Зайсці ў кожны дом з цеплынёй. Як працуюць назіральныя камісіі на Ляхавіччыне, давялося паназіраць у аграгарадку Тальмінавічы

Да болю шчымліва, бязмежна самотна, сэрца сціскаецца ад жалю, калі сам-насам са сваімі праблемамі, перажываннямі, хваробамі застаецца пажылы нямоглы чалавек. А яму так патрэбны спагада і ўвага.

Патрэбна ўвага
Вакол нас жыве нямала тых, каму найбольш патрэбны дапамога і абарона. Бясспрэчна, у першую чаргу гэта клопат, справа, абавязак іх родных, сям’і. Але так атрымліваецца, на жаль, не заўжды. Менавіта клопат пра найбольш уразлівых землякоў у спалучэнні з разнастайнымі прафілактычнымі гутаркамі, абследаваннямі ўмоў пражывання – аснова ў рабоце назіральных камісій, у скла-
дзе якіх прадстаўнікі сацыяльнай і камунальнай службаў, РАУС, РАНС, раёнаў газазабеспячэння і электрасетак, сельвыканкамаў, устаноў аховы здароўя і адукацыі. Самая пільная ўвага – адзінокім і адзінока пражываючым грамадзянам пажылога ўзросту, інвалідам, сем’ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Бясспрэчна, заўсёды правяраецца стан пячнога ацяплення, газавага і электраабсталявання, стан электраправодкі, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Але не менш важна звярнуць увагу на тых землякоў, каму патрэбны асаблівая дапамога, душэўная пяшчота. Згадзіцеся, іншы раз пажылому чалавеку, які па волі лёсу застаўся адзін на гэтым свеце, так хочацца пачуць добрыя словы ў свой адрас і адчуць, што ён не пакінуты, што пра яго помняць. Адна справа, калі пра пажылога чалавека не забываюць родныя, прыязджаюць, наведваюць, дапамагаюць па гаспадарцы, некаторых і ўвогуле на зіму забіраюць да сябе. Іншая сітуацыя ў тых, хто не мае ні дзяцей, ні ўнукаў, ні праўнукаў, а калі яны і ёсць, то ўвогуле выкраслілі сваіх састарэлых бацькоў з асабістага жыцця або ўспамінаюць пра іх, каб папрасіць, а то і сілай забраць у старых пенсію.
На жаль, такія выпадкі сустракаюцца і ў нашым раёне.
Зазірніце ў вочы бабулькі, якая каторы год жыве адна. Колькі ў іх болю, смутку, роспачы і жалю. Міжволі чытаеш у іх нямое пытанне: «Чаму так атрымалася, што на схіле жыцця я засталася нікому не патрэбная? Я ж працавала, не шкадуючы сіл, старалася для сваіх дзяцей, каб у іх усяго хапала. І чаму цяпер я ім не патрэбная?». Немагчыма знайсці адказ на гэта пытанне. Наколькі ж трэба мець стальное сэрца, як жа павінна счарсцвець душа ў таго, хто забыў самых галоўных людзей на свеце – сваіх бацькоў.
Вось і атрымліваецца, што пры жывых дарослых дзецях клопат пра такіх грамадзян бярэ на сябе дзяржава. Ні разу не давялося пачуць дрэнныя словы ў адрас сацыяльных работнікаў ТЦСАН, якія абслугоўваюць пажылых гараджан і вяскоўцаў. Наадварот, гучаць толькі падзякі. Сацыяльны работнік і па гаспадарцы дапаможа, лякарствы і прадукты прынясе, і камунальныя паслугі аплаціць. Стараюцца не пакідаць сам-насам састарэлых, інвалідаў медыкі: на ФАПы, у амбулаторыі ўрача агульнай практыкі выязджаюць брыгады медыкаў райбальніцы, каб праверыць стан здароўя вяскоўцаў. Не абдзяляюць увагай найбольш уразлівыя катэгорыі грамадзян і супрацоўнікі сельвыканкамаў. Неўладкаваныя сем’і – на пастаянным кантролі педагогаў.

Паўсядзённыя клопаты
Істотную работу па выяўленні праблемных пытанняў, выра-
шэнні разнастайных бытавых праблем праводзяць і назіральныя камісіі. За работай адной з іх давялося паназіраць у мінулую пятніцу ў аграгарадку Тальмінавічы.
…Стук у дзверы. Гаспадар, даведаўшыся, што да яго прыйшла назіральная камісія, згаджаецца ўпусціць толькі прадстаўніка РАНС. На шчасце, такія выпадкі адзінкавыя, у асноўным грамадзяне разумеюць, што падваровыя абходы дапамагаюць не толькі выявіць праблемы ў плане бяспекі, але і даць адказы на хвалюючыя пытанні.
– На тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета пражывае 47 адзінокіх грамадзян, у тым ліку інвалідаў, 360 адзінока пражываючых. Штогод у абавязковым парадку праводзім абследаванні ўмоў жыцця такіх землякоў. Агульнымі намаганнямі сельвыканкама, сацыяльнай службай, іншых зацікаўленых арганізацый
прыкладаем сілы, каб вырашыць узніклыя пытанні. Дапамагаем, напрыклад, з набыццём дроў, брыкету. Апошнім часам нямала зваротаў наконт устаноўкі электраацяплення, – расказвае старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
Тутэйшаму старшыні сельскага Савета дэпутатаў землякі давяраюць і паважаюць яго. Ён стараецца быць у курсе падзей, што адбываюцца ў навакольных вёсках, як мага часцей бываць у дамах менавіта адзінокіх людзей. Разам з Уладзімірам Плескацэвічам завіталі ў дом № 3 па вуліцы Камуністычнай. З уладкаванага кветніка ўсміхаюцца чырвоныя і жоўтыя вяргіні, блішчыць на сонцы аронія, у прыбраным пакоі ветліва сустракае 80-гадовая гаспадыня. Знаёмімся: Таццяна Бадзей калісьці працавала галоўным бухгалтарам у тутэйшым сельгаспрадпрыемстве. Лёс склаўся так, што яна зараз адна. Але, нягледзя-
чы на ўзрост і праблемы са здароўем, з хатнімі справамі стараецца спраўляцца сама. Калі і ўзнікае праблема, просіць дапамагчы суседзяў ці знаёмых.
– У руху – сіла. У магазіне можна і з людзьмі пагутарыць, пра навіны даведацца. Удзячна Уладзіміру Станіслававічу, які не забывае пра нас, пажылых, заходзіць, праведвае. Стараюся быць у курсе спраў, што адбываюцца ў раёне, краіне – выпісваю газеты, часопісы, абавязкова «Ляхавіцкі веснік», – гаворыць Таццяна Антонаўна.

Сацыяльны аспект
У супрацоўнікаў ТЦСАН свае мэты падчас работы назіральных камісій. 
– Праводзім абследаванні, размаўляем з людзьмі, высвятляем, якая дапамога найбольш патрабуецца, прапаноўваем паслугі сацыяльнага работніка, узаемадзейнічаем з рознымі службамі, – тлумачыць спе-
цыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН Алена Казак.
Працуе ў камісіі і педагог СШ № 1. Справа ў тым, што ў гэтай школе вучацца рабяты з неўладкаваных сем’яў з Тальмінавічаў і іншых вёсак Ганчароўскага сельсавета. Настаўнікі абследуюць умовы жыцця навучэнцаў, каб выявіць як мага раней праблемныя моманты.
А тым часам члены назіральнай камісіі завіталі па наступным адрасе. У двары – чысціня, парадак, як, дарэчы, і ў доме.
– Праходзьце, калі ласка, мама ў суседнім пакоі, – запрашае гаспадыня. Гэта Марыя, дачка 86-гадовай Яніны Плескацэвіч. Жанчына жыве ў Бабруйску, але на бацькаўшчыну прыязджае вельмі часта, як, дарэчы, і яе брат. Часта наведваюць бабулю і ўнукі, дапамагаюць, наводзяць парадкі.
– Мама на вуліцу выходзіць вельмі рэдка. Зразумела, узрост. Стараемся надоўга яе не пакідаць адну. Нам прапаноўвалі паслугі сацыяльнага работніка. Магчыма, для адзінокіх людзей гэта самы аптымальны варыянт.
Для нашай сям’і клопат пра мамачку і бабулю – у радасць нам самім. Няхай жыве доўга-доўга, – адзначае Марыя. Член назіральнай камісіі акушэрка Ганчароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Алена Бубенчык памерала ціск у 86-гадовай пацыенткі, пацікавілася здароўем.
Важна, што медыкі ўваходзяць у склад назіральнай камісіі. Амаль кожны з правяраемых мае праблемы са здароўем, таму медыцынская ўвага зусім не лішняя.
Па дарозе да чарговага адрасата інспектар Ганчароўскага сельвыканкама Таццяна Бурба расказвае, як некалькі гадоў назад, дзякуючы такога кшталту абходу, літаральна выратавалі жыццё пажылому жыхару вёскі Мядзведзічы. Зайшлі ў дом, дзе знайшлі мужчыну, які амаль замерз. Пасля лячэння ў бальніцы яго адправілі ў Альхоўскую бальніцу сястрынскага догляду.
Звяртаючы ўвагу на тое, як Таццяна Бурба акуратна падтрымлівае пад руку і ўважліва слухае 79-гадовую Станіславу Коршун, разумееш, што павага і клопат пра вяскоўцаў залатога ўзросту не разавая акцыя, а паўсядзённы стыль работы. А сама Станіслава Коршун уся ў клопатах, прыемных. Рыхтуецца да свайго юбілею, на які збіраюцца прыехаць сыны з Пецярбургу.
– Добра, што камісіі ходзяць да нас, пажылых, не забываюць, правяраюць ці ўсё ў парадку. Заўсёды пускаю іх у хату. Пакуль мне дапамога не патрэбная. Сама і ў магазін хаджу, і па гаспадарцы спраўляюся. Ды і дачка сумаваць не дае, штодня прыбягае, парадкі наводзіць, – з гумарам расказвае аграгараджанка.
Дарэчы, за дзень назіральная камісія абследуе такім шляхам у сярэднім 15–20 дамоў ці кватэр.

Галіна КАНЬКО. Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.