Службы першай аграрнай неабходнасці

Калектыў райветстанцыі на чале з галоўным ветурачом Паўлам Сіцько (другі злева).

Самае непасрэднае дачыненне да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК маюць арганізацыі, што абслугоўваюць аграрны сектар: мясцовая льнонасенстанцыя, райплемстанцыя, райветстанцыя, раённы аддзел хімізацыі і дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

Сёлета лідарам у раённым спаборніцтве па вырошчванні льну сярод сельскагаспадарчых арганізацый прызнаны філіял КУП “Брэстільнонасенне” Ляхавіцкая льнонасенстанцыя. Валавы збор ільнавалакна склаў 298 тон пры ўраджайнасці 11,9 цэнтнера з гектара. Па словах дырэктара філіяла Аляксея Раманава, акцэнт робіцца на вырошчванне льну па новых тэхналогіях і паасобнай яго ўборцы. Сёлета ў ільнонасенстанцыі павялічылі пасяўную плошчу да 250 гектараў. Усе гэтыя змены і набытая новая тэхніка дазволілі ўбраць культуру без страт і атрымаць дастаткова высокія паказчыкі, выканаць дзяржзаказ па льновалакну. Вызначыўся ў сёлетняй уборцы камбайнер ільноўборачнага камбайна Аляксандр Алейнікаў, які на агрэгаце ТСЛ-2,4 выцерабіў лён на плошчы 293 гектара і на трактары МТЗ-82 з прэс-падборшчыкам ПРЛ-150 запрасаваў з улікам сярэднядзённай выпрацоўкі 346 тон ільновалакна. Яго праца адзначана перамогай у раённым спаборніцтве на ўборцы ўраджаю.

Як дадатковы сродак заробку, ільнонасенстанцыя для гаспадарак раёна праводзіць ачыстку ўсіх відаў траў. Для забеспячэння пасяўной кампаніі наступнага сельскагаспадарчага года нарыхтавана і даведзена да кандыцыі 300 тон ільнонасення. Вясной насенне пратравяць і, гатовае да сяўбы, перададуць у СВК.

Па словах галоўнага ветурача раёна Паўла Сіцько, асноўнае дасягненне ў дзейнасці ветстанцыі – спрыяльная ветэрынарна-санітарная сітуацыя на тэрыторыі раёна: на працягу больш як 10 гадоў не дапускаецца захворванняў жывёлы туберкулёзам, лейкозам, бруцылёзам.

Кваліфікаваныя спецыялісты лячэбніцы пастаянна кантралююць якасць сельскагаспадарчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. У раёне працуе 4 ветлячэбніцы, яшчэ адна ў горадзе. Яны аказваюць паслугі як насельніцтву, так і гаспадаркам.

У штаце раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін 9 спецыялістаў. Гэта малады, але кваліфікаваны калектыў. Яго задача – падрыхтоўка насеннага матэрыялу. Па словах начальніка інспекцыі Наталлі Грынкевіч, ужо апрацавана азімых зерневых культур 2015 тон, яравых і зернебабовых – 1900 тон.

Добра знаёмы аграрыям і Ляхавіцкі аддзел абласной станцыі хімізацыі. Такое падраздзяленне ёсць у кожным раёне. Асноўная яго функцыя – кантроль за эфектыўным выкарыстаннем мінеральных і арганічных удабрэнняў, вапнаваннем, укараненне новых відаў і спосабаў унясення мікраўдабрэнняў і павышэнне іх эфектыўнасці. Для гэтага раз у 4 гады праводзіцца раённае аграхімічнае абследаванне, яно паказвае аграхімічны склад кожнага поля. Як расказвае начальнік раённага аддзела абласной станцыі хімізацыі Віктар Алейнік, на падставе атрыманых даных складаецца карта ўрадлівасці зямель раёна. Гаспадаркі згодна плана ўгнойваюць ці вапнуюць глебу. Прычым вапнаванне адбываецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На гэту працэдуру ўжо затрачаны 1 мільярд рублёў. Акрамя таго, дзяржава дапамагае сельгаспрадпрыемствам з удабрэннямі. 70 працэнтаў іх набываецца за кошт бюджэту. Але пры гэтым адначасова кантралюецца і іх акупнасць.

Племпрадукцыя, племвытворчасць, племстанцыя. Гэтыя паняцці добра знаёмы заатэхнікам гаспадарак. У сельгасарганізацыях раёна працуе 13 селекцыянераў, 29 тэхнікаў па штучным асемяненні. А ў племстанцыі – дырэктар Кацярына Фірусь і 2 спецыялісты. Яны праводзяць работу па ўзнаўленні статка буйной рагатай жывёлы, свіней, паляпшэнні генетычнага патэнцыялу жывёлы, наладжванні і падтрыманні на належным узроўні племяннога ўліку і г.д. Інфармацыя пра ўсё матачнае пагалоўе раёна занесена ў цэнтральную базу БРЖ РСУП “Брэстплемпрадпрыемства”. Гэта дазваляе валодаць сітуацыяй па раёне, хутка рабіць аналізы і прагнозы па ўзнаўленні статка.

5 службаў, 5 напрамкаў дзейнасці, якія аб’яднаны адзінай мэтай – паляпшэнне работы сельскагаспадарчай галіны, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Аляксандр Алейнікаў

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *