Ізумрудны юбілей кахання. Які ён, сакрэт шчаслівага доўгага шлюбу?

Адказ на гэта вечнае пытанне, напэўна, могуць даць нашы землякі Генрых і Ларыса Траццякі

Сёлета 14 кастрычніка жыццё ім паставіла двойчы выдатна за ўзаемнае каханне, лад і згоду, цеплыню дамашняга ачага, бацькоўскі клопат і дабрыню, узаемапавагу і міласэрнасць. Гэта цудоўная сямейная пара адзначыла ізумруднае вяселле.

Ёсць пэўная сімвалічнасць у тым, чаму 55-годдзе сумеснага жыцця пазначана менавіта ізумрудам. Сямейная пара на працягу такога ўнушальнага часу захавала цёплы агеньчык кахання, паспяхова пераадолела ўсе перашкоды, сапраўды стварыла шмат прыгожага і цудоўнага, як каштоўны камень – ізумруд.
14 кастрычніка 1967 года 26-гадовая Ларыса і 30-гадовы Генрых у акружэнні родных, блізкіх, калег і сяброў ва ўрачыс-тай абстаноўцы сталі мужам і жонкай. А іх раман пачаўся крыху раней, калі літаральна з першага позірку студэнт-выдатнік закахаўся ў маладую выкладчыцу, а яна адказала яму ўзаемнасцю. Так пачаўся летапіс сям’і Траццякоў.


Бясспрэчна, былі і перамогі, і цяжкасці, але, гледзячы на тое, з якой пяшчотай і любоўю і сёння Ларыса Паўлаўна і Генрых Міхайлавіч глядзяць адзін на аднаго, разумееш: яны былі і застаюцца вельмі шчаслівымі. Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк год за годам вёў да новых працоўных перамог калгас імя Ламаносава, а Ларыса Паўлаўна вучыла вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак разумнаму, доб-раму, вечнаму. Поспехі ў працы заўсёды суправаджаліся і знамянальнымі сямей-нымі падзеямі. Сваім самым галоўным багаццем яны лічаць траіх сыноў, у кожнага з якіх цяпер свая сям’я, дзеці. Але іх заўжды чакаюць ва ўтуль-ным, гасцінным бацькоўскім доме ў маляўнічым, авеяным гісторыяй мястэчку Ляхавіччыны – вёсцы Флер’янова.
Напэўна, паспрыяла такому доўгаму сумеснаму жыццю ў згодзе і тое, што Траццякі ўзялі шлюб у вялікае праваслаўнае свята – Пакровы Прасвятой Багародзіцы.
– Ніколі не мог злавацца на сваю Ларысу. А ведаеце чаму? Бо на гэта ніколі не было прычын, – з пяшчотай зазначае Генрых Траццяк.
А яго жонка гаворыць, што асноўнае прызначэнне жанчыны, маці, жонкі – клопат пра сваіх, блізкіх, і адзначае:
– Нам падарылі прыгожыя кружкі з надпісам «разам мы дасягнём большага». І гэта сапраўды пра нас з Генрыхам.
У тэму і жыццёвае крэда Траццякоў: «Калі ты ідзеш да людзей з дабрынёй, то дабро абавязкова да цябе вернецца».
У мінулую пятніцу павіншаваць паважаных Генрыха Міхайлавіча і Ларысу Паўлаўну з вясельным юбілеем з падарун-камі завіталі госці – старшыня райвыканкама Мікалай Мароз,
кіраўнік справамі райвыканкама Уладзімір Стыкуць, старшыня раённага Савета ветэранаў Мікалай Юрлевіч, прадстаўнікі ААТ «Шлях новы». Начальнік аддзела загса Вольга Новік правяла ўрачыстую рэгістрацыю ізумруднага вяселля. І загучалі традыцыйнае «горка!» і шматлікія пажаданні і віншаванні.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.