Справа мужчынская. З Ляхавіччыны ў гэтым сезоне канстытуцыйны абавязак па абароне Айчыны будуць выконваць 40 юнакоў

Асенняя прызыўная кампанія зараз у самым разгары. Медагляд і вызначэнне катэгорыі годнасці, сустрэчы з прадстаўнікамі воінскіх часцей, праходжанне камісіі і г. д. – гэтыя і іншыя клопаты сёння ў тых юнакоў, якія хутка адправяцца на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Беларусі.
З Ляхавіччыны ў гэтым сезоне канстытуцыйны абавязак па абароне Айчыны будуць выконваць 40 юнакоў, з іх амаль палова мае вышэйшую адукацыю. Нашы землякі атрымаюць воінскія спецыяльнасці ў пагранічных, сухапутных войсках, ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны, унут-раных войсках МУС…
– Рабяты ўсе як адзін моцныя, фізічна падрыхтаваныя, зматываваныя на службу ў арміі. Паступова павялічваецца колькасць прызыўнікоў, якія ў арміі будуць служыць па кантракце. Сёлета такіх плануецца да васьмі чалавек, – падкрэслівае начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута.
Служыць па кантракце, а не праходзіць тэрміновую службу тэарэтычна можа любы малады чалавек, які не знаходзіцца ў запасе і дасягнуў 18-гадовага ўзросту. Для гэтага патрабуецца пэўны пакет дакументаў, сярод чаго абавязковы мед-агляд і пацвярджэнне з воінскай часці аб прыёме на службу, праходжанне псіхалагічнага адбору, характарыстыкі з месца вучобы ці апошняга месца працы. Патрабуецца і адсутнасць адміністрацыйных спагнанняў. У выніку ўсіх выпрабаванняў выносіцца заключэнне аб прафесійнай адпаведнасці грамадзяніна да ваеннай службы па кантракце на канкрэтнай воінскай пасадзе. Усе нюансы можна ўдакладніць у адасоб-ленай групе Ляхавіцкага раёна.
Адпраўка ў армію з адасобленай групы пачнецца з
24 кастрычніка. Ляхавічанін Дзмітрый Лабейка сёлета сярод тых, хто зараз у статусе прызыўніка рыхтуецца стаць навабранцам і прайсці курс маладога байца. Наш зямляк будзе служыць два гады па кантракце ў Акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
– У сям’і на прафесіянальнай аснове служылі дзядуля і бабуля, тэрміновую службу праходзіў мой бацька. Таму я проста абавязаны прадоўжыць сямейную традыцыю. Так як я чалавек творчы, то мне пашанцавала выконваць воінскі абавязак у самым галоўным ансамблі Беларусі, заслужаным калектыве краіны. Для гэтага давялося прайсці пэўны адбор. 4 лістапада для мяне пачнецца курс маладога байца. Памятным момантам стане прынясенне і прыняцце Ваеннай прысягі на вернасць Радзіме, – дзеліцца прызыўнік.
Па адукацыі Дзмітрый акцёр музычнага тэатра і ў ансамблі зможа займацца любімай справай. Служба па кантракце таксама дазволіць яму далей быць вядучым на тэлебачанні ваеннай праграмы «Арсенал».
Армія не толькі загартоўвае юнакоў, але і спраўджвае жаданні.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.