Цуды там, дзе іх чакаюць. Што адбылося ў Ляхавіцкай райбальніцы, чаму туды завітаў Дзед Мароз?

Рэспубліканская дабрачынная акцыя «Цуды на Каляды», якую ініцыявалі БРСМ і БРПА, крочыць па краіне. 22 снежня яе арганізатары завіталі ў Ляхавіцкую райбальніцу, а менавіта ў дзіцячае аддзяленне, і дадалі да працэсу выздараўлення шмат яркіх эмоцый.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Дзед Мароз і Снягурка, валанцёры з розных школ разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі спявалі, вадзілі карагоды, танчылі і, вядома, уручалі падарункі. У дзіцячым аддзяленні ЦРБ праходзяць лячэнне 16 дзяцей,
і кожны з іх атрымаў прыемны навагодні сюрпрыз.
А яшчэ на памяць пра тое, што навагоднія цуды існуюць, дзеці атрымалі дызайнерскія ёлкі ручной работы, якія ўдзельнічалі ў
раённым этапе рэспубліканскага конкурсу «Ёлка_БУМ». Такія арыгінальныя і ўнікальныя падарункі падрыхтавалі піянерскія дружыны школ раёна. Да дабрачыннай акцыі далучыўся і «Ляхавіцкі веснік».
Вось такія цуды на Каляды! Самае галоўнае, каб дзеткі хутчэй папраўляліся і  не хварэлі!
– «Цуды на Каляды» – гэта яшчэ адна добрая традыцыя, якая папаўняе скарбонку добрых спраў рэспубліканскага праекта «Нашы дзеці». Цуды заўжды там, дзе іх чакаюць. Для рабят, упэўнена, гэта стала прыемнай нечаканасцю. Няхай і ненадоўга, але мы ўзнялі настрой гарэзам, павесялілі іх. Зала напоўнілася дзіцячымі ўсмешкамі –
і гэта галоўнае. Дзякуй, хто знайшоў час і магчымасць гэты цуд на Каляды ажыццявіць, – расказвае першы сакратар райкама БРСМ Анастасія Дземідовіч.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.