Да «Дажынак» рукой падаць. Як сталіца раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026» гатовіцца да падзеі?
Апошнія некалькі месяцаў Ліпск нагадвае суцэльную будаўніча-рамонтную пляцоўку. Сёлета на гэты аграгарадок ускладзена важная місія. Ён – сталіца раённага свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026» Не толькі арганізацыі выконваюць работы на замацаваных участках. Актыўна далучыліся да добраўпарадкавання і шматлікія памочнікі. Па традыцыі плённа працуюць у сталіцах раённых «Дажынак» прадстаўнікі дэпутацкага корпуса раёна. Вось і гэтым летам дэпутаты розных узроўняў пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Юрыя Чаранкевіча неаднойчы наводзілі парадак на розных аб’ектах населенага пункта. Прыбіраюць, чысцяць, фарбуюць на тэрыторыі сваіх устаноў педагогі і медыкі, работнікі культуры і райпо, іншых арганізацый.

Як праходзіць завяршальная стадыя падрыхтоўкі да раённых «Дажынак», каму варта паспяшацца і ўзмацніць актыўнасць, высвятлялі на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме.
Ход выканання распрацаваных мерапрыемстваў на кантролі ў старшыні Крывошынскага сельвыканкама Сяргея Баргамона. Задачы пастаўлены па розных аб’ектах і па розных сферах. Як яны выконваюцца, разглядаецца падчас выязной работы штаба па падрыхтоўцы да «Дажынак».
Не застаюцца ўбаку і аграгараджане. Жыхары Ліпска ўдзельнічаюць у справе агульнай важнасці. Так, падчас аднаго з суботнікаў падрыхтавана тэрыторыя для ўстаноўкі дзіцячай спартыўнай пляцоўкі ў межах рэалізацыі грамадзянскай ініцыятывы «Спорт для ўсіх». Дарэчы, пляцоўка бу-дзе ўстаноўлена ў бліжэйшыя дні. Акрамя навядзення парадку на тэрыторыях агульнага карыстання, жыхары Ліпска шчыруюць і на ўласных падворках. Ужо ўстаноўлена 12 новых агароджаў на падворках грама-дзян, 10 пафарбаваны.
Прадпрыемствы і арганізацыі Ляхавіччыны ўпрыгожваюць разнастайнымі малымі архітэктурнымі формамі дажыначную сталіцу. А пляцоўкі для іх устаноўкі таксама падрыхтавалі мясцовыя жыхары.

Работы ў зоне сваёй адказнасці выканаў і раён газазабеспячэння: напрыканцы чэрвеня завершаны работы па аб’екце «Будаўніцтва размеркавальнага газаправода да жылых дамоў у аграгарадку Ліпск». Значны ўчастак работ быў замацаваны за ДРБУ-200. У прыватнасці, заасфальтаваны аграгарадскія вуліцы Савецкая, Камсамольская, Кастрычніцкая, Новая, аўтобусны прыпынак па вуліцы Савецкай, пешаходныя дарожкі каля школы, аўтамабільная стаянка каля амбулаторыі ўрача агульнай практыкі і магазіна «Родны кут». Прадаўжаюцца работы па ачыстцы паласы адводу аўтамабільнай дарогі Крывошын – Ліпск ад драўнінна-хмызняковай расліннасці. У ачыстцы дарог дапамагаюць і прадпрыемствы раёна, у прыватнасці, лясгас, кансервавы, малочны заводы, камунгас, ільнозавод і торфабрыкетны завод, вузел электрасувязі.
У заліку зробленага і наступныя адрасы. Адрамантаваны і пафарбаваны фасад і дах магазіна райпо, лазні і кацельні камунгаса, адміністрацыйнага будынка СУП «Ліпнянка». Заменены вокны, зроблены рамонт фасада Ліпскага СДК, у стадыі завяршэння рамонт прыступак уваходнай групы ўстановы культуры. Набліжаюцца да завяршэння работы па рамонце будынка сталовай і гасцініцы
СУП «Ліпнянка».
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што неабходна паскорыць тэмпы азначаных работ, але пры гэтым не забываць пра якасць.
Прадоўжыў тэму і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч, які, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў, нагадаў, што няма патрэбы адкладваць на потым тое, што можна зрабіць цяпер.
І яшчэ пра добраўпарад-каванне. Праз некалькі тыдняў аграгарадок Жамчужны бу-дзе вітаць удзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2026». І шэраг дэлегацый раёнаў Брэстчыны ў Баранавіцкі раён будзе праязджаць праз Ляхавіччыну. Таму, як адзначыў Мікалай Мароз, справа гонару – падтрымаць наведзены парадак у кожным населеным пункце, каб было
не сорамна.
Галіна КАНЬКО.

