Надзённыя клопаты «Шляху новага». Сельгаспрадпрыемства з багатымі працоўнымі традыцыямі ўпэўнена глядзіць у будучыню

Вадзіцель Анатолій Пажога.
Брыгадзір «Сакуноў» Таццяна Карповіч і заатэхнік-селекцыянер Эмілія Захар’ян.
Дынастыя Дзядовічаў: Анатолій, Аляксандр, Міхаіл.

Аснова асноў, пачатак і працяг усяго – чалавек працы, людзі, якія шчыравалі і сёння добрасумленна з дня ў дзень працуюць на палях, фермах, у вытворчых майстэрнях, складаюць планы, прагназуюць, пралічваюць эканамічны эфект ад укаранення новых тэхналогій.

– Знайсці падыход да чалавека, незалежна ад таго, спецыяліст ці механізатар, у шаноўным узросце або малады. Зацікавіць ідэяй, даць зразумець, што яго праца і веды патрэбны гаспадарцы, вёсцы, землякам. А яшчэ, што не менш важна, забяспечыць жыллём, камфортнымі бяспечнымі ўмовамі працы і адпачынку, магчымасцю зарабіць дастойныя грошы за сваю работу – гэта аснова таго, каб умацаваць калектыў, – гаворыць кіраўнік аднаго з самых буйных сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіччыны ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш.
У залік сабе кіраўніцтва гаспадаркі можа аднесці той факт, што сюды вяртаюцца былыя работнікі, якія ўбачылі станоўчыя змены, што адбываюцца, і паверылі ў дастойную будучыню сельгаспрадпрыемства.
– Наш калектыў – гэта 362 работнікі. Вельмі рады, што на працу ў гаспадарку ўладкоўваюцца маладыя кадры. Напрыклад, сёлета на сваё першае працоўнае месца прыйшлі тры аграномы – выпускнікі Ляхавіцкага агракаледжа, дарэчы, тутэйшыя рабяты. Асаблівы акцэнт робім на прафарыентацыйную работу: выязджаем у падшэфныя школы – Навасёлкаўскую, Дараўскую, Конькаўскую, –
расказвае намеснік дырэктара гаспадаркі Таццяна Гатоўчыц. – Маладым ёсць з каго браць прыклад – пераемнасць пакаленняў – гэта яшчэ адна адметнасць «Шляху новага».
Працавітыя, добрасумленныя, адказныя, надзейныя – такая большасць калектыву сельгаспрадпрыемства.
Нямала тут і сямейных дынастый. І сёння іх прадстаўнікі на аграрнай перадавой.
Больш за паўвека – такі агульны працоўны стаж сям’і Дзядовічаў.
Анатолій Уладзіміравіч – профі ў механізатарскай справе. Следам за бацькам у трактарысты-машыністы пайшлі сыны Аляксандр і Міхаіл. З таго часу ні адна сельгаскампанія не абыходзілася без лідарства Дзядовічаў. І на кожным участку, а працавалі і ў складзе сямейнага экіпажа на жніве, і на адвозцы збожжа, і на сяўбе, заўжды яны шчыравалі надзейна і вынікова. У сезоне-2022 Анатолій Дзядовіч працаваў на корманарыхтоўцы, Аляксандр паказваў майстар-клас на веснавой і восеньскай сяўбе, Міхаіл – на вывазцы ўдабрэнняў.
Другі год запар «Шлях новы» на жніве ў тройцы лепшых. Сёлета, напрыклад, гаспадарка фінішавала на ўборцы збожжавых з бронзавым вынікам і ўраджайнасцю 50,9 цэнтнера
з гектара (плюс 15 цэнтнераў на круг у параўнанні з мінулагодняй жніўнай кампаніяй).
Вадзіцелі: вопытныя Уладзімір Пабягайла і Анатолій Пажога, маладыя Аляксей Васілеўскі і Аляксандр Грыцкевіч, начальнік участка Аляксандр Пажога, камбайнеры Вадзім Баранчык і Міхаіл Малахвей, Іван і Мікіта Чабатары, аператары ЗСК Дзмітрый Гарбуз, Андрэй Сцяцко, Сяргей Морскі – сапраўдныя героі хлебнай нівы-2022.
Спрацавала і дасканала прадуманая кіраўніцтвам і спецыялістамі гаспадаркі стратэгія на паляпшэнне бальнасці сельгасугоддзяў. Асаблівая ўвага – на ўнясенне ўдабрэнняў. Сур’ёзная аддача, на думку дырэктара ААТ, павінна стаць адчувальнай ужо на ўраджаі-2023. Хаця зрухі ёсць і ў годзе бягучым: павялічыўся выхад кармавых адзінак на бала-гектар.
«Шлях новы» жывёлагадоўчы – гэта, у тым ліку, шэсць малочнатаварных фермаў. Самая маладая МТФ «Сакуны», уведзеная ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, у тым, што «Шлях новы» прагрэсіруе ў малочнай жывёлагадоўлі, можна ўпэўніцца менавіта на прык-
ладзе гэтай фермы. 96,1 працэнта малака ад рагуль, што тут утрымліваюцца, прадаецца на малочны завод гатункам экстра. Зараз тут у належных умовах утрымліваецца 876 кароў, з іх 694 – дойны статак. Кожную раніцу да сваіх падапечных спяшаюцца аператары машыннага даення, каб у 6 гадзін пачаць дойку. А калі ўлічыць, што вячэрняя дойка, іншы раз, доўжыцца да 22 гадзін, зразумела, якая нялёгкая гэта работа – даіць кароў. Вопытныя аператары машыннага даення Святлана Ждан, Алена Арцыменя, Святлана Зянько, Алена Пронька шчыруюць у «Сакунах» з моманту адкрыцця МТФ. Адразу пасля дойкі (вячэрняя не выключэнне) у абавязковым раскладзе – навядзенне парадку. Старанна спраўляюцца са сваімі абавязкамі і жывёлаводы Віктар Арцыменя, Юрый Майсюк і іншыя. Брыгадзір «Сакуноў» Таццяна Карповіч – кіраўнік са стажам (раней узначальвала МТФ «Бажкі»), валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, акрамя таго, яна класны спецыяліст, на якога раўняецца калектыў жывёлаводаў.
– На ферме створаны выдатныя вытворчыя ўмовы: камфортна і жывёле, і працаўнікам. Абсталяваны ўсім неабходным пакоі для адпачынку. У кожнага аператара свая шафа для пераапранання, ёсць душавая, мікрахвалёўка. Заработная плата расце. Што яшчэ трэба для таго, каб работа прыносіла радасць? – гаворыць Таццяна Карповіч.
У сельгаспрадпрыемства  нямала планаў на далейшыя пераўтварэнні ў жывёлагадоўчай галіне. Так, у наступным годзе плануецца нямала будаўніча-рамонтных работ на МТФ «Навасёлкі», што павінна станоўча паўплываць на надоі і прывагі.
Яшчэ ў сельгаспрадпрыемстве сябруюць з тэхнікай (пераважная большасць якой беларускай вытворчасці), беражліва ставяцца да яе, а яшчэ даюць шанц на новае жыццё. Дзякуючы тутэйшым майстрам на ўсе рукі, патэнцыяльныя прэтэндэнты на металалом ператварыліся ў дзеяздольныя адзінкі тэхнікі, якія паспелі «засвяціцца» на сёлетніх палявых работах. Напрыклад, стары новы трактар «МТЗ-82» добра зарэкамендаваў сябе на адвозцы саломы. Выдатным бонусам «Шляху новаму» за паспяховае жніво-2022 стаў новенькі МТЗ-3022, сертыфікат на атрыманне якога ўручаны кіраўніку сельгаспрадпрыемства на абласных дажынках у Целяханах.
Увогуле, калі зазірнуць на перспектыву «Шляху новага», то можна сцвярджаць: калі будуць выкарыстаны ўсе магчымасці, гаспадарка можна істотна плюсануць па большасці вытворчых пазіцый у розных галінах. Перадумовы ёсць: сёлета за дзевяць месяцаў выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склала 120 працэнтаў да аналагічнага мінулагодняга перыяду. А чысты прыбытак павялічыўся больш чым у шэсць разоў. Што не можа не адбіцца на дабрабыце тутэйшых працаўнікоў. І яшчэ адзін важкі аргумент на карысць таго, што «Шлях новы» не забывае і пра сацыяльны складнік. Тут шануюць ветэранаў гаспадаркі, віншуюць з юбілеямі, святамі, у тым ліку і сямейнымі. Так нядаўна ўшаноўвалі з 55-годдзем шлюбу сем’і Траццякоў і Татарыновічаў.
Такі ён, «Шлях новы» – гаспадарка з багатымі традыцыямі, шчырымі і працавітымі людзьмі. І ў многім ад іх агульных намаганняў зале-
жыць, якім будзе вясковае заўтра.

Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты
КУХТА-МАСЛОЎСКАЙ.

Аператары машыннага даення Святлана Ждан і Алена Арцыменя.
Жывёлавод Гузель Амінава.
Ветфельчар Мікалай Петух і практыканткі – навучэнцы ЛАКа Аляксандра і Лідзія Дзянісавы.