Праз паўстагоддзя ад выпускнога. Як у Ляхавічах праз паўстагоддзя сустрэліся выпускнікі Альхоўскай СШ

Звычайныя фотаздымкі, якія традыцыйна ўпрыгожвалі выпускны школьны альбом другой паловы мінулага стагоддзя. Уверсе назва навучальнай установы, партрэты кіраўніцтва школы і настаўнікаў, а потым россып партрэтаў дзесяцікласнікаў, якія рыхтуюцца развітацца з бесклапотным дзяцінствам і пачаць захапляльны шлях у дарослае жыццё.

Менавіта такі фотаздымак у мінулую суботу стаў самай важнай рэліквіяй, якая пераходзіла з рук у рукі немаладых па ўзросце мужчын і жанчын, якія сустрэліся ў Ляхавічах у гарадскім скверы каля фантана. Яны прыехалі з розных куткоў Беларусі і нават з далёкага замежжа на спатканне з юнацтвам. Залатыя юбіляры – выпускнікі Альхоўскай сярэдняй школы 1973 года выпуску. На карце адукацыйнай прасторы Ляхавіччыны ўжо даўно няма школы ў Альхоўцах, але яна па-ранейшаму жыве ў сэрцах і ўспамінах тых, хто тут вучыўся і працаваў.
– Так атрымалася, што за пяць дзясяцігоддзяў ні разу не сабраліся. І вырашылі неадкладна выправіць такую недаравальную памылку. Стварылі аргкамітэт, разбіліся на падгрупы. І пайшлі-паляцелі тэлефонныя званкі, далучылася і сарафаннае радыё. Каб вы ведалі, з якой радасцю і настроем нашы дзяўчаты і хлопцы адгукаліся на прапанову сустрэцца! З 42 выпускнікоў прыехалі больш за 30, – расказвае Анатолій Жытко. Гэта пра яго былыя аднакласнікі гавораць – наш дырэктар з Гукова. Ён быў настаўнікам, потым 12 гадоў дырэктарам Ястрамбельскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, працаваў на розных кіраўніцкіх пасадах у Баранавічах.
– У нашым выпуску з майго роднага Падбарочча было 24 чалавекі. Уяўляеце, як весела гуртам пешшу ішлі на ўрокі ў Альхоўцы і вярталіся дамоў. Заўжды з пашанай успамінаю сваіх любімых настаўнікаў – матэматыкі і алгебры Аксану Замойскую, хіміі – Вячаслава Станкевіча, – дзеліцца яшчэ адзін з натхняльнікаў сустрэчы Мікалай Петуховіч, які сёння, як і шмат гадоў, працуе вадзіцелем.
Яшчэ задоўга да прызначанага часу ў сквер завіталі юбіляры: колішні выпускнік 10 «Б» класа, які ў дарослым жыцці ад «а» да «я» засвоіў будаўнічую прафесію, Іван Тарлюк і яго аднакласнік з паралельнага 10 «А» Пётр Смаршчок, вадзіцель КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Трэба бачыць, з якой увагай разглядалі старыя, але так беражліва і акуратна захаваныя фотаздымкі, з натхненнем успаміналі пра школу, настаўнікаў і сяброў.
– У нашым выпуску былі рабяты з Нівішча, Альхоўцаў, Гукова, Падбарочча, Літоўкі, Гасцілавічаў, Вадзяціна, Пад’язаўля, Вонек (сёння Набярэжная), Залужжа. Раней арганізаваных падвозаў не было – дабіраліся пешшу, затое як цудоўна сябравалі. Напрыклад, мы з Іванам дамаўляліся па чарзе насіць падручнікі, каб лягчэй было. Дырэктарам школы ў нас быў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Вялічка, а класным кіраўніком Рамуальда Мароз, якая і сёння жыве ў Задвор’і, але, на жаль, па стане здароўя не змагла прыехаць, – гаворыць Пётр Смаршчок.
– А наш класны – Сямён Шагун. З ім было цікава, – далучаецца да размовы Іван Тарлюк.
Педагогі, будаўнікі, вадзіцелі, бухгалтары, эканамісты, медыкі, лётчык – розныя прафесіі асвоілі колішнія выпускнікі Альхоўскай СШ. Шмат гадоў працавала выкладчыкам у брэсцкіх школах Тамара Тарлюк з вёскі Набярэжнай, потым доўгі час жыла ў ЗША. І з якой жа радасцю, па яе словах, скарысталася магчымасцю зноў убачыць тых, з кім раздзялялі незабыўную школьную пару.
Тым часам колькасць выпускнікоў-юбіляраў павялічвалася. І хоць многія не бачыліся не адно дзесяцігоддзе, усё роўна адразу пазнавалі адзін аднаго. Цёплыя абдымкі, шчырыя пацалункі, моцны поціск рук – нязменныя спадарожнікі такіх доўгачаканых сустрэч.
– Як я рады бачыць цябе, маё першае каханне! Спадзяюся, муж не прыраўнуе? – з усмешкай звяртаецца да прывабнай жанчыны яе сівы аднакласнік.
– Ты зусім не змянілася. Наадварот, яшчэ больш пахарашэла, – такі камплімент адрасуе колішняй аднакласніцы яе зямляк-аднавясковец.
– Я родам з Гукова, пасля заканчэння школы атрымала прафесію бухгалтара, працавала і жыву ў Баранавічах. Сядзела за адной партай з маёй лепшай сяброўкай Валянцінай Бортнік, яна з Альхоўцаў. Так была ўзрушана і вельмі радавалася, калі даведалася пра арганізацыю такой чаканай сустрэчы. Многіх не бачыла колькі гадоў. Усё роўна ўсіх пазнала, – прызналася Тамара Юруць.
Інжынер-будаўнік Мікалай Прыхач прыехаў з Мінска, дзе жыве 47 гадоў.
А родам ён з Набярэжнай. У школьныя гады быў капітанам футбольнай зборнай Альхоўскай СШ.
– Амаль усе хлопцы гулялі ў футбол, у кожнага было сваё амплуа, ну а дзяўчаты – выдатныя балельшчыкі, – расказвае Мікалай Прыхач.
Вяртанне ў такое далёкае і адначасова блізкае мінулае, размовы пра сёння, расказы пра сем’і, успаміны пра аднакласнікаў і настаўнікаў, якіх ужо няма сярод жывых, і бязмерная радасць ад сустрэчы, якая лёгка чыталася па тварах. Сёння ім па 67-68 гадоў, але, відавочна, у душы яны ўсё яшчэ тыя поўныя мар і задумак юнакі і дзяўчаты, якія толькі-толькі атрымалі атэстат аб заканчэнні Альхоўскай СШ.
І адбылася гэта выключна важная ў лёсе кожнага падзея паўстагоддзя назад – у далёкім 1973 годзе.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.