З гульнёй праз стагоддзе. Клуб ЮНЕСКА «Заранка», які дзейнічае пры цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ляхавіцкага раёна, атрымаў статус цэнтра беларускіх народных і дзіцячых гульняў

Клуб ЮНЕСКА «Заранка», які дзейнічае пры цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ляхавіцкага раёна больш за 18 гадоў, ляхавічане ведаюць у тым ліку па акцыях, якія тут ладзяцца для падапечных установы.

Нядаўна клуб атрымаў статус цэнтра беларускіх народных і дзіцячых гульняў. Сертыфікат, што сведчыць гэта, уручаны «Заранцы» кіраўніцтвам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА».
12 клубаў ЮНЕСКА з розных рэгіёнаў рэспублікі прынялі ўдзел у маладзёжным гісторыка-культурным праекце «З гульнёй праз стагоддзе». Сярод тых, хто атрымаў запрашэнне, – і клуб «Заранка». Праект запушчаны з мэтай вывучэння, захавання і папулярызацыі традыцыйных беларускіх гульняў як выразнага
элемента нематэрыяльнай культуры нашай краіны праз актыўнае ўцягванне ў даследчую і асветніцкую дзейнасць сучаснай моладзі.
Юныя землякі з натхненнем узяліся за справу.
– Нашымі партнёрамі ў зборы інфармацыі і яе апрацоўцы сталі супрацоўнікі Ляхавіцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і ўстановы адукацыі раёна. Іх зацікаўленасць і творчы падыход, крэатыўнасць забяспечылі высокі вынік. Вельмі ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся на ўдзел у праекце і нераўнадушна паставіўся да справы. Важна, каб не згубілася сувязь паміж мінулым і сённяшнім, каб сучаснае пакаленне ведала і шанавала традыцыі дзядуляў і бабуль, перадавала іх далей, – адзначае дырэктар ЦКРНіР і кіраўнік клуба «Заранка» Наталля Маслоўская.
Ініцыятыўная група ў складзе каардынатара праекта дырэктара ЦКРНіР Наталлі Маслоўскай, дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрыя Грыня і метадыста Вольгі Палуян, рабят з «Заранкі» Арыны Страмавус, Данііла Легеды, Евы Джафаравай, Дзіяны Кудзялевіч і Гаміда Гамідава адправілася ў экспедыцыі ў аграгарадкі Ліпск і Востраў. Сустракаліся з мясцовымі жыхарамі, якія з радасцю расказвалі ім пра гульні свайго дзяцінства. Напрыклад, пра дзіцячыя гульні свайго часу распавядалі жыхаркі Вострава Кацярына Рагацэвіч 1943 г. н. і Соф’я Ламанос 1940 г. н., Соф’я Салодкая 1936 г. н. з Ліпска.
Рабяты з інтарэсам запісвалі правілы гульні, развучвалі іх, гулялі і дзівіліся колішнім забавам сваіх землякоў. Шмат часу рабяты і дарослыя займаліся афармленнем гульняў, відэазапісам і стварэннем адпаведнага архіва. А яшчэ прэзентавалі вынікі экспедыцый у школах раёна. На зімовых канікулах у аздараўленчых лагерах дзённага знаходжання хлопчыкі і дзяўчынкі таксама маюць магчымасць пазнаёміцца з гульнямі сваіх продкаў.
Падчас рэалізацыі праекта былі і навучальныя семінары, знаёмства з паняццем «нематэрыяльная культурная спадчына» і многае іншае.
Так у скарбонцы клуба «Заранка» з’явілася 12 народных гульняў Ляхавіччыны.
У снежні ў Брэсце адбылося падвядзенне вынікаў гульнёвага праекта. Ляхавічане прадстаўлялі гульню «Явар», пра якую даведаліся ў Ліпску. Яркая прэзентацыя, калекцыя гульняў раёна і відэаархіў забяспечылі клубу ЮНЕСКА «Заранка» статус цэнтра беларускіх народных і дзіцячых гульняў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.