На ўсе рукі майстар! Навучэнец Малагарадзішчанскай СШ Ляхавіцкага раёна стаў пераможцам трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды

Навучэнец 11 класа Малагарадзішчанскай СШ Ягор Пляшэвіч стаў пераможцам трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні і ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Навіна прыемная не толькі для школы і настаўніка Генадзія Коршуна, які падрыхтаваў дыпламанта, але і для ўсяго Ляхавіцкага раёна. У абласным туры інтэлектуальнага іспыту свае веды па
18 вучэбных прадметах дэманстравала амаль тысяча школьнікаў 8–11-х класаў, сярод якіх і шэсць нашых юных землякоў.
Ягор Пляшэвіч адзін з 49 старшакласнікаў, хто змагаўся за званне лепшага па працоўным навучанні. Алімпіяда па гэтым прадмеце ўключае практычны і тэарэтычны туры. Рашыць тэсты і задачы, начарціць эскіз сурвэтніцы і падабраць яе памеры, выканаць тэхналагічную карту, а яшчэ за чатыры гадзіны зрабіць мальберт – навучэнец Малагарадзішчанскай школы з усімі заданнямі справіўся! Ягор прымаў удзел у раённых этапах рэспубліканскай алімпіяды з шостага класа і штораз вяртаўся з пераможным месцам.
– Дыплому абласнога ўзроўню вельмі рады. Але калі выконваеш заданні, пра ўзнагароду не думаеш. Хацелася правільна адказаць на пытанні і тэсты, укласціся ў адведзены час і якасна зрабіць мальберт. Усё атрымалася, хаця і было нялёгка! За веды і ўменні ўдзячны майму настаўніку Генадзію Станіслававічу, – дзеліцца ўражаннямі Ягор Пляшэвіч.
Адзінаццацікласнік і ў штодзённым жыцці любіць майстраваць. Нядаўна, напрыклад, зрабіў новую клетку з аўтаматычнай падачай вады для перапёлак.
У школе пра Ягора гавораць, як пра навучэнца стараннага і адказнага, які праяўляе свае здольнасці ў рознай дзейнасці. Сярод яго любімых прадметаў – матэматыка, інфарматыка і фізіка. Зараз актыўна рыхтуецца да экзаменаў і марыць свой прафесійны шлях звязаць са стварэннем камп’ютарных праграм.
Няхай жаданні спраўдзяцца!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва Малагарадзішчанскай СШ.