Камунальны панядзелак

Камунальны – абазначае агульны. І адно толькі гэта дае разуменне шматграннасці спектра пытанняў вытворчай кампетэнцыі прадпрыемстваў камунальнай гаспадаркі, іх усеагульнай значнасці. Усе мы з’яўляемся карыстальнікамі паслуг камунальнікаў. Многія непасрэднымі і абсалютна залежнымі, калі ж не, то ў той ці іншай ступені. І, канешне, зацікаўлены і маем права разлічваць на іх максімальную якасць, паўнату і своечасовасць аказання. А гэта ўжо прафесійны абавязак тых, хто працуе ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” у нашым выпадку.

У адзін з нядаўніх панядзелкаў дырэктар прадпрыемства Аляксандр Мядзвецкі праводзіў “прамую тэлефонную лінію” з жыхарамі горада і раёна. На сувязь з кіраўніком ЖКГ выйшлі 10 чалавек. Некаторыя – не з адным і нават не з двума пытаннямі. Выказваліся прапановы і пажаданні, удакладняліся магчымасць і тэрміны выканання нейкіх канкрэтных работ, былі і не задаволеныя якасцю аказання паслуг. Каб “зняць” асобныя пытанні, аказалася дастаткова абгрунтаваных тлумачэнняў дырэктара, вырашэнне іншых запатрабавала часу і дадатковых мерапрыемстваў. Аднак факт: “пачуты” былі абсалютна ўсе абаненты.

З сельскай мясцовасці паступіла некалькі тэлефанаванняў. Мікалай Сокал з Галаўнінцаў паскардзіўся на дрэннае паступленне вады ў кватэру. Маўляў, недастаткова напору ў сістэме,  бо дом знаходзіцца на горцы.

У выніку абследавання высветлілася, што рэальнай прычынай нязручнасцяў з’яўляецца зарастанне ўнутранага трубаправода. Праведзеныя ў хуткім часе спецыялістамі ЖКГ работы па прамыўцы сістэмы аказаліся выніковымі: ціск вады нармалізаваўся.

Яшчэ абанент скардзіўся на недастатковы прагрэў ацяпляльных батарэй у кватэры. Праведзены ў прысутнасці гаспадара маніторынг засведчыў адпаведнасць тэмпературнага рэжыму памяшкання нарматыву сацыяльнага стандарту. Аднак   для паляпшэння якасці функцыянавання сістэмы ўласніку жылля сумесна з гаспадарамі суседняй кватэры прапанавана да пачатку наступнага ацяпляльнага сезона зрабіць яе прамыўку.

У адным з памяшканняў кватэры Ірыны Суднік з вёскі Каранеўшчына ўтварылася цвіль. Патэлефанавала з просьбай правесці абследаванне. Просьба была задаволена. Абследаванне паказала неабходнасць рамонту стыкаў панэляў дома. Выкананне работ запланавана на чэрвень бягучага года.

Званок з Жарабковічаў нагадаў аб не новай праблеме. Валянціна Кузняцова паскардзілася на якасць ацяплення, што падаецца з мясцовай кацельні, на нізкую тэмпературу паветра ў кватэры. У ходзе “прамой лініі” дадзены тлумачэнні, што з мэтай выканання цеплавога рэжыму на аб’ектах сацкультбыту аграгарадка Жарабковічы ў 2012 годзе плануецца рэканструкцыя кацельні з заменай існуючых катлоў на больш  прадукцыйныя. А вось праведзенае камісіяй жылкамунгаса абследаванне жылых памяшканняў кватэры Валянціны Кузняцовай на прадмет адпаведнасці тэмпературнаму рэжыму адхіленняў ад патрабаванняў стандарту не выявіла.

Пытанні жыхароў райцэнтра тычыліся капітальнага рамонту дамоў і добраўпарадкавання тэрыторый, функцыянальнасці трубаправодных сістэм і вулічнага асвятлення, нюансаў, звязаных з аплатай камунальных паслуг, і іншага.

“Калі будзе праводзіцца капітальны рамонт нашага дома?”, – звярнулася на прамую лінію жыхарка дома №5 па вуліцыЧкалава Уладзіслава Глобуз. Адказам стала тлумачэнне, што неабходная для таго праектна-каштарысная дакументацыя ўжо рыхтуецца. Рамонт будзе выкананы пры ўмове і ў залежнасці ад тэрмінаў фінансавання. Такое ж пытанне задала  Тамара Лойка. Адказ: “У графік правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду па КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” на перыяд з 2010 па 2015 гады дом №48а па вуліцы Леніна не ўключаны”. Пры гэтым вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый з 44 па 52 дамы названай вуліцы.

Таксама добраўпарадкаваннем тэрыторыі, але ўжо вакол дома №11 па вуліцы Гагарына цікавіўся адзін з яго жыхароў Аляксандр Хмарук. “Падобнага кшталту работы, – адказаў Аляксандр Мядзвецкі, – запланаваны на другі квартал бягучага года”.

Гучыць як каламбур: на вуліцы Сонечнай у Ляхавічах не хапае святла. Менавіта на недастатковасць вулічнага асвятлення паскардзілася на прамую лінію жыхарка дома №10 Зінаіда Русак. Пасля праведзенага абследавання спецыя-лісты ЖКГ з пастаноўкай пытання пагадзіліся. Больш таго, як вынікае з атрыманага рэдакцыяй адпаведнага дакумента, у тэрмін да 12 сакавіка камунальнікі  “адкарэктавалі” асвятленне вуліцы Сонечнай.

Ляхавічанка Тамара Бурак паставіла пытанне магчымасці аплаты паслуг асенізацыйнай машыны вадзіцелю. Маўляў, пенсіянерка, і кожны раз наведвацца для гэтага ў бухгалтэрыю прадпрыемства цяжкавата. А і не давядзецца: у ходзе “прамой тэлефоннай лініі” дадзена тлумачэнне, што аплату паслугі магчыма будзе ажыццявіць непасрэдна ў вадзіцеля.

Калі ж паспрабаваць “ранжыраваць” пытанні з “прамой тэлефоннай лініі” дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, відавочна, найбольш часта паўтараліся тыя з іх, што тычыліся функцыянавання камунальных трубаправодных сетак. Недзе каналізацыю прарвала, у другім выпадку – даў цечу водаправод. Рэакцыя на падобнага кшталту тэлефонныя звароты была аператыўнай. Няспраўнасці ліквідаваліся на працягу вызначаных рэгламентам тэр-мінаў.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *