«Чысціня» на Інтэрнацыянальнай?

У «ЛВ» не змяншаецца паток фотаздымкаў з не самымі прыемнымі сюжэтамі па тэме чысціні і парадку на Ляхавіччыне. Па-ранейшаму востра стаіць пытанне арганізацыі выкіду-вывазу смецця ў розных мікрараёнах нашага райцэнтра.

У мінулы аўторак у двары дома № 31 па вуліцы Інтэрнацыянальнай у кадр «веснікаўцаў» трапіў «нячысты» сюжэт. Пад завязку закіданыя пакетамі са смеццем ёмістасці на кантэйнернай пляцоўцы. Абурэнне выклікаюць не столькі загружаныя скрыні (магчыма, камунгас яшчэ не паспеў вывезці смецце), а тое, што кантэйнеры ўсталяваны для паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, а напоўнены адходамі жыццядзейнасці чалавека. На кожнай ёмістасці ёсць надпіс вялікімі літарамі «папера», «шкло», «адходы пластмасы». А замест гэтых ДМР людзі скідваюць сюды што заўгодна.
Раёнка правяла інтэрнэт-апытанне наконт таго, ці патрэбны ў дварах шматкватэрнікаў кантэйнеры для паасобнага збору другасных матэрыяльных рэсурсаў ці дастаткова толькі таго, каб па графіку прыязджаў транспарт для вывазу бытавых адходаў.
Тэма аказалася актуальнай, і на яе землякі адгукнуліся. Пазіцыя ў кожнага розная. Вось толькі некаторыя з выказванняў: «Кантэйнеры для паасобнага збору не патрэбныя, ЖКГ іх не прыбірае, жыльцы туды выкідваюць бытавое смецце». «Канешне, кантэйнер павінен стаяць пастаянна. Каб выносіць смецце не тады, калі машына прыедзе, а калі ўзнікае такая неабходнасць. А за кантэйнерамі няхай смеццявоз прыязджае па графіку». «Многія людзі працуюць і не паспяваюць выкінуць смецце з кватэр, калі прыязджае спецыялізаваны транспарт. Як ім быць? Чакаць наступнага дня, а смецце няхай ваняе ў кватэры?
Ці ўсё ж прасцей паставіць у дварах кантэйнеры, і кожны выкіне адходы, калі яму зручна». Многія выказаліся адназначна за тое, каб машына для вывазу смецця прыязджала па графіку.
Зразумела, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Нельга не аспрэчыць і той факт, што ў канкрэтным выпадку жыльцы тутэйшых дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай самі справакавалі такую загружанасць кантэйнернай пляцоўкі. Скрыні прызначаны для паасобнага збору ДМР, а не бытавых адходаў.


Сітуацыю каменціруе дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіц-
кая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі:

«Жыльцы шматкватэрных дамоў па вуліцы Інтэрнацыянальнай не жадаюць прытрымлівацца правілаў: выкідваюць у скрыні для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў бытавыя адходы, адпаведна, засмечваюць кантэйнерную пляцоў-
ку. Таму прынята рашэнне пляцоўку дэманціраваць.Што тычыцца вывазу бытавых адходаў, то машына для іх вывазу па-ранейшаму будзе прыязджаць па распрацаваным раскладзе».
РS: Дарэчы, на наступны дзень, у сераду прыблізна ў той жа час кантэйнеры ў двары дома № 31 па гарадской вуліцы Інтэрнацыянальнай яшчэ больш запоўніліся, і нават каля іх сталі «паркавацца» мяхі з бытавымі адходамі.