Аператыўна. Уважліва. Дакладна. 18 лістапада адзначаецца Дзень супрацоўнікаў аператыўна-дзяжурных службаў органаў унутраных спраў

Люстэрка работы, візітоўка аддзела, сэрца РАУС – так даволі часта называюць аператыўна-дзяжурную службу. За дзесяцігоддзі свайго існавання неаднойчы мяняўся кадравы складнік АДС, тэхнічная аснашчанасць, але нязменнай засталася спецыфіка работы і галоўная задача, якая стаіць перад тымі, хто нясе тут службу, – аператыўнасць, законнасць, уважлівасць, справядлівасць, гуманнасць.

Менавіта ў АДС (ці больш звыкла – «дзяжурку») тэлефануюць грамадзяне, у адносінах якіх парушаны закон, з просьбай аб дапамозе ці каб паведаміць пра правапарушэнне. Асноўная задача дзяжурных – пастаянны  кантроль за аператыўнай сітуацыяй, своечасовы прыём і рэгістрацыя інфармацыі і паведамленняў пра здарэнні, неадкладнае рэагаванне на іх. У АДС сцякаецца ўся інфармацыя і пра тых, хто аб’яўлены ў вышук, каардынуецца ўзаемадзеянне паміж рознымі падраздзяленнямі РАУС, дастаўляюцца парушальнікі грамадскага парадку, сямейныя скандалісты, грамадзяне для высвятлення асобы.
Падчас дзяжурстваў на якія толькі ўзаемаадносіны паміж людзьмі не наглядзеліся тутэйшыя супрацоўнікі. Некаторыя з парушальнікаў ужо літаральна прапісаліся: не праходзіць і тыдня, як іх зноў дастаўляюць сюды за чарговае парушэнне. Хапае і так званых пастаянных скаржнікаў, якіх тутэйшыя супрацоўнікі пазнаюць па голасе. І тым не менш зноў і зноў уважліва выслухоўваюць – якую ж трэба мець вытрымку.
– Разумеем, наколькі важна ўважліва выслухаць чалавека, які звяртаецца за дапамогай. Чым хутчэй пачнецца праверка па заяўцы, далейшае разбіральніцтва, тым больш шанцаў дапамагчы. Вось адзін з нядаўніх прыкладаў. Патэлефанавала жанчына і папрасіла знайсці яе 30-гадовага сына, які суткі назад пайшоў з дому і да гэтага часу пра яго месцазнаходжанне нічога не вядома, на тэлефонныя званкі не адказвае. Прынятымі аператыўна-пошукавымі мерапрыемствамі ўстанавілі, што малады мужчына трапіў на лячэнне ў адну з бальніц Баранавічаў. Не бывае дня, каб не даводзілася рэгістраваць выклікі на сямейныя скандалы, асабліва ўзрастае іх колькасць у выхадныя і святочныя дні, – расказвае пра спецыфіку работы старшы інспектар АДС маёр міліцыі Яўгеній Ражко.
Кожную змену на службовы пост заступае зладжаная каманда прафесіяналаў у складзе трох чалавек: дзяжурны, памочнік дзяжурнага, вадзіцель. Ад іх узаемадзеяння ў многім залежыць канчатковы вынік.
– Галоўны прынцып работы ўсіх супрацоўнікаў АДС – любыя паведамленні, звароты, званкі – важныя. Мы не дзелім іх на першачарговыя і другасныя. Наша задача – выслухаць кожнага, прыняць правільнае рашэнне і аператыўна па адрасе адправіць адпаведную групу, якая на месцы разбіраецца з сітуацыяй і тут жа дае нам зваротную сувязь. Прывяду адзін прыклад хуткага ўзаемадзеяння. Ноччу паступіла паведамленне, што пад цягнік трапіў мужчына і загінуў. Адразу на месца здарэння выехала аператыўна-следчая група. Фотаздымак загінулага зрабіць было немагчыма, бо твар быў вельмі пашкоджаны. Выявіць асобу дапамагла дактыласкапія.
І ўжо праз гадзіну ўстанавілі асобу грамадзяніна, які трапіў пад цягнік. У сярэднім за суткі ў аператыўна-дзяжурную службу паступае
15 зваротаў, – зазначае старшы аператыўны дзяжурны Аляксандр Чурылаў.
У РАУС маёр міліцыі Аляксандр Чурылаў служыць больш за 18 гадоў, працаваў у інспекцыі па справах непаўналетніх, участковым інспектарам – такая практыка надзвычай спатрэбілася і ў АДС.
Уважлівасць, кампетэнтнасць, аналітычны склад розуму –
гэта пра кожнага з дзясяткі супрацоўнікаў АДС. Самы вопытны тут вадзіцель прапаршчык міліцыі Віктар Ходар, яго службовы стаж менавіта ў АДС – больш за чвэрць стагоддзя. А самы малады супрацоўнік – прапаршчык міліцыі Анастасія Царык (дарэчы, яна адзіная прадстаўніца прыгожай паловы ў «дзяжурцы» РАУС за ўсю гісторыю існавання падраздзялення).
– Пра кожнага, хто нясе міліцэйскую службу ў АДС, можна без перабольшання сказаць: выдатны прафесіянал, які не толькі дастойна спраўляецца са сваімі абавязкамі, але і ветлівы, уважлівы, тактычны. Пры гэтым нашы супрацоўнікі дэманструюць не толькі кампетэнтнасць, але і нераўнадушнасць да праблем людзей, – зазначае намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок.
…А ў «дзяжурцы» тым часам не змаўкае тэлефон: прыняць і перадаць інфармацыю, прыняць заяву – спраў на працягу змены ў міліцыянераў з аператыўна-дзяжурнай службы хапае. Галоўнае – паспяваюць усё.

Галіна КАНЬКО, фота аўтара.