Добрая песня вялікай справы. Зала ГДК г.Ляхавічы сабрала тых, каму неабыякавы лёс маленькіх землякоў

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

У карагодзе навогодніх падзей і цудаў на Ляхавіччыне ёсць асаблівае – дабрачынна-творчае.
Напоўненая пяшчотай і дабрынёй зала ГДК сабрала тых, каму неабыякавы лёс маленькіх землякоў, што наведваюць цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а на сцэне – тыя, хто сваёй творчасцю, ініцыятывай, шчырасцю душы і чысцінёй памкненняў робіць гэты свет лепшым.

На Ляхавіччыне ў мінулы чацвер прайшоў дабрачынны канцэрт «Калі мы разам!». Гэта яшчэ адна – наша, мясцовая, цёплая і добрая – традыцыя ў рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці». І сёлета гэты канцэрт атрымаў у назве слова «вялікі». І заслужана – па-першае, за справу, якую робяць, а па-другое, за тое, што да яго далучаецца ўсё больш артыстаў і творчых калектываў.
Адкрыў дабрачынны канцэрт кіраўнік эстраднай студыі «Экспрэс» Юрый Грынь. А менавіта з яго прапановы, ініцыятывы і пасля рэалізацыі ўжо дзявяты раз запар на Ляхавіччыне ў пераднавагодні час праходзіць такі дабрачынны канцэрт.


– Гэта свята магчыма таму, што ў свеце ёсць нераўнадушныя людзі. Дабрачыннасць нараджае дабрачыннасць. Прыемна, што нашы землякі кожны год ахвотна прыходзяць на канцэрт і тым самым фінансава падтрымліваюць асаблівых дзетак, якім у гэты навагодні час сапраўдныя цуды проста неабходны. Усё больш калектываў гатовы дарыць сваю творчасць і спагадлівасць душы. А сёлета мы пачалі гэты канцэрт дабрачынным турам па раёне. Усё атрымалася! Дзякуй за гэта! – адзначае Юрый Грынь.
І кожны, хто купіў білет на канцэрт «Калі мы разам!», унёс свой уклад у вялікую справу. Бо сродкі ад прададзеных білетаў адправяцца на матэрыяльную падтрымку цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
– Дзякуй за магчымасць ад блізкіх людзей – нашых ляхавічан – атрымліваць і часцінку вашай цеплыні і дабрыні, і фінансавую падтрымку. Паколькі ў тым ліку дзякуючы і гэтаму канцэрту наша ўстанова папаўняецца рознымі дапаможнікамі, што патрэбны дзецям. А дзякуючы гэтаму свет асаблівага дзіцяці становіцца больш шырокім і насычаным, – адзначыла дырэктар цэнтра Наталля Маслоўская.
Чулліва і ад ўсяго сэрца наведвальнікі цэнтра Вікторыя Янковіч і Уладзіслаў Галіцкі разказалі вершаваныя радкі.
Колькі гучала знаёмых вясёлых, пранікнёных, рамантычных і не толькі музычных кампазіцый, здзіўлялі і танцавальныя пастаноўкі – усё гэта артысты і калектывы раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў, харэаграфічная група школы танца ANANKO DANCE і іншыя, а зорным госцем праграмы стала Надзея Семянкова з Баранавіч.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.