Тут даўно павінен быць дом! У цэнтры ўвагі рэйдавай групы — закінутыя ўчасткі

Хтосьці настойліва ідзе да сваёй мары, цаглінка за цаглінкай будуе ўтульны дом. А іншы, атрымаўшы ўчастак пад будаўніцтва, вырошчвае на ім бур’ян у рост чалавека.

Падлеская, Васільковая, Рабінавая, Дружная, Маладзёжная, Вайцешыка – на гэтых, як і, дарэчы, некаторых іншых вуліцах нашага райцэнтра, ёсць такія «славутасці». Размова ідзе пра ўчасткі, выдзеленыя грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома. У іх гаспадароў не хапіла фінансаў, сіл, часу, а, магчыма, жадання, каб пабудаваць жылы дом ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.
Менавіта такія ўчасткі трапілі ў поле зроку рэйдавай групы ў складзе прадстаўнікоў аддзелаў землеўпарадкавання, архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама, карэспандэнта «ЛВ».
Даволі-такі акуратная гаспадарчая пабудова, сад, а замест дома –
трава – такая карціна вось ужо дзясяткі гадоў існуе па адрасе: Падлеская, 23. Як расказалі ў аддзеле землеўпарадкавання, участак быў вы-дзелены ляхавічаніну для будаўніцтва дома. Згодна з заканадаўствам, на працягу першага года неабходна распачаць будаўніцтва дома, якое павінна быць завершана на працягу трох гадоў. Спачатку ўласнік рабіў усё, як і належыць. Пабудаваў гаспадарчую пабудову, і на гэтым кропка. За нямэтавае выкарыстанне зямельнага ўчастка яго гаспадар прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці.
За мінулы год 12 чалавек (сёлета 6) прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за невыкарыстанне па мэтавым прызначэнні зямельных участкаў
ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.

Пастановай суда адабраны аб’екты незавершанага будаўніцтва па Мала-дзёжнай, 9, Васільковай, 5, Рабінавай, 5,
і па рашэнні райвыканкама ў гаспадароў адабраны зямельныя ўчасткі. Сёння праходзіць аўкцыён па рэалізацыі азначаных участкаў.
У аддзеле землеўпарадкавання патлумачылі: калі ў гаспадара не атрымліваецца завяршыць будаўніцтва дома ва ўстаноўленыя тры гады, ён можа звярнуцца ў райвыканкам (але не пазней, чым за 6 ме-сяцаў да завяршэння ўстаноўленага тэрміну будаўніцтва) за дазволам на прадаўжэнне работ. Калі зноў нешта пайшло не так, то ўласнік можа зноў жа звярнуцца ў райвыканкам з заявай аб часовай кансервацыі будаўніцтва. Як бачна, магчымасцяў, каб усё ж давесці да канца справу і ўзвесці ўласнае жыллё, нямала. Але ўсё трэба рабіць у адпаведнасці з законам.
За бур’яном і хлява не відаць.
Гэта пра зямельны ўчастак, які знахо-дзіцца па адрасе: Маладзёжная, 9. Якіх тут толькі раслін не ўбачыш, у тым ліку і небяспечны залатарнік канадскі тут раскватараваўся. І па гэтым участку выйшлі ўсе тэрміны, па якіх гаспадары маглі афіцыйна прадоўжыць і завяршыць будаўніцтва дома. Участак адабраны і выстаўлены на аўкцыён.
Пастаўлены фундамент, узведзены сцены, абазначаны вокны і дзверы… На гэтым будаўніцтва спынілася. А вось бур’ян спыняцца расці і не збіраецца – зарасло дык зарасло. Адрас – Рабінавая, 5 (фота 1).


Амаль аналагічная сітуацыя з зараснікамі і на Вайцешыка, 6 (фота 2)
і на Рабінавай, 18.


Невыкананне мер па ахове зямлі, нямэтавае выкарыстанне зямельнага ўчастка, невыкананне работ ва ўстаноўленыя тэрміны – дзве пастановы суда вынесены ў адносінах да гаспадара ўчастка па адрасе Дружная, 65 (фота 3).

Былі выдадзены прадпісанні на ўхіленне, аднак уласнік участка патрабаванні ігнаруе. І выпраўляць сітуацыю – наводзіць парадак і
будаваць дом – яўна не збіраецца.
А тут замест добраўпарадкавання – джунглі. Каб скасіць, патрабуецца яўна не трымер…
Які далейшы лёс такіх участкаў? Як адзначылі ў аддзеле землеўпарадка-вання, пакуль дарога адна – адабранне
і аўкцыён. Магчыма, ім пашчасціць, і знойдуцца новыя гаспадары.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.