Берасцейская феерыя. Для ляхавічан абласны фестываль-кірмаш «Берасцейскія сані-2023» запомніўся і прэзентацыяй цёплага брэнда ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» «Птушка-ляхавічка»

Вядучы спецыяліст па маркетынгу Ляхавіцкага кансервавага завода Вікторыя Грубая і начальнік аддзела збыту прадпрыемства Вольга Матуліс.

Супер! Выдатна! Сапраўднае свята! Дзякуй арганізатарам! Толькі частка водгукаў ад тысяч гледачоў і ўдзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу «Берасцейскія сані-2023», які на тры дні
(з 13 па 15 студзеня) ператварыў цэнтр горада Баранавічы ў вялікую сцэнічную пляцоўку. Адно цікавае дзейства пераходзіла ў наступнае, не менш яркае і запамінальнае.

З першых стартавых гадзін было відавочна – інтарэс да «Берасцейскіх саняў» шырокі. Гасцям прапаноўваліся разнастайныя мерапрыемствы, якія зацікавілі дарослых і дзяцей, так што свята па праве можна назваць сямейным. Гасцінна расчыніла дзверы рэзідэнцыя Дзеда Мароза, жадаючыя маглі пакатацца на конях і поні, багатым асартыментам вабілі гандлёвыя рады, дзе свае вырабы прадставілі і рамеснікі. Папулярнымі сталі арт-аб’екты, конкурсы, гульні.


Урачыстае адкрыццё «Берасцейскіх саняў-2023» адбылося ў суботу,
14 студзеня. Старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка павітаў гасцей і ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу, падзякаваў кіраўніцтву гарадоў і раёнаў вобласці, арганізацый, прадпрыемстваў і творчых калектываў, якія адгукнуліся на ініцыятыву аблвыканкама і падтрымалі традыцыю правядзення «Берасцейскіх саняў». Губернатар Брэстчыны зачытаў прывітальны адрас старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай гасцям і ўдзельнікам фестывалю.
І вось ён, чаканы момант, адна з цэнтральных падзей усяго фесты-
валю – зімовы парад стылізаваных машын ад прадпрыемстваў і арганізацый вобласці. Што ні аўтамабіль – то безліч эмоцый і суцэльная прыгажосць.
Каля тысячы метраў – працягласць гандлёвых і выставачных радоў, якія вабілі рознай смакатой, водарам, адметнай «абгорткай», што ўпрыгожвала кожны аб’ект гандлю і грамадскага харчавання з усёй Брэстчыны. Пакаштаваць, купіць было што – прапанова дастойная, цэны прымальныя, выбар багаты. І ў разы
прыемней, што ў такім патоку не згубіліся, а, наадварот, адзначыліся і запомніліся прадпрыемствы і арганізацыі Ляхавіцкага раёна.
На ўра разыходзіліся прысмакі, зробленыя майстрамі-кандытарамі філіяла «Кааппрам» райпо. Нямала жадаючых было прадэгуставаць адметную  з дамашнім смакам прадукцыю СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» і ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Каля нашага павільёна нельга было не заўважыць металічную цуда-птушку. Знаёмцеся: «Птушка-ляхавічка» – новы цёплы брэнд для дамашняй прадукцыі ад кансервавага завода.


– Уражанняў ад фестывалю – безліч. Упершыню на суд пакупнікоў і спажыўцоў мы прадставілі лінейку нашай новай прадукцыі пад брэндам «Птушка-ляхавічка», сюды ўвайшлі стручковы марынаваны перац, соус-паста «песта», вішнёвы соус да мяса, фруктовы соус да мяса птушкі. У далейшым лінейка будзе пашырацца. Усе, хто прадэгуставаў кансервы, засталіся задаволенымі. А колькі «дзякуй» пачулі за смачныя гарачыя і духмяныя «калядныя чаі» з натуральных прадуктаў, – расказвае начальнік аддзела збыту кансервавага завода Вольга Матуліс.
Музыкай, песнямі, танцамі былі багатыя «Берасцейскія сані». Радавалі не толькі калектывы з Брэстчыны, але і з усёй краіны і нават замежжа. Хэдлайнерам фестывалю стала група «Дразды». Майстры сваёй справы – гэта пра народную эстрадную студыю «Экспрэс», якой выпала нялёгкая задача – выступаць на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы фестывалю-кірмашу пасля папулярных «Драздоў». Але нашы артысты – малайцы, апладысменты і крыкі «брава!» пасля кожнага нумара – таму пацвярджэнне.
– Прыемна і ганарова, што наш калектыў запрасілі на такі цудоўны фестываль. Гэта выдатная магчымасць не толькі прадэманстраваць сваю творчасць, але і парадавацца за калег з іншых раёнаў, пераняць вопыт. Па насычанасці, масавасці, цікавых задумках фестываль удаўся на славу. Усе творчыя калектывы Ляхавіцкага раёна дастойна паўдзельнічалі ў «Берасцейскіх санях», – адзначае кіраўнік «Экспрэса» дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы Юрый Грынь.

Цікава прайшоў і трэці фестывальны дзень. Не зусім зімовае надвор’е паспрыяла таму, што колькасць удзельнікаў «Каляднага забегу» перавысіла 300 чалавек.
І ў нядзелю на «Берасцейскіх санях» прагучаў ляхавіцкі адрас. Як заўжды, яскрава прэзентаваў Ляхавіччыну творчую народны клуб аматараў песні, гумару і гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК.
Сапраўды відовішчнымі сталі лазернае шоу і феерверк.
У наступным годзе «Берасцейскія сані» завітаюць у Пінск.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.