Бяромся за справу, землякі! Што выявіў чарговы рэйд па добраўпарадкаванні

 У Ляхавіцкім раёне стартаваў месячнік па навядзенні парадку. Праўда, надвор’е крыху «падмачыла» яго пачатак, але ўсё ж працэс добраўпарадкавання і навядзення чысціні пачаўся, няхай пакуль і павольна. Праманіторыць чарговы раз сітуацыю
з чысцінёй і парадкам у райцэнтры ў мінулую сераду адправіліся супрацоўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама і «ЛВ».

Даволі часта падчас рэйдаў звярталася ўвага на непрэзентабельны выгляд тэрыторыі каля адміністрацыйнага будынка ДЭУ-24 па вуліцы 60 гадоў Кастрычніка ў Ляхавічах. Па-ранейшаму не дайшлі рукі, каб, у рэшце рэшт, разабрацца з трухлявым пнём, які псуе агульны выгляд. Ды і вакол не лішнім было б  прыбрацца. Напэўна, не патрабуе шмат намаганняў і прывядзенне ў парадак уваходных дзвярэй у памяшканне, падмурка будынка.
Раней былі заўвагі да добраўпарадкавання аўтадрома, на момант рэйду засталася адна – тэрыторыя патрабуе падкошвання.
У двары, дзе знаходзіцца адміністрацыйны будынак Ляхавіцкага лясніцтва, шмат кветак, кустоўя, вакол уладкавана, прыбрана, відаць, што працуюць тут дбайныя гаспадары. Праўда, знайшлася лыжка дзёгцю. Патрабуе неадкладнага выдалення аварыйнае дрэва, якое знаходзіцца з вонкавага боку агароджы. Як адзначыў ляснічы Віктар Заяц, тутэйшыя работнікі стараюцца наводзіць і падтрымліваць парадак, а аварыйнае дрэва будзе выдалена.
Толькі станоўчыя ўражанні і адсутнасць заўваг у плане чысціні ад тэрыторый, што знаходзяцца ў зоне адказнасці райбальніцы, райЦГіЭ, раёна электрасетак, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Падчас маніторынгу выявілася яшчэ адна цікавая акалічнасць. У некаторых арганізацый і прадпрыемстваў з цэнтральнага ўвахода – амаль ідэальны парадак, а варта зайсці з тыльнага боку – зусім іншая карціна.
– Сярод шэрага мерапрыемстваў у межах падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона арганізацыі і прадпрыемствы, якія ацяпляюць памяшканні мясцовымі відамі паліва, павінны былі зрабіць навесы для іх захоўвання. А вось дошкі, скінутыя за магазінамі «Мэбля» і «Гаспадарчыя тавары» па вуліцы Камсамольскай, раскіданы і без навеса, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк, які таксама прыняў удзел у рэйдзе.
Такога кшталту рэйды будуць праводзіцца на пастаяннай аснове і з прыцягненнем супрацоўнікаў санітарнай і прыродаахоўнай службаў на тэрыторыі як горада, так і сельскіх населеных пунктаў. Далучаемся, землякі, да чыстага месячніка. Папрацуем дзеля агульнай прыгажосці, утульнасці і чысціні.

Галіна КАНЬКО.