Рэзюмэ для педагога. Хто з ляхавіцкіх педагогаў дасць адкрыты ўрок у незнаёмым калектыве?

Раённы этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года» стартаваў напачатку снежня. Складаецца ён з двух тураў. Першы – завочны: на суд камісіі настаўнікі і выхавальнікі Ляхавіччыны прадставілі 35 метадычных распрацовак і дыдактычных матэрыялаў урокаў і заняткаў, а таксама самапрэзентацыі педдзейнасці. Прадметнае журы ў складзе вопытных і аўтарытэтных педагогаў раёна, спецыялістаў аддзела па адукацыі райвыканкама і вучэбна-метадычнага кабінета, намеснікаў дырэктараў устаноў ацаніла ўсе «резюмэ» і дала «пуцёўку» ў вочны тур лепшым.

У намінацыі «пачатковыя класы» адзначаны праекты ўрокаў Святланы Татарыновіч з СШ № 2 і Людмілы Граблюк з СШ № 1, «замежная мова» – Кацярына Тарабаш (СШ № 1) і Вольга Ланкуць (СШ № 2). У намінацыі «мастацтва, музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, тэхнічная праца, дапрызыўная падрыхтоўка» вызначаны Вольга Толкач з СШ № 2 і Вольга Буцько з Крывошынскай СШ імя Г. С Здановіча, «гісторыя і геаграфія» – Наталля Маслоўская (СШ № 2) і Уладзімір Погас (Начаўская СШ), «фізіка, матэматыка і інфарматыка» – Анастасія Барташэвіч (СШ № 1), Таццяна Крапіневіч (гімназія), «беларуская і руская мова і літаратура» – Наталля Філіповіч (Крывошынская  СШ імя Г. С. Здановіча) і Ганна Еўхач (СШ № 2).
Намінацыя «выхавальнік дашкольнай установы» назвала прозвішчы педагогаў, якія распрацавалі лепшыя заняткі для дашкольнікаў: Галіна Філіповіч (дзіцячы сад № 1), Наталля Шырэй (дзіцячы сад № 3), Наталля Крупайла (дзіцячы сад № 4).
Загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святлана Маргаева адзначае, што педагогі раёна адказна падышлі да падрыхтоўкі распрацовак і дыдактычных матэрыялаў урокаў і заняткаў, многія з іх выкарысталі сучасныя адукацыйныя тэхналогіі.
З 13 па 16 снежня пераможцы завочнага тура правядуць адкрытыя ўрокі ў незнаёмым калектыве навучэнцаў ці выхаванцаў.
Завяршальным штрыхом удзелу ў другім туры раённага конкурсу стане прадстаўленне сваёй сістэмы педагагічнай дзейнасці. Пераможцы прадставяць наш раён на абласным узроўні.
– Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педработнікаў «Настаўнік года» праходзіць у краіне ўжо больш за тры дзесяцігод-
дзі. Такія іспыты дапамагаюць выявіць ініцыятыўных, таленавітых, крэатыўных, мэтанакіраваных настаўнікаў. Конкурс садзейнічае прафесійнаму самавызначэнню і самаўдасканаленню настаўнікаў, развівае творчы патэнцыял, – падкрэслівае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Якубоўская.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.