Чаму ў жыхароў дома № 21 па вуліцы Чкалава «цярпенне на зыходзе…»?

Не паспелі тутэйшыя жыльцы адпачыць пасля баталій з капітальным рамонтам дома № 21 па вуліцы Чкалава, як зноў нагадала пра сябе праблема са шматгадовай гісторыяй.
Пасля дажджоў у двары шматкватэрніка ўтвараецца вялікая лужына. І наступае час неверагодных нязручнасцей: і аўтатранспарту бяда, і людзям вельмі нязручна. Тэму ўзнялі падпісчыкі «ЛВ» у інстаграме. Людзі абураюцца, маўляў, «два гады чакаем абяцанага праекта на добраўпарадкаванне… Цярпенне на зыходзе…».
За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся да намесніка старшыні райвыканкама Аляксея Галяка:

– Сітуацыю ведаем і трымаем яе на кантролі. Адзначу, стаіць задача не проста адрамантаваць той участак асфальтавага пакрыцця, дзе ўтварылася яма, якая запаўняецца вадой пасля дажджоў. Плануем правесці больш маштабныя работы па добраўпарадкаванні ўсёй дваровай тэрыторыі дома № 21 па вуліцы Чкалава. Зразумела, такія глабальныя пераўтварэнні патрабуюць немалых грошай. Таму, як толькі атрымаем належнае фінансаванне, адразу прыступім да праектавання.