае працоўнае месца ў Ляхавіцкую ЦРБ, – інжынер-электронік Андрэй Лузянін. Дарэчы, ён таксама зямляк – выпускнік Конькаўскай СШ.

– Сёлета не такое істотнае папаўненне маладых медыкаў ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны, як было раней. Але гэта ўсяго толькі лічбы. На справе кадравая сітуацыя ў нашым раёне спакойная. Што тычыцца сярэдняга медыцынскага персаналу, то на сёння ўкамплектаванасць складае больш за 98 працэнтаў. З кадрамі ўрачоў ёсць пэўныя праблемныя моманты, але яны вырашаюцца. Так, са жніўня пачаў працаваць яшчэ адзін урач-афтальмолаг, які вучыўся ў медуніверсітэце па мэтавым накіраванні. Дарэчы, яна сама родам з Ляхавічаў. Цяпер у ЦРБ два ўрачы-афтальмолагі. Пакуль не ўдалося ўкамплектаваць урачамі Ліпскую і Ганчароўскую амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Але гэта не значыць, што тутэйшае насельніцтва засталося без кваліфікаванай меддапамогі. Сюды прыязджаюць па графіку ўрачы з райбальніцы, – адзначае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Аляксей Майсей.

Якія пытанні найбольш хвалююць навічкоў-медыкаў? Перш за ўсё, фінансавая тэма. Што тычыцца матэрыяльнага стымулявання маладых спецыялістаў, то бонусаў нямала. У першую чаргу, размова ідзе пра ўсе выплаты, якія прадугледжаны заканадаўствам, у тым ліку і «пад’ёмныя». Надбаўкі да заработнай платы маладым спецыялістам складаюць 30 працэнтаў акладу. Акрамя таго, у калектыўны дагавор, які дзейнічае ў ЦРБ, уключаны пункт аб прадастаўленні жылля. Калі няма магчымасці маладому спецыялісту прадаставіць жыллё, у тым ліку арэнднае, то работніку выплачваецца штомесячна ці квартальна (на выбар) кампенсацыя за здыманне жылля. Кожны з навабранцаў-медыкаў разам з першым месцам атрымлівае і аднаразовую матэрыяльную дапамогу на першапачатковае бытавое ўладкаванне, расказвае старшыня прафсаюзнай пярвічкі Ляхавіцкай ЦРБ Сяргей Памазанскі.
У працяг жыллёвай тэмы. Як расказалі ў райбальніцы, у райвыканкам пада-дзены дакументы на прадастаўленне арэндных квадратных метраў тым навабранцам-медыкам, якія падалі адпаведную заяву.
– Канешне, вельмі важны мікраклімат у калектыве, камандны дух. Як і тое, як малады спецыяліст на сваім працоўным месцы можа прымяніць веды і практычныя навыкі, што атрымаў падчас вучобы і інтэрнатуры. Таму стараемся ствараць для маладых калег добрыя ўмовы для прафесійнага ўдасканалення. У нас традыцыйна на высокім ўзроўні наладжана наўстаўніцтва. Вось і сёлета за маладымі спецыялістамі замацаваны вопытныя калегі. Яны не толькі дапамогуць навічкам набірацца практычнага вопыту, але і паспрыяюць таму, каб папаўненне хутчэй адаптавалася ў калектыве. Для адміністрацыі Ляхавіцкай ЦРБ асабліва важна арганізаваць
работу маладых спецыялістаў так, каб яны прадоўжылі на Ляхавіччыне сваю працоўную біяграфію, – падкрэслівае Аляксей Майсей.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.