Адкруціць крышачку дабрыні.«ЛВ» не аднойчы пісаў пра гэты адрас – Камсамольская, 32

Часам прыклад добрай звычкі аднаго зараджае на пазітыўныя справы іншага. Гэта дакладна ў выпадку нашай зямлячкі індывідуальнага прадпрымальніка Таццяны Касянковай.

Жаданне дапамагаць увайшло ў звычку: так Таццяна пачала збіраць крышачкі ад поліэтыленавых бутэлек. Якія, між іншым, у працэсе перапрацоўкі ператвараюцца ў многія патрэбныя рэчы: ад дзіцячых цацак да шматлікіх дробязяў для дома. Такое другое жыццё крышачкам дораць і многія ляхавічане, якія падтрымалі Таццяну Касянкову ў сацыяльна-экалагічным праекце «Новае жыццё ў абмен на крышачкі». Такім чынам яны працягнулі руку дапамогі хлопчыкам і дзяўчынкам, якія змагаюцца з захворван-нямі цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннямі апорна-рухальнага апарату.
Вось і на мінулым тыдні Таццяна адправіла ў Мінск каля дзесяці мяшкоў крышачак. Шчаслівая ад таго, што атрымліваецца дапамагаць, што гэта запатрабавана.
І ўдвая больш шчаслівая ад таго, што ёсць тыя, хто яе ў гэтым дабрачынным пачынанні падтрымлівае.
– Сёлета столькі ляхавічан далучыліся да акцыі «Новае жыццё ў абмен на крышачкі», што трэба ганарыцца за нашых нераўнадушных землякоў. Шчыры дзякуй Леакадзіі Мазоль, Галіне Сердзюковай, Вользе Бурак і БСЖ, Алене Вусік, Маргарыце Асецкай, наведвальнікам і работнікам аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН, усім-усім, хто дапамагаў збіраць крышачкі, – гаворыць Таццяна.
«ЛВ» не аднойчы пісаў пра гэты адрас – Камсамольская, 32, дзе ўсталявана спецыяльнае сэрца-кантэйнер для збору крышак. Прыемна, што яно напаўняецца і сапраўдным жаданнем дапамагчы тым, каму гэта неабходна.
Рыта Красавіцкая.