Навука – гэта крута! 28 доказаў ад школьнікаў. Раённы конкурс даследчых работ амаль 20 гадоў з’яўляецца пляцоўкай для раскрыцця здольнасцяў школьнікаў Ляхавіччыны

Раённы конкурс даследчых работ амаль 20 гадоў з’яўляецца пляцоўкай для раскрыцця здольнасцяў школьнікаў Ляхавіччыны

Што агульнага паміж лексічнымі і сінтаксічнымі сродкамі выразнасці ў загалоўках раёнкі, лёсамі ваенных лётчыкаў, якія загінулі пры выкананні баявога задання на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна ў чэрвені 1941 года, якасцю вады ў рацэ Ведзьме і ўплывам інтэрнэт-слэнгу на мову падлеткаў? Усё гэта і многае іншае – тэмы даследаванняў ляхавіцкіх старшакласнікаў, прадстаўленых на навукова-практычнай канферэнцыі «З навукай у будучыню».

На мінулым тыдні СШ № 1 зноў ператварылася ў сапраўдны навуковы цэнтр, дзе сабраліся 9–11-класнікі школ раёна, якія прадставілі на суд журы 28 даследчых работ у 14 секцыях. Удзельнікі прадэманстравалі не толькі глыбокія тэматычныя веды і цікавасць да гісторыі роднага краю, але і імкненне да вырашэння актуальных праблем.
Па выніках раённага конкурсу дыпломамі I, II, III ступеняў адзначаны 11 навучэнцаў, 17 – падзякамі. Чатыры дыпломы заваявалі юныя навукоўцы з СШ № 1, у якіх дыплом I ступені і тры дыпломы II ступені. У гімназіі – тры дыпломы (два – II ступені і адзін – III ступені),
у СШ № 2 – два (II і III ступеняў), два дыпломы — II  і III ступеняў  у Тухавіцкай СШ.

Інтарэс навучэнцаў рознабаковы. Дыпломам I ступені адзначана дзевяцікласніца СШ № 1 Ксенія Каролік за даследаванне ўплыву рэгулятараў росту на захаванасць буракоў сталовых, выкананае
пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Ліліі Маслоўскай. На аснове атрыманых даных яны пераканаліся, што карысны караняплод можна захаваць у дамашніх умовах на працяглы тэрмін з выкарыстаннем падручных сродкаў, такіх як пясок, пілавінне, гліна і іншыя, а таксама ў поліэтыленавых пакетах. А выкарыстанне рэгулятараў росту дапамагае палепшыць ураджайнасць буракоў, павысіць устойлівасць да захворванняў і спрыяе захаванасці.
У секцыі «Гісторыя – культурная спадчына і сучаснасць» адзінаццацікласніца СШ № 1 Дар’я Скрыпнік прэзентавала даследаванне брацкай магілы на плошчы Перамогі ў Ляхавічах. Як падкрэсліла старшакласніца, вывучэнне брацкіх пахаванняў дазваляе не толькі аднавіць імёны загінулых, але і зразумець маштаб траге-
дыі і веліч подзвігу савецкага народа. А практычнае значэнне даследавання ва ўдакладненні і дапаўненні спіса загінулых, змешчаным у кнізе «Памяць. Ляхавіцкі раён», стварэнні
Каталога «Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан. Воінскае пахаванне № 98 на плошчы Перамогі ў Ляхавічах». Наш райцэнтр знаходзіўся пад нямецка-фашысцкай акупацыяй з 26 чэрвеня 1941 года па 6 ліпеня 1944 года і быў вызвалены падчас Беларускай
наступальнай аперацыі «Баграціён» фарміраваннямі 1-га Беларускага фронту, якія вялі наступленне ў напрамку Бабруйск –
Слуцк – Баранавічы – Брэст. Памяць пра герояў Вялікай Айчыннай вайны ўвекавечана ў назвах вуліц. Пра іх памятае падрастаючае
пакаленне!
Перапахаванне з усіх брацкіх і адзіночных пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі горада і бліжэйшых вёсак у брацкую магілу ў Ляхавічах адбылося ў красавіку 1953 года, а ў 1955 годзе
была ўстаноўлена скульптура ў выглядзе двух воінаў. Сёння ў брацкай магіле пахаваны 268 воінаў і партызан, якія загінулі ў баях за горад Ляхавічы.
– Навукова-практычная канферэнцыя «З навукай у будучыню» застаецца важным інструментам выяўлення і падтрымкі адоранай моладзі, спрыяючы рознабаковаму развіццю падрастаючага пакалення і ўмацаванню цікавасці да разнастайных з’яў і падзей. Канферэнцыя праводзіцца з 2008 года, і за 18 гадоў стала сапраўднай кузняй маладых талентаў, на прафесійнае вызначэнне якіх уплывае менавіта даследчая дзейнасць, – адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.