Ключ да высокай вытворчасці. У Русінавічах адбылося адкрыццё сучаснай малочнатаварнай фермы на 720 галоў

У мінулы чацвер на тэрыторыі СВК «Ляхавіцкі» ў аграгарадку Русінавічы адбылося адкрыццё сучаснай малочнатаварнай фермы на
720 галоў.
На ўрачыстасці сабраліся работнікі «Ляхавіцкага», іх будучыя калегі, а пакуль навучэнцы аграрнага каледжа. Добры настрой, наша дзяржаўная сімволіка і безліч станоўчых эмоцый ад адчування ўласнай прыналежнасці да справы агульна-
дзяржаўнай важнасці. Значнасць падзеі пацвердзіў прыезд на ўрачыстасць шаноўных гасцей. У адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна завіталі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы, кіраўніцтва аблвыканкама, прадстаўнікі раённай улады.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз спыніўся на асноўных паказчыках развіцця сельскагаспадарчай галіны Ляхавіччыны. Парадавала раслінаводства. Валавы збор зерня адзін з самых унушальных за апошнія дзесяцігоддзі, добра ўрадзіў рапс (сярэднераённы паказчык больш за 70 цэнтнераў з гектара, а ў ААТ «Жарабковічы» і «Нача» – па 90 цэнтнераў на круг). Кармавая база
дае ўсе падставы спадзявацца, што рацыён жывёлы будзе збалансаваным. Істотныя зрухі відавочныя і ў жывёлагадоўлі – у надоях і прывагах. Яшчэ большаму развіццю галіны, якая мае сур’ёзныя перспектывы, па словах Мікалая Мароза, паспрыяе ўвядзенне сёлета ў эксплуатацыю трох малочнатаварных фермаў у «Ляхавіцкім», «Жарабковічах», «Ліпнянцы», дзе плануецца сумарнае ўтрыманне 2,5 тысячы галоў жывёлы.
Пра дасягненні, сённяшні дзень і перспектывы гаспадаркі расказаў старшыня СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко. Гэта сельгаспрадпрыемства можа пахваліцца выдатнымі паказчыкамі ў малочнай жывёлагадоўлі. І гэта далёка не мяжа, напэўна, вынікі будуць вышэйшымі пасля таго, як у поўную магутнасць запрацуе новая МТФ.
Звяртаючыся да прысутных Леанід Заяц падкрэсліў, што сёлета ў краіне адкрываецца 50 новых і рэканструяваных такога кшталту сельскагаспадарчых аб’ектаў, і, бясспрэчна, кожны з іх яшчэ больш паспрыяе развіццю аграрнай галіны, павелічэнню вытворчасці.
Выпушчаная прадукцыя забяспечвае не толькі ўнутраны рынак харчавання, расце і экспарт. Намеснік Прэм’ер-міністра зазначыў, што з пачатку года Беларусь экспартавала ў розныя краіны свету сельгаспрадукцыі на шэсць мільярдаў долараў, па выніках года плануецца выйсці на восем мільярдаў долараў. Леанід Заяц акцэнтаваў увагу на тым, якія выдатныя вынікі паказвае ў жывёлагадоўлі Брэстчына, і падзякаваў кіраўніцтву вобласці за плённую
працу.
Губернатар Брэстчыны адзначыў, што Ляхавіцкі раён робіць істотныя крокі, каб вярнуць ранейшыя пазіцыі аднаго з мацнейшых рэгіёнаў вобласці і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. Сёлетні збожжавы ўраджай, і як вынік – перамога ў абласным спаборніцтве на жніве-2022, – таму пацвярджэнне. Адкрыццё трох малочнатаварных фермаў дапаможа выйсці на новы ўзровень і ў жывёлагадоўлі. Юрый Шулейка, звяртаючыся да навучэнцаў агракаледжа падкрэсліў, што ў краіне нямала робіцца, каб юнакі і дзяўчаты заставаліся працаваць у сельскай гаспадарцы: будуецца жыллё, мадэрнізуецца вытворчасць, ствараюцца належныя ўмовы працы, расце заработная плата. Важна, каб моладзь не забывала свае карані, працавала з энтузіязмам.
Старшыня аблвыканкама падзякаваў аграрыям за добрасумленную працу і выказаў упэўненасць, што з такім
добрым падмуркам абавязкова будзе далейшае паспяховае развіццё
ў сельскагаспадарчай галіне раёна.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы акцэнтаваў увагу на тым, што малочная
вытворчасць – істотная крыніца выпуску, у тым ліку, і экспартаарыентаванай прадукцыі, якая дае яшчэ большы штуршок развіццю эканомікі і, адпаведна, павышэнню дабрабыту беларусаў. Ён агучыў важны высокі паказчык – рэнтабельнасць вытворчасці малака, якая складае 35 працэнтаў, і гэта далёка не мяжа, бо беларусы – працавітыя людзі, якія любяць сваю краіну. Кожны на сваім працоўным месцы ўносіць свой пасільны ўклад у эканоміку краіны, яе будучыню.
І вось яны, урачыстыя моманты: сімвалічны ключ перададзены кіраўніку СВК «Ляхавіцкі», перарэзана чырвоная стужка. Новыя прасторныя памяшканні гатовы прыняць навасельцаў – рагуліна папаўненне!
Прысутнічалі і абавязковыя атрыбуты свята – падарункі і ўшанаванні. Лепшыя з лепшых работнікаў СВК «Ляхавіцкі» атрымалі Граматы і Падзячныя пісьмы аблвыканкама і райвыканкама.

Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ.

Больш фота тут
https://www.lves.by/?p=147084