З назіральна-прафілактычнай місіяй. У Ляхавіцкім раёне працягваюць дзейнасць назіральныя камісіі

У раёне працягваюць дзейнасць назіральныя камісіі, якія ў складзе прадстаўнікоў РАНС, РАУС, ТЦСАН, Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння і раёна электрасетак, сельвыканкамаў, устаноў адукацыі, камунальнікаў, медыкаў наведваюць адзінокіх і адзінока пражываючых землякоў, інвалідаў і сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

У цэнтры ўвагі назіральнай камісіі – шматлікія пытанні, сярод якіх праверка супрацьпажарнага стану. Згодна з пажарнай статыстыкай, большасць узгаранняў у раёне адбылася з-за няспраўнага пячнога ацяплення і праводкі. Але з парадку дня не здымаюцца і спраўнасць газавага абсталявання, камунальныя і іншыя пытанні. Ды і чарговы візіт медыкаў толькі плюс для пажылога чалавека. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама штотыдзень падводзяцца вынікі зробленага. Начальнік РАНС Юрый Буйкевіч расказаў, што з 7 па 13 кастрычніка назіральныя камісіі з прафілактычнай місіяй працавалі ў Ганчароўскім, Крывошынскім, Альхоўскім, Востраўскім сельсаветах і ў Ляхавічах.
У выніку абследавана 147 домаўладанняў, з якіх 89 адзінокіх пажылых грамадзян, 30 адзінокіх інвалідаў, 25 мнагадзетных сем’яў, аднаго адзінока пражываючага пенсіянера, асобы, якая злоўжывае спіртнымі напіткамі, і сям’і, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Сярод выяўленых праблем пераважае нездавальняючы стан печаў і іх няправільная эксплуатацыя. На другім месцы – адсутнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах і кватэрах, некаторыя з АПА не працуюць. Узніклі ў спецыялістаў і сумненні ў бяспецы электрычнай праводкі, маюцца парушэнні правіл тэхнікі бяспекі пры карыстанні электрычных установак і г. д.
Некаторыя пытанні ўхіляліся спецыялістамі на месцы, расказаў начальнік РАНС. Напрыклад, за кошт сродкаў раённай арганізацыі «Белая Русь» устаноўлены аўтаномны пажарны апавяшчальнік, за кошт раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа заменена сем сілкавальных элементаў. Супрацоўнікі ТЦСАН прынялі пяць заяў на аказанне матэрыяльнай дапамогі для ўхілення выяўленых парушэнняў, і ўжо ў адным выпадку работа выканана. У трох домаўладаннях адзінокіх пажылых грамадзян аказана садзейнічанне ў рамонце пячнога ацяплення. Далей маршрут назіральных камісій пройдзе праз Конькаўскі, Навасёлкаўскі, Жарабковіцкі, Начаўскі і Ганчароўскі сельсаветы.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу на максімальным прыцягненні спецыялістаў для працы ў назіральных камісіях дзеля поўнага вывучэння ўмоў жыцця і бяспекі жыццядзейнасці ўразлівых катэгорый насельніцтва. Важны момант – і кантроль за ўхіленнем выяўленых парушэнняў.
На апаратнай нарадзе таксама было разгледжана выкананне ў раёне патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.