Новая жывёлагадоўля?

Грамадскі сектар жывёлагадоўлі раёна працуе з дынамікай. На фоне пакуль невялікага і не ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях росту асноўных вытворчых паказчыкаў значэнне набывае сам факт прысутнасці станоўчай тэндэнцыі.

Жывёлавод ААТ «Шлях новы» Святлана Цыкман працуе
ў рэканструяваным цялятніку.

За дзевяць сёлетніх месяцаў жывёлагадоўля Ляхавіччыны прыбавіла і па паказчыку валавога надою, і ва ўдойнасці сярэдняй каровы, і што тычыцца якасці атрыманага малака. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года вал малака аказаўся большым на 1,2 працэнта, сярэдняя ўдойнасць перавысіла яе леташнюю на 124 кілаграмы. Удзельная ж вага малака, прададзенага гатункамі экстра і вышэйшы, павялічылася на 4,7 пункта і дасягнула сур’ёзных амаль што 95 працэнтаў.
Гэты параўнальна невялікі рост вытворчых паказчыкаў «справакавалі» не адной, не дзвюма, а комплексам мер. Здаецца, гаспадаркі раёна больш ашчадна і мэтанакіравана сталі працаваць са сваімі кармавымі балансамі – пашай і корманарыхтоўчымі ўгоддзямі. Толькі ў гэтым годзе ў сельгасарганізацыях раёна з’явіліся дзясяткі гектараў новых пасеваў люцэрны. Высокабялковая культура, здольная даваць да чатырох ураджаяў за сезон. Для жывёлагадоўлі асобных прадпрыемстваў раёна яна стала калі не палачкай-выручалачкай, то нядрэнна падтрымала ў плане кармавой забяспечанасці.
Усё менш становіцца ў раёне «дрэнных» кароў – нізкапрадукцыйных, утрымліваць якіх не з’яўляецца эканамічна абгрунтаваным. Хоць і павольна, але іх месца ў стойле займаюць новыя жывёлы. Такога кшталту «ракіроўка» асабліва характэрна для асобных нашых гаспадарак.
Зараз, напярэдадні і з хуткім ужо наступленнем стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы важна ўмацавацца ў сваіх пазіцыях, недапусціць спаду вытворчасці, а лепш – нарасціць сярэднія ўдоі, валавы надой, сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме.
Здаецца, для гэтага ў сельгаспрадпрыемстваў раёна ёсць неабходны патэнцыял. У першую чаргу гаворка вядзецца пра «кармавы стол». Для раслінаводаў і раслінаводства сезон-2022 склаўся дастаткова ўраджайна.
У аграрыяў атрымалася нарыхтаваць нядрэнныя аб’ёмы сенажу. Прычым нарыхтоўку вялі і па класічнай траншэйнай тэхналогіі, і з выкарыстаннем рулонных прэсаў-упакоўшчыкаў у плёнку, а асобныя з суб’ектаў гаспадарання закладвалі сянажную масу ў так званы поліэтыленавы рукаў.
Факт ураджайнасці сёлетняга сезона знайшоў сваё пацвярджэнне і на прыкладзе кукурузы. Па паказчыку важкасці «зялёнага» кукурузнага гектара ляхавіцкія аграрыі знахо-
дзяцца ў ліку абласных лідараў. На працягу сіласанарыхтоўчай кампаніі нашы сельскагаспадарчыя арганізацыі вельмі істотна папоўнілі свае кармавыя балансы – да сенажу дабавіліся многія тысячы тон каштоўнага па многіх пазіцыях кукурузнага сіласу.
А, між тым, корманарыхтоўка не завершана. Яна працягваецца, у тым ліку і на этапе ўборкі кукурузнага зерня. На прайшоўшым каля тыдня назад раённым семінары-нарадзе пад назвай «Падрыхтоўка жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы» сольнае гучанне атрымала пытанне па плюшчэнні і ўпакоўцы ў поліэтыленавы рукаў кукурузнага зерня, аб чым «Ляхавіцкі веснік» паведаміў у сваім папярэднім нумары. Кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і ветэрынарныя ўрачы раёна яшчэ раз узгадалі і паглядзелі практычны бок выканання названай тэхналагічнай працэдуры, атрымалі наказ кіраўніцтва раёна нарыхтаваць для сваіх статкаў не менш як па тоне такога кшталту корму на кожную
карову.
Семінар-нарада стартавала на МТФ «Навасёлкі» ААТ «Шлях новы», дзе, акрамя працэсу плюшчэння, яго ўдзельнікам было прадэманстравана адрэканструяванае жывёлагадоўчае памяшканне. Яму не адзін год, а, магчыма, і дзесяцігоддзе, апошнім часам, як паведамілі, тут утрымліваліся сухастойныя каровы. Па словах дырэктара ААТ «Шлях новы» Андрэя Коктыша, памяшканне было цёмнае, сырое, жывёлам, што тут утрымліваліся, не хапала свежага паветра. Было прынята рашэнне аб неабходнасці рэканструкцыі, да чаго і прыступілі каля трох з паловай месяцаў назад. Сёння старое цёмнае выглядае новым светлым, на ўтрыманні ўжо знаходзіцца маладняк буйной рагатай жывёлы.
– Была «душагубка», і ў першую чаргу ставілася задача запусціць у памяшканне святло, свежае паветра і ваду, – адзначае дырэктар «Шляху новага».

ПРАЦЯГ ЧЫТАЙЦЕ Ў «ЛЯХАВІЦКІМ  ВЕСНІКУ» ад 19 кастрычніка

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.