За ўсё дзякуй, самы родны чалавек! У ГДК у Ляхавічах на святочную канцэртную праграму запрасілі жанчын розных прафесій і ўзростаў

Дзякуй, што ты ёсць! – словы ўдзячнасці матулям з пяшчотай выказвалі 14 кастрычніка па ўсёй Ляхавіччыне любячыя сыны і дочкі, унукі і ўнучкі.

БОЛЬШ фота тут

У ГДК у райцэнтры на святочную канцэртную праграму, дзе ў гэты дзень гучала шмат светлых, добрых, шчырых і душэўных слоў пра маці, запрасілі жанчын розных прафесій і ўзростаў – мудрых і клапатлівых, абаяльных і прыгожых.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз цёпла павіншаваў усіх з цудоўным святам, пажадаў мірнага неба і здароўя, каб дзеці прыносілі ў жыццё радасць і шчасце.
Напярэдадні свята Указам Прэзідэнта Беларусі нашы зямлячкі Галіна Казлова, Людміла Грыгаровіч і Роза Дымар узнагароджаны ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пецярых і больш дзяцей. Кіраўнік раёна пад гучныя апладысменты залы ўручыў мнагадзетным маці гэту высокую дзяржаўную адзнаку.
Усім прысутным у зале жанчынам ад райвыканкама – кветкі і музычныя віншаванні ад калектываў гарадскога Дома культуры і выхаванцаў Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў.
Пяшчотны момант, які ўзмацніў атмасферу Дня маці, – сустрэча мам і бабуль перад уваходам у ГДК віншаваннямі ад выхаванцаў ЦДАДіМ, ад раённай арганізацыі БРСМ – салодкімі сувенірамі і адметнымі паштоўкамі.
У фае радавалі карціны «апалонаўцаў», шы-коўныя вырабы Дараўскага Дома рамёстваў. Дарэчы, майстар народных промыслаў з гэтага Дома рамёстваў Наталля Смоліна і яе дзеці ў мінулую суботу пабывалі на свяце ў сталіцы, прымеркаваным да Тыдня бацькоўскай любві. Урачыстасць адбылася ў Нацыянальным акадэмічным драмтэатры імя М. Горкага, дзе сабраліся восем дзясяткаў сем’яў з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Дзякуй за сыноў! Гэтыя словы адрасавалі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Але Свянтэцкай і Веры Коктыш – маці, чые сыны ў мірны час загінулі пры выкананні воінскага абавязку.
На падставе рашэння райвыканкама ім перададзена матэрыяльная дапамога і нізкі паклон, шчырая ўдзячнасць за сыноў-герояў.
Святочны марафон на Ляхавіччыне працягваўся і ў сельскіх Дамах культуры і клубах, ва ўстановах адукацыі раёна і г. д. Як сведчаць паведамленні, дасланыя ў рэдакцыю гімназіяй, СШ № 2, Падлескай школай, Крывошынскай СШ імя Г. С. Здановіча, Ляхавіцкім аграрным каледжам і іншымі, Дзень маці тут сустрэлі на ноце сардэчных і цёплых віншаванняў.
У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН прайшоў тэматычны круглы стол «Пакровы – мацярынскі клопат», а ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН урачыстасць назвалі «За ўсё табе дзякую!».
У Навасёлкаўскім СДК выхаванцы гуртка далучыліся да прафсаюзнай рэспубліканскай акцыі «Павіншуем маму разам!» і зрабілі сувеніры сваімі рукамі. Творчы калектыў СДК пастараўся, каб Дзень маці для аграгараджанак выдаўся радасным і незабыўным.
Прафсаюзныя пярвічкі прысвяцілі самаму светламу і добраму святу экскурсійныя паездкі. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк расказала «ЛВ», што калектыў райбальніцы пабываў у музейным комплексе старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій. «Дудуткі» і парку-гатэлі «Версаль», «Беларусбанка» – у Свята-Лізавецінскім і Лядзінскім манастырах, працаўнікі «Жарабковічаў» адправіліся ў захапляючае падарожжа ў Маскву.
І гэта толькі фрагменты і моманты таго шчаслівага і ўзнёслага настрою, падоранага зямлячкам у Дзень маці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.