Праца на вагу золата. Сярод тых, хто меў гонар прысутнічаць у Палацы Незалежнасці 18 лістапада, – і ляхавіцкая дэлегацыя

Колькі шчырых, пранікнёных і напоўненых глыбокім сэнсам слоў адрасаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка аграрыям краіны падчас урачыстага ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу.

Сярод тых, хто меў гонар прысутнічаць у Палацы Незалежнасці
18 лістапада, – і ляхавіцкая дэлегацыя. У яе складзе – старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, кіраўнік СВК «Ляхавіцкі» Іван Вітко, аператар па штучным асемяненні жывёл з гэтай жа гаспадаркі Іван Патаповіч і два прадстаўнікі ААТ «Жарабковічы»: трактарыст-машыніст Сяргей Бурак  і слесар Віктар Лойка.
Падчас урачыстага ўшанавання наш зямляк Іван Патаповіч атрымаў з рук Прэзідэнта дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Працоўнай Славы.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся старшыня райвыканкама Мікалай Мароз:
Напярэдадні свята аграрыяў вялікі гонар прысутнічаць на ўрачыстым ушанаванні тых, хто штодня ўмацоўвае харчовую бяспеку краіны. Тыя словы, што Прэзідэнт адрасаваў беларускім рупліўцам, дарагога вартыя, гэта заслужаная ўзнагарода людзям, якія працуюць дзеля дабрабыту свайго народа. Прыемна было пачуць, што сярод лідараў –  брэсцкія аграрыі. Прэзідэнт адзначыў, што наша вобласць у гэтым годзе спрацавала больш чым на выдатна. Свой удзел у гэтым адчувае і сельскагаспадарчая галіна Ляхавіччыны. Вынікі, з якімі мы падыходзім да заканчэння сельскагаспадарчага года, важкія, у многіх планах рэкордныя і будуць запісаны і ў гістарычны аграрны летапіс нашага раёна. Вось як вырашаецца лёс краіны: у палях, у цэхах, за станком, на МТФ,
у лабараторыях, мехмайстэрнях – адным словам, за справай, што ўмацоўвае нашу Беларусь, а не на плошчах і вуліцах у жаданні перавярнуць рэаліі часу. І беларусы гэта разумеюць, бо моцная эканоміка мае за аснову моцны сектар сельскай гаспадаркі: гэта і харчовая бяспека, гэта занятасць насельніцтва, гэта і інфраструктура сельскіх населеных пунктаў і не толькі.
Сёння ёсць вялікія рэзервы для таго, каб нашы вынікі істотна палепшыць. І хоць сёлета надвор’е таксама не заўсёды радавала, зладжаная работа ўсіх звёнаў вытворчага працэсу дазволіла
прымножыць дасягненні аграрыяў мінулых гадоў.
І ў 1987 годзе валавы збор склаў 83960 тон, ураджайным быў і 2012 год – 90854 тоны (з улікам рапсу).
А вось сёлетні ўраджай збожжавых, крупяных з улікам кукурузы і азімага рапсу пераадолеў статысячную мяжу.
Увогуле ўсе гаспадаркі паказалі на ўборцы лепшы вынік у параўнанні з мінулым годам.
Зладжаная і мэтанакіраваная работа спецыялістаў і радавых працаўнікоў дазволіла другі год запар да новага ўраджаю забяспечыць травянымі кармамі жывёлагадоўлю раёна.
І ў дачыненні жывёлагадоўчай галіны мы гаворым пра пэўныя станоўчыя зрухі. Плануем, што дасягнём валавога надою 57 тысяч тон малака, больш за 5700 кілаграмаў – сярэдні надой на карову. І гэта мы яшчэ не ўсе перспектывы рэалізавалі. Сёння пераразмяркоўваюцца сельскагаспадарчыя землі, удасканальваюцца пасяўныя плошчы. Ёсць з кім працаваць, ёсць выпрацаваныя стратэгіі. Увага
СУП «Белазем’е» і «Ліпнянка». Ужо вынікі гэтага года дэманструюць, што іх аздараўленне апраўдана і прыносіць вынік. Напрыклад, «Ліпнянка» сёння падвойвае вытворчасць прадукцыі раслінаводства.
Пры падтрымцы вобласці да канца года мы плануем увесці ў эксплуатацыю тры сучасныя даільныя залы, якія будуць абслугоўваць каля 2500 кароў, што дазволіць знізіць затраты на выпрацоўку малака і атрымліваць якасную сыравіну. З’явяцца МТФ «Падлессе» ў ААТ «Жарабковічы» на тысячу галоў, МТФ у «Ліпнянцы» на 800 галоў. Нядаўна ўрачыста адкрылі ферму ў «Ляхавіцкім».
У наступным годзе змяненні чакаюць МТФ «Цэнтр» ААТ «Нача» на 750 галоў, МТФ «Літва» ААТ «Шлях новы» на 700 галоў. Будзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на МТФ «Тальмінавічы» ААТ «Жарабковічы». Ляхавіцкі раён вырошчвае стратэгічныя культуры – цукровыя буракі і лён. Што датычыць апошняга, больш за 12 тысяч тон трасты – з такім рэкордам падыходзіць да фінішнай прамой наш ільнозавод.
Ёсць на Ляхавіччыне і сур’ёзныя прыватныя прадпрыемствы, якія свой патэнцыял да канца яшчэ не раскрылі: і «Яблыневы пасад», і «Фораланд», і шэраг іншых фермерскіх гаспадарак.
Сельскагаспадарчая сфера – работа не з лёгкіх, там працуюць моцныя надзейныя людзі. Іх  штодзённы клопат – гэта подзвіг, пра які павінны ведаць землякі, ганарыцца гэтым. Дзякуй кожнаму, хто выбраў такую нялёгкую справу. Вы заслугоўваеце лепшых слоў і шчырых пажаданняў.