Працоўныя інтарэсы. Чарговы прафсаюзны прававы прыём адбыўся 22 снежня на базе Ляхавіцкага лясгаса

Абарона працоўных правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў – пытанні, з якімі звяртаюцца да юрыстаў Федэрацыі прафсаюзаў работнікі прадпрыемстваў і арганізацый падчас прававых прафсаюзных прыёмаў.
Чарговы адбыўся 22 снежня на базе Ляхавіцкага лясгаса. Да галоўнага прававога інспектара працы Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Алены Бяляк звярнуліся за тлумачэннем, на якіх умовах перанесці працоўны водпуск, як датэрмінова спыніць працоўны дагавор, з іншымі пытаннямі.
Алена Бяляк нагадала, што артыкул 41 Працоўнага кодэкса прадугледжвае некаторыя прычыны, якія даюць магчымасць скасаваць працоўныя адносіны датэрмінова па патрабаванні работніка. Да іх адносяцца хвароба і інваліднасць супрацоўніка, якія перашкаджаюць выкананню работы па працоўным дагаворы. Таксама падставамі для скасавання кантракта з’яўляюцца парушэнні наймальнікам працоўнага заканадаўства, калектыўнага ці працоўнага дагавора. Важна, што да выдання загада аб звальненні работнік павінен выконваць свае працоўныя абавязкі. У адваротным выпадку ён можа быць звольнены за парушэнне працоўнай дысцыпліны.
Пасля прыёму ў калектыве лясгаса прайшоў прававы ўрок, тэмай якога сталі ўмовы і парадак прыцягнення работнікаў да матэрыяльнай адказнасці.
Тамара ПРАКАП’ЮК, старшыня
раённага аб’яднання прафсаюзаў