За мірнае неба над намі. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны «ЛВ» завітаў у батальён кіравання вайсковай часці 29969 Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі

 Дзень абаронцаў Айчыны ў першую чаргу свята тых, для каго
ў розны час служба ва Узброеных Сілах краіны стала грамадзянскім абавязкам ці прафесіяй. 

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны «ЛВ» завітаў у батальён кіравання вайсковай часці 29969 Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі, каб даведацца ад армейцаў, як праходзіць іх служба.

Абараняць Радзіму – ёсць такая прафесія. Гэта і пра ваеннаслужачых і служачых батальёна кіравання вайсковай часці 29969 Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі. Яны нясуць пастаяннае баявое дзяжурства па абароне паветраных межаў краіны.
Падраздзяленне ганарыцца сваімі слаўнымі традыцыямі і рытуаламі. Кожнае баявое дзяжурства для асабовага складу пачынаецца з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Дзяжурныя на камандным пункце сочаць за паветранай сітуацыяй у зоне сваёй адказнасці.

Сіла арміі – гэта ў першую чаргу мужнасць, стойкасць і патрыятызм салдатаў і афіцэраў…
Сёння ў беларускай арміі служаць людзі, якія свята шануюць
і берагуць традыцыі пакалення пераможцаў. Унукі і праўнукі тых, хто 80 гадоў назад адстаяў свабоду нашай Радзімы ў гады Айчыннай вайны і прынёс народу Вялікую Перамогу.


Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка.
Урачыстая цырымонія
ўручэння дзяржаўных узнагарод
і генеральскіх пагонаў прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу.
20 лютага 2025 года.


Дзмітрый БРАДНІЦКІ, камандзір батальёна кіравання,
падпалкоўнік:

– Наша вайсковая часць паспяхова нясе баявую задачу па абароне дзяржаўных паветраных межаў нашай Беларусі. Можна сказаць, – гарант чыстага неба над нашай краінай. У сучасных рэаліях, выкарыстоўваючы вопыт мінулых пакаленняў, ваеннаслужачыя батальёна асвойваюць новыя армейскія спецыяльнасці, пераймаюць вопыт арміі Расійскай Федэрацыі ў барацьбе з беспілотнікамі, удзельнічаюць у сумесных расійска-беларускіх вучэннях. Вучым нашых байцоў уменню пастаяць за сябе, сваю сям’ю, Радзіму, атрымаць армейскія навыкі.
Я кадравы ваенны з 1997 года, калі стаў курсантам Ваеннай акадэміі. Ганаруся тым, што служу любімай Беларусі. Як і іншыя афіцэры батальёна, з года ў год, прызыў да прызыву прыкладаем усе намаганні, каб ваеннаслужачыя розных падраздзяленняў не толькі годна неслі службу, асвоілі ваенныя спецыяльнасці, але і адчулі, што такое армейскае братэрства. Адзначу, што сённяшнія юнакі, якія прыходзяць на службу, – дысцыплінаваныя, адказныя, матываваныя, многія з вышэйшай адукацыяй і галоўнае – з вялікім жаданнем дастойна служыць Радзіме. Наколькі дазваляе Статут, наш батальён адкрыты для бацькоў ваеннаслужачых, якія могуць прыехаць у спецыяльна адведзены час – Дні адчыненых дзвярэй – і на ўласныя вочы ўбачыць, у якіх умовах служаць іх дзеці.

Андрэй ПАЛЯШУК, намеснік камандзіра
па ідэалагічнай рабоце, маёр:

– У батальёне кіравання служу больш за пяць гадоў. Ніколі
не пашкадаваў пра свой колішні выбар – прафесію ваеннага. З кожным годам упэўніваюся, наколькі важная і неабходная служба па абароне паветраных межаў краіны. Армія – сапраўдная школа жыцця для мужчын, яна загартоўвае і характар, і цела. Ваеннаслужачыя вучацца працаваць у нестандартных умовах, самастойна прымаць рашэнні, ад якіх залежыць не толькі ўласны поспех, але і таварышаў, а таксама несці адказнасць за прынятае рашэнне. Важна і тое, што ваеннаслужачыя, акрамя службовага вопыту, навыкаў, атрымліваюць і ваенную спецыяльнасць. Юнакі, незалежна ад таго, пачынаюць службу амаль адразу пасля заканчэння школы ці з дыпломам сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай навучальнай установы, маюць жаданне і гатовы прыносіць карысць сваёй Радзіме. У нашым вялікім калектыве – здаровая атмасфера ўзаемавыручкі і ўзаемападтрымкі. Гэта адчуваецца ва ўсім: баявое дзяжурства, вучэнні, вольны час, культурныя і спартыўныя мерапрыемствы. Трымаем цесную сувязь з бацькамі ваеннаслужачых тэрміновай службы. Яны, у сваю чаргу, могуць сачыць за навінамі на тэлеграм-канале «Лакатар». Каб зацікавіць службай ва Узброеных Сілах, праводзім шырокамаштабную прафарыентацыйную работу. Не першы год плённа супрацоўнічаем з гімназіяй, дзе створаны клуб «Доблесць пакаленняў». Акрамя таго, узаемадзейнічаем са школьнікамі, якія займаюцца ў раённым цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі. Канешне, заўжды рады сустракаць навучэнцаў школ Ляхавіччыны, а таксама аграрнага каледжа: юнакі і дзяўчаты могуць пазнаёміцца з буднямі ваеннаслужачых. І сёлета ў батальёне пройдзе традыцыйная акцыя «Маміны пірагі» з удзелам пярвічак раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» і іншых грамадскіх арганізацый.

Яўгеній КАЗУШЧЫК, радавы:
– Я ляхавічанін, служу на тэрыторыі сваёй малой радзімы. Праз сем месяцаў пасля прызыву перайшоў на кантрактную форму ваеннай службы. Такім чынам выканаў пажаданне свайго дзеда, які заўжды ў якасці прыкладу прыводзіў майго хроснага – кадравага ваеннага. Дарэчы, прафесію Радзіме служыць выбраў і мой стрыечны брат. Так што ў нас ужо сямейная дынастыя. Да службы ў арміі працаваў педагогам-псіхолагам у дзіцячым садзе № 4 у Ляхавічах. Рады, што ў маім жыцці з’явілася армейская служба. Гэта зусім іншы ў параўнанні з грамадзянскім жыццём этап. З мая 2024 года і па сёння я многаму навучыўся і не толькі воінскім спецыяльнасцям, але і таму, наколькі важна адчуваць падтрымку сваіх саслужыўцаў. Мае планы? Хачу застацца ў арміі і атрымаць афіцэрскае званне. Гледзячы на тое, што адбываецца зараз каля межаў Беларусі, усведамляю, што кожны мужчына павінен умець абыходзіцца са зброяй, абараняць Радзіму.

Яўгенія КІСЛЯКОВА, планшэтыст, яфрэйтар: 
– У нашым дружным калек-тыве жанчын нямала. І мы стараемся годна несці службу, не адставаць ад ваеннаслужачых-мужчын. Атрымліваецца, ды яшчэ як – паказваем добрыя вынікі. Любая воінская служба складаная, але з цягам часу засвойваеш усе сакрэты. Асноўная задача планшэтыста – сачыць за паветранай абстаноўкай. Служу з 2013 года. Мая мірная прафесія ніякім чынам не звязана з ваеннай службай. Але неяк проста захацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці іншым. Пайшла служыць у армію па кантракце, так і засталася тут. Упэўнена, гэта маё. І калі б можна было б вярнуць час назад, то, магчыма, паступала б у Ваенную акадэмію. Ганаруся сваёй службай і калектывам. Такія ўзаемаветлівыя, добразычлівыя адносіны, як у часці, дарагога вартыя. А яшчэ люблю ваенную форму. Колькі эмоцый засталося пасля таго, як у складзе жаночай «каробкі» ўдзельнічала ў ваенных парадах, прымеркаваных да юбілейных дат вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Вялікай Перамогі, што праходзілі ў Мінску. Яшчэ важным пацвярджэннем правільнасці выбару прафесіі ваеннага сталі словы 10-гадовага сына: «Вырасту, буду ваенным, як мама, праўда – лётчыкам!»

Міхаіл БРАТАНАЎ, радавы:
– У батальёне кіравання служу з лістапада 2024 года. У мінулым годзе закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, паспеў папрацаваць праграмістам. Потым атрымаў павестку. Ніколі не ўзнікала сумненняў: служыць ці не. Упэўнены, гэта абавязак кожнага мужчыны. Фізічна я падрыхтаваны добра, таму ніякіх праблем у плане распарадку дня не адчуваў, спакойна разам з усімі выконваю каманду «Пад’ём» у 6 гадзін раніцы. Ніякага напружання не было і наконт таго, што засталіся без смартфонаў ці айфонаў.Увогуле, адаптацыя ў арміі прайшла ўдала. Харчаванне тут супер! Мне падабаецца ўсё! Я з Лунінецкага раёна прызываўся ў батальён адзін, але тут сустрэў сваіх землякоў, пазнаёміўся з іншымі ваеннаслужачымі, разам нясём не толькі баявое дзяжурства, удзельнічаем у вучэннях, але і адпачываем, займаемся спортам. Камандзіры ўважлівыя, падкажуць, калі патрэбна, растлумачаць, дапамогуць. Нядаўна быў у кароткатэрміновым водпуску, з’ездзіў да бацькоў. Упэўнены, што за год службы атрымаю тут выдатны вопыт, які спатрэбіцца ў далейшым жыцці.