Дрэвы растуць… па закону

У інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паступаюць пытанні, якія датычаць законнасці і парадку высечкі дрэў і кустоўя на тэрыторыі населеных пунктаў і на ўласных зямельных участках.
Згодна Закона Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”, планаванне і развіццё населеных пунктаў і тэрыторый павінна праводзіцца з улікам захавання біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці. У абавязковым парадку прадугледжваюцца мерапрыемствы па азеляненні тэрыторый і выкананне работ з улікам захавання існуючых насаджэнняў. Калі пры будаўніцтве, рэканструкцыі, ліквідацыі будынкаў нельга зберагчы дрэвы і кустоўе, то іх выдаленне па агульнаму правілу робіцца ў адпаведнасці з дазволам мясцовага выканаўчага і распарадчага органаў. Ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку насаджэнні патрэбна аднавіць.
А вось для грамадзян, якія маюць зямельныя ўчасткі ў пажыццёвым уладанні з магчымасцю перадачы іх у спадчыну, ці якія арандуюцца, іншыя правілы. Яны маюць права без дазволу мясцовага выканаўчага і распарадчага органаў выдаляць дрэвы, што растуць у межах гэтых участкаў, акрамя выпадкаў, калі на асобныя расліны ўстаноўлена забарона.
Грамадзяне і юрыдычныя асобы, у інтарэсах якіх праводзіцца высечка дрэў ці кустоўя на землях агульнага карыстання, павінны звярнуцца з заявай у мясцовыя органы ўлады, і на працягу 30 дзён будзе прынята адпаведнае рашэнне. Пры гэтым заяўнік нясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам за сапраўднасць пададзеных звестак. У кожным сельвыканкаме раёна створана спецыяльная камісія, якая папярэдне вывучае сітуацыю.
Тыя, хто бяздумна высякае дрэвы і кустоўе або наносіць шкоду газонам, кветнікам, будуць несці адказнасць згодна Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь: штраф на грамадзян ад 10 да 200 базавых велічынь, на юрыдычных асоб – ад 20 да 300 базавых велічынь.
Аляксандр КУРЛОВІЧ, галоўны спецыяліст райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *