Маладзёжнаму атраду аховы правапарадку «Сапсан» Ляхавіцкага аграрнага каледжа ўручаны пасведчанні дружыннікаў

Маладзёжны атрад аховы правапарадку «Сапсан» Ляхавіцкага аграрнага каледжа ва ўстанове дзейнічае гадоў дзесяць. Сярод задач, якія стаяць перад байцамі – забеспячэнне дысцыпліны і грамадскага парадку падчас разнастайных мерапрыемстваў, урэгуляванне канфліктных сітуацый і г.д.

Іх дапамога адчувальная і ў інтэрнаце, і ў сумесных рэйдах з супрацоўнікамі РАУС і Асвода па месцах масавага адпачынку насельніцтва раёна. Майстар-клас па аказанні дапамогі пацярпелым для іх арганізоўваюць выратавальнікі РАНС.
Аўтарытэт “сапсанаўцаў” сярод навучэнцаў – высокі і бяспрэчны. Камандзірам у іх трэцякурснік агранамічнага аддзялення Юрый Скіпар, а курыруе дзейнасць рабят кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ігар Гусак і выхавальнік Алег Максімчык.
Трапіць у атрад не так проста. Сёлета, напрыклад,прайшоў  сапраўдны кастынг з жадаючых, якія прадастаўлялі характарыстыкі ад выхавальнікаў і куратараў груп.

Намеснік дырэктара ЛАКа Таццяна Траццяк падкрэслівае, што, каб стаць “сапсанаўцам”, неабавязкова мець высокія адзнакі – вітаецца мабільнасць, жаданне дапамагаць і не лічыцца з асабістым часам. Канешне, запатрабаваны фізічная падрыхтоўка, дысцыплінаванасць і адказнасць. З такімі крытэрыямі сёлета адбылося абнаўленне атрада, куды ўвайшлі юнакі з розных аддзяленняў і курсаў.


Паўтара месяца яны знаходзіліся ў статусе стажораў і тэрмін выпрабавання вытрымалі здавальняюча.

12 кастрычніка ў раённым аддзеле ўнутраных спраў ва ўрачыстай абстаноўцы юнакам уручылі пасведчанні, якія засведчаюць асобу. З гэтага моманту, адзначыў намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок, “Сапсанаўцы” залічаны ў рады дружыннікаў па ахове грамадскага парадку. Рабят  з важнай падзеяй павіншавалі і начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук, інспектар па справах непаўналетніх Анастасія Карпік. Для іх  была праведзена экскурсія па музею  міліцыі, расказана пра гісторыю і традыцыі райааддзела ўнутраных спраў. Таксама юнакі атрымалі запрашэнне на службу ў РАУС.