Алімпійскі марафон для дашкольнікаў. Ляхавіцкія выхавальнікі атрымалі запрашэнне на Рэспубліканскую канвенцыю

7 снежня ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта адбылася II Рэспубліканская канвенцыя для педагогаў-дашкольнікаў з устаноў адукацыі краіны, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі рэалізацыі маштабнага праекта «Марафон алімпійскай адукацыі 2.0».

Фота з сайта аддзела па адукацыі райвыканкама

Арганізатар сустрэчы – грамадская арганізацыя «Беларуская алімпійская акадэмія», якая пры падтрымцы Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь праводзіць мэтанакіраваную дзейнасць па рэалізацыі алімпійскай адукацыі і папулярызацыі алімпійскіх каштоўнасцяў сярод дзяцей і моладзі.
Праект – частка вялікай працы.
З больш як двухсот устаноў дашкольнай адукацыі былі адабраны сем дзясяткаў лепшых справаздач у выглядзе фота і відэаролікаў, а ўдзельнікі праекта атрымалі запрашэнне на канвенцыю. Сярод іх і выхавальнікі дзіцячага сада № 3 Вераніка Шаўлякова і дзіцячага сада № 4 Наталля Петравец, кіраўнік фізвыхавання Дараўскай СШ Ганна Арэхава. Нашы зямлячкі мелі магчымасць ацаніць разнастайную праграму канвенцыі і пабываць на шматлікіх майстар-класах ад вопытных спецыялістаў.
Педагог Наталля Петравец падзялілася з «ЛВ» уражаннямі ад сустрэчы, якая стала вынікам рэалізацыі праекта ў 2022 годзе:
– Было вельмі пазнавальна паслухаць калег, убачыць, што яны робяць для фарміравання ў сваіх выхаванцаў уяўлення і ведаў пра алімпійскі рух, якія метады і прыёмы для гэтага выкарыстоўваюць, як павышаюць матывацыю да заняткаў фізічнай культурай і спортам. У нашым дзіцячым садзе, напрыклад, традыцыйна праходзяць дні здароўя, шматлікія спартыўныя мерапрыемствы і г. д. Дзеці любяць рух, спартыўныя гульні. А калі яны яшчэ праходзяць цікава і адметна, то становяцца сапраўдным святам. Мае калегі да арганізацыі кожнай спартландыі ці турніру ставяцца вельмі адказна, прадумваюць усе моманты.
У дзіцячым садзе на спартыўнай пляцоўцы аформлена сцяна з алімпійскімі сімваламі. Такім чынам хлопчыкі і дзяўчынкі ўспрымаюць інфармацыю не толькі на слых, але і наглядна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.