Соль для зямлі. Аграрыі Ляхавіцкага раёна працуюць на будучы ўраджай

Не прастымуляваў глебу арганічнымі рэчывамі і мінеральнымі солямі – разлічваць на добры ўраджай сельскагаспадарчых раслін надзеі мала. Неаспрэчны факт, што аграрная тэхналогія, тэрміны выканання работ, дакладнасці з падборам і адборам насеннага матэрыялу таксама з’яўляюцца важнымі складнікамі ўрадлівасці. Але калі сеяць без тукаў – не выручаць і яны.

Азотныя, фосфарныя і калійныя. Скарочана NPK, што і з’яўляецца прынцыповай формулай урадлівасці.
І, здаецца, у бягучым сезоне ў аграрыяў раёна ёсць магчымасць сабраць гэту формулу дастаткова поўна. Згодна з атрыманай ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні інфармацыі, пад азімую сяўбу-2022 ляхавіцкія аграрыі, па стане на 5 кастрычніка, ужо назапасілі 2256 тон дзеючага рэчыва мінеральных удабрэнняў. Нямала, амаль на тысячу тон перавышае аналагічны запас мінулага года і складае 122 працэнты ад патрэбнасці. Акрамя «Начы», усе нашы гаспадаркі («Жарабковічы», «Шлях новы», «Белпрампрыбор», «Ляхавіцкі», «Ліпнянка», «Белазем’е») гарантавалі сабе ў гэтым плане адносны вытворчы камфорт. А ў выпадку з замыкаючым пералік сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемствам можна нават гаварыць пра камфорт абсалютны. У адрозненне ад даволі сціплага па наяўнасці тукаў мінулага года, пад правядзенне сёлетняй азімай кампаніі прадпрыемства поўнасцю ўжо «напрацавала» для сябе прыведзеную раней формулу ўрадлівасць. Як у цэлым, так і па наяўных запасах кожнага з трох яе элементаў. Забяспечанасць азотнымі ўдабрэннямі складае ў «Белазем’і» амаль дзве з паловай нормы ад патрэбнасці, калійнымі – у нязначна меншай ступені, фосфарнымі – пад патрэбнасць. Іншыя нашы гаспадаркі працягваюць працаваць над папаўненнем запасаў хоць нейкага з найменняў мінеральнай солі ўрадлівасці. Калі з каліем усё і ва ўсіх можа і не цудоўна, то, як мінімум, дастаткова для правядзення азімай пасяўной кампаніі, а фосфарнымі ўдабрэннямі раённыя аграрыі забяспечаны ў сярэднім на 36-37 працэнтаў ад патрэбных аб’ёмаў. Найгоршае становішча ў
СУП «Ліпнянка» і ЗАТ «Белпрампрыбор», запасы фосфару ў якіх складаюць толькі 18 і 7-8 працэнтаў адпаведна. Факт, які выклікае заклапочанасць у кіраўніцтва райсельгасхарчу за якасць правядзення пасяўной.
У сельскай гаспадарцы катэгорыяй «прыемны-непрыемны» ў дачыненні дажджу разважаць не прынята. Іншая справа – патрэбны-непатрэбны.
– Тры дні практычна не працавалі. Дождж прыпыніў у палях усе работы. І ўборачныя, і пасяўныя, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Іван КАВАЛЕНКА.