У інтарэсах дзяцей і грамадства. Камісіі па справах непаўналетніх адзначаюць 105-годдзе з моманту ўтварэння

Усё пачынаецца з сям’і. Менавіта сярод родных і блізкіх людзей закладваюцца традыцыі, фарміруюцца інтарэсы, духоўныя каштоўнасці, паважлівыя адносіны і г. д. Малодшае пакаленне прымярае на сябе ролі дарослых, неасэнсавана капіруе іх паводзіны. На жаль, не заўсёды прыклад бацькоў і асяроддзя станоўчы. І часам без старонняга ўмяшання праблемы з паводзінамі дзяцей і падлеткаў вырашыць не атрымліваецца.


Старшыня камісіі па справах непаўналетніх Святлана Юрлевіч (другая справа) і члены КСН да разгляду кожнай справы падыходзяць індывідуальна.

Кульмінацыю падзей можна назіраць на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх, якія праходзяць двойчы ў месяц у райвыканкаме, і куды выклікаюць падлеткаў, калі тыя былі заўважаны ў супрацьпраўных паводзінах, і іх законных прадстаўнікоў.
Галоўныя накірункі дзейнасці КСН – прафілактыка безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, абарона іх правоў і інтарэсаў, аналіз супрацьпраўных сітуацый, у тым ліку ў сем’ях, і прыняцце мер па іх выпраўленні.

14 студзеня камісіі па справах непаўналетніх адзначаюць 105 гадоў з дня ўтварэння. Нераўнадушнае стаўленне да лёсу дзяцей і дзейнасць на папярэджванне – гэта вызначае тых, хто ўваходзіць у склад камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама: спецыялістаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі, сацыяльнай абароны, аховы здароўя, праваахоўных органаў. Узначальвае структуру намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, яе намеснік – Наталля Мацкевіч.
Нярэдка члены камісіі літаральна пакрокава разбіраюцца ў сітуацыі, у якой апынуліся дзеці і падлеткі, вызначаюць прычыны і ўмовы, што садзейнічалі супрацьпраўным паводзінам.
За 2022 год камісія па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзела 108 спраў, з якіх 22 адміністрацыйныя. Летась у КСН паступіла дзевяць матэрыялаў, звязаных з распіццём непаўналетнімі алкагольных і слабаалкагольных напіткаў, маюцца і факты парушэнняў правілаў дарожнага руху.
Сістэмная прафілактычная дзейнасць накіравана на зніжэнне правапарушэнняў і злачынстваў. Так, летась у раёне не зарэгістравана фактаў крадзяжу непаўналетнімі. Калі ў 2021 годзе тры злачынствы ўчынены падлеткамі, якія дасягнулі ўзросту крымінальнай адказнасці, то летась зарэгістравана толькі адно. Зменшылася і колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, якія не дасягнулі ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці, з васьмі ў 2021 годзе да пяці ў 2022-м. Менш стала выпадкаў кіравання аўтатранспартам юнакамі, якія не маюць адпаведных дакументаў. У 2021 годзе такіх выпадкаў было восем, а летась – пяць. Ва ўсіх выпадках бацькі ведалі, што іх дзеці садзяцца за руль, не маючы на тое права, але праблемы ў гэтым не бачылі… Так, у адной сям’і за кіраванне аўто без правоў да адміністрацыйнай адказнасці спачатку быў прыцягнуты старэйшы сын, а праз год і малодшы. А між тым, нявопытны вадзіцель уяўляе небяспеку не толькі для сябе, але і для іншых, а адміністрацыйныя правапарушэнні заносяцца ў рэспубліканскую базу даных…
У нашым раёне на працягу некалькіх гадоў не рэгіструюцца правапарушэнні і злачынствы, звязаныя з распаўсюджваннем падлеткамі наркатычных сродкаў. У сувязі з гэтым галоўная задача дарослых – захаваць станоўчую тэндэнцыю і не дапусціць уцягвання дзяцей у наркабізнес. Для гэтага бацькам трэба трымаць на кантролі занятасць і знаёмствы рабят, расходаванне грошай ці іх нечаканае ўзнікненне, іншае.
У рабоце камісіі выкарыстоўваюцца розныя формы, сярод якіх выязныя пасяджэнні, у тым ліку на базе ўстаноў адукацыі, гутаркі і сустрэчы. Розныя і тэмы ўвагі: прафілактыка падлеткавай безнагляднасці і пропускаў заняткаў, выкананне бацькамі сваіх абавязкаў, правядзенне індывідуальна-прафілактычнай работы і г. д. Разглядаліся матэрыялы ў адносінах падлеткаў, якія былі адлічаны з устаноў прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі.
За кожнай лічбай і абставінамі – лёс канкрэтных людзей. У працоўнай біяграфіі камісіі маецца шмат гісторый са шчаслівым фіналам. Падлетак пераступіў мяжу закону, калі на адной з гандлёвых пляцовак у інтэрнэце падманваў пакупнікоў. Дарослыя далі яму шанц на выпраўленне, якім ён і скарыстаўся. Аб’яднаныя намаганні бацькоў і спецыялістаў не прайшлі дарма: у юнака палепшыліся адзнакі, змянілася і кола зносін, наладзіліся адносіны з бацькам.
– Мэта дзейнасці камісіі не пакараць, а дапамагчы, папярэдзіць. Да апошняга адстойваем інтарэсы непаўналетніх, спрабуем разнастайныя прыёмы і метады ўздзеяння. Ва ўзаемадзеянні з камісіяй працуюць установы адукацыі, міліцыя, розныя зацікаўленыя ведамствы і службы. Вынік будзе, калі ў сям’і ўсведамляюць, што праблема існуе, і прымаюць намаганні па ўхіленні, а не ігнаруюць абавязкі па выхаванні дзяцей, – падкрэслівае Наталля Мацкевіч і прыводзіць чарговы прыклад.
Непаўналетні ляхавічанін, нягледзячы на ўзрост, ужываў спіртное, без прычын прапускаў вучэбныя заняткі, сварыўся з бацькамі. У нецвярозым стане ўчыніў крадзеж грашовых сродкаў, і судом быў абмежаваны ў знаходжанні па-за домам па месцы жыхарства ў вячэрні час, абавязаны з’яўляцца для кантролю ў міліцыю. Усе гэтыя патрабаванні падлетак ігнараваў. Напрыканцы 2022 года абмежавальная мера прыгаворам суда заменена на больш строгую ў выглядзе змяшчэння ў спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову тэрмінам на год.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Мацкевіч падкрэслівае, што адсутнасць узаемаразумення ў сям’і, агульных інтарэсаў і захапленняў прывялі да сумнага выніку. Хаця і ўстановы адукацыі, і іншыя зацікаўленыя службы прыкладалі намаганні для таго, каб падлетак не адчуваў сябе непатрэбным грамадству.
Не нараджаюцца дзеці вундэркіндамі, як і аматарамі спіртных напіткаў. Задача бацькоў – не толькі накарміць і апрануць дзіця, але быць разам з ім, умела накіроўваць па жыцці і ўмець слухаць, паважаць яго выбар. А яшчэ стварыць умовы для яго росту і паспяховасці.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.