Абавязковыя зімовыя клопаты. У Ляхавічах у мінулую сераду праманіторылі зімовы парадак

Зіма не толькі малюе ўзоры на вокнах, але і прыдумвае прыродныя скульптуры з ледзяшоў, якія рознымі фігурамі звісаюць з дахаў будынкаў. Такая карціна захапляльна прыгожая, але небяспечная. З ледзяшамі, як і з галалёдам, а таксама снежнымі заваламі на дахах будынкаў трэба адназначна змагацца. Усё вышэйпералічанае – зона адказнасці як камунальнай службы, так і непасрэдна прадпрыемстваў і арганізацый, на чыім балансе знаходзяцца тыя ці іншыя будынкі.

1

– Нарастаючы вялікімі масівамі на дахах і правадах, ледзяшы могуць нанесці сур’ёзную шкоду камунальнай гаспадарцы. Пад цяжарам уласнай вагі яны здольны раптоўна абваліцца і пашкодзіць аўтамабілі, стаць прычынай траўмы і нават гібелі чалавека. Дарэчы, нельга дапускаць утварэння на дахах тоўстага снежнага покрыва, трэба абгароджваць небяспечныя зоны і на небяспечных участках вывешваць папераджальныя надпісы, – адзначае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.

2


Супрацоўнікі аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, райЦГіЭ і «ЛВ» у мінулую сераду праманіторылі зімовы парадак.
– Як толькі падмярзае і выпадае дастатковая колькасць снегу, праводзім маніторынг санітарнага стану гарадскіх і сельскіх тэрыторый, сочым, як праводзяцца супрацьгалалёдныя мерапрыемствы. Сітуацыя пад пастаянным кантролем санітарнай службы. Пасля таго, як у мінулыя выхадныя надвор’е добра пасваволіла, праблем стала істотна больш. Таму неабходна выявіць найбольш праблемныя месцы, указаць на іх адказных службам, каб яны прынялі меры для іх хуткага ўхілення. Згодна з Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, санітарную ачыстку і ўборку падпарадкаваных тэрыторый, у тым ліку штодзённую ачыстку ад усіх відаў снежных, ледзяных утварэнняў, апрацоўку пры неабходнасці супрацьгалалёднымі сродкамі праезнай часткі вуліц, тратуараў павінен ажыццяўляць землекарыстальнік за кошт уласных сродкаў у межах прадастаўленых участкаў, а на землях агульнага карыстання – спецыялізаваныя арганізацыі. У Ляхавічах – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», – расказвае памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Данута Багдановіч.
– У пералік работ па падтрыманні належнага санітарнага стану на замацаваных за арганізацыямі і прадпрыемствамі тэрыторыях уваходзіць і расчыстка ад снегу і наледзі, апрацоўка супрацьгалалёднымі сродкамі па меры неабходнасці, ва ўмовах вялікіх снегападаў, завей, галалёдзіцы – не радзей за адзін раз у суткі. Гэта прадугледжана рашэннем райвыканкама, – адзначае загадчык сектара аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Алена Князева.
Нягледзячы на істотны снега-пад, камунальныя службы спрацавалі нядрэнна. Убачаныя падчас рэйду расчышчаныя праезныя часткі дарог, тратуары, двары шматкватэрнікаў, аўтобусныя прыпынкі – таму пацвярджэнне. Паклапаціліся пра сваіх работнікаў і пра наведвальнікаў многія гандлёвыя кропкі, аб’екты бытавога абслугоўвання, банкі, аддзялен-
ні паштовай і электрасувязі і іншыя. Праўда, якасць ачысткі
ад снегу розная. Калі, напрыклад, каля магазіна «Усходні» ўсё вычышчана літаральна да асфальтавага пакрыцця і падсыпана супрацьгалалёднай сумессю, то пры ўваходзе ў магазін «Еўраопт» на вуліцы Южакова снег хоць і ўбраны, але даволі слізка – да бяды недалёка. Каля цэнтральнай аптэкі на вуліцы Леніна і мага-
зіна «ProЗапас» расчышчаны пешаходныя дарожкі і прыступкі пры ўваходзе ў аб’екты, а вось на пандусы «ўезд закрыты» з-за наледзі, якая ўтвараецца з-за сцёку вады з дахаў.
– Амаль ідэальны выгляд на момант правядзення рэйду быў на аўтастанцыі (фота № 1), каля магазіна «Капеечка» па вуліцы Інтэрнацыянальнай, магазіна «Фікспрайс». І зусім супрацьлеглая сітуацыя пры ўваходзе на гарадскі рынак, а таксама непасрэдна каля прылаўкаў, дзе вядзецца гандаль садавіной-агароднінай, даволі небяспечна пры ўваходзе ў мясны павільён. Нездавальняючая адзнака за расчыстку дваровых тэрыторый дамоў № 21а і 21б па вуліцы Чкалава, усіх шматпавярховікаў па вуліцы Арлоўскага. Нямала прэтэнзій па якасці расчысткі ад снегу і наледзі да тэрыторый ПМК-13, «Ібіры», чыгуначнай станцыі і аўтобуснага прыпынку каля чыгункі, магазіна «Родны кут» па вуліцы Інтэрнацыянальнай, – тлумачыць сітуацыю Данута Багдановіч.
Наступны небяспечны момант – ледзяшы. Відавочна, на многіх аб’ектах іх збіваюць, але пакуль не паўсюдна.
– Не збіты ледзяшы на магазіне «Разумны выбар», гарадскім Доме культуры, квартальнай кацельні па вуліцы Чкалава, вытворчых памяшканнях камунгаса па вуліцы Вакзальнай, а таксама ў дамах № 18, 20, 24, 26 па вуліцы Арлоўскага (фота № 2), па вуліцы Чкалава, на многіх шматпавярхоўках па вуліцы Леніна, – адзначае Данута Багдановіч.
Асфальт і дарожная плітка з белым налётам – гэта не рэшткі снежнага покрыва, а соль, якую шчодра рассыпаюць камунальнікі, змагаючыся з ільдом. Для нашага абутку карысці тут мала, але, як расказалі ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, пры плюсавой тэмпературы і лёгкім марозе соль – самы надзейны сродак у барацьбе з галалёдзіцай, пры больш нізкіх тэмпературах эфектыўней пясчаныя сумесі.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва райЦГіЭ.