Аналагаваму тэлебачанню засталося нямногім больш за паўгода

«Не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння».

Не адмаўляючы існаванне арыгіналаў, каму тэлевізар не патрэбны ў прынцыпе, прызнаем: абсалютная большасць з нас не ўяўляе сябе без тэлесябра. Між іншым, сяброўства гэта можа і закончыцца. Раптоўна, аднак, не нечакана, паколькі размова пра непазбежны пераход Беларусі з так званага аналагавага фармату тэлевяшчання на лічбавы вядзецца далёка не першы год. І не толькі на ўзроўні тэорыі – прыём лічбавага сігнала могуць дазволіць сабе прыкладна 95 працэнтаў жыхароў Брэсцкай вобласці. Ахоп насельніцтва Ляхавіцкага раёна эфірным лічбавым тэлевізійным вяшчаннем ужо зараз складае больш за 90 працэнтаў. Для параўнання заўважым, што Баранавіцкі раён на 100 працэнтаў адаптаваны для прыёму лічбавага тэлесігнала, Івацэвіцкі – на 97, Ганцавіцкі – на 45 працэнтаў.

Па словах кіраўніка станцыйнага ўчастка раённага вузла электрасувязі Аляксандра Татарыновіча, найбольш праблемнай у плане ўстойлівасці прыёму “лічбы” тэрыторыяй пакуль з’яўляецца вёска Свяціца і яе наваколле. Усе астатнія – калі ласка, на новы фармат. Практыка “паспрабаваўшых” новае тэлебачанне, якіх нямала ўжо і сярод нашых землякоў, сведчыць аб яго кардынальна выгадным адрозненні ад свайго папярэдніка. Меркаванне ж спецыялістаў, як і павінна, адрозніваецца канкрэтыкай: лічбавае тэлебачанне ў 6 разоў эфектыўней аналагавага. Эфектыўнасць у якасці тэлекарцінкі, у магчымасці выкарыстання гукавога суправаджэння ў стэрэарэжыме, у магчымасці пашырэння пакета вяшчальных праграм і іншае.

Стаць гледачом новага тэлебачання не з’яўляецца вялікім клопатам і каштуе не так ужо і многа. Канешне, калі не разглядаць пакупку сучаснага з метровым экранам і мноствам дадатковых опцый плазменнага прыёмніка, што танным не можа быць у прынцыпе. Варыянт “два” выглядае дастаткова бюджэтным і ў той жа час абсалютна функцыянальным. Заключаецца ў пакупцы з наступным падключэннем да ўжо наяўнага тэлевізара спецыяльнай прыстаўкі–адаптара. Па інфармацыі Аляксандра Татарыновіча, выраб прыстасавання, рознічны кошт якога на сённяшні дзень складае каля 350 тысяч рублёў, асвоілі беларускія вытворцы. Падключэнне складанасці не ўяўляе, і ў выпадку паступлення калектыўных заявак гэту работу – не выключана – могуць выканаць спецыялісты раённага вузла электрасувязі.

“Крайнім” на тэрыторыі Ляхавіччыны днём, калі можна яшчэ будзе “злавіць” аналагавы тэлесігнал, стане 9 ліпеня 2014 года. Далей – хто не з “лічбай”, той увогуле без тэлевізара.

А вось, як мінімум, настроіць сябе на дзеянні па пераходзе на новы фармат тэлебачання лепш ужо сёння. Чаму? Неабходную на тое грашовую суму можна фарміраваць паступова. Так званае напружанне апошніх дзён, калі купіць і падключыць лічбавы цюнар захочуць усе і адразу, будзе не вашай праблемай. Ды і дзе гарантыя, што праз пару-тройку месяцаў кошт апарата застанецца ранейшым. Так што – чытайце загаловак.

Аб гэтым і прыкладна такімі ж словамі гаварылі ў мінулы чацвер з жыхарамі вёсак Набярэжная, Нівішча, Падбарочча і Залужжа Ганчароўскага сельсавета члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якую ўзначальвае старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Але, як найчасцей і бывае ў такім выпадку, адной толькі тэмай адключэння старога і пераходу на новае тэлебачанне, сустрэча не абмежавалася. Карыстаючыся чарговай магчымасцю прамога дыялогу з уладай, вяскоўцы падымалі пытанні ўладкаванасці дарог, функцыянавання вулічнага асвятлення, медыцынскага абслугоўвання, работы гандлю і г.д.

Такія ж сустрэчы прайшлі і ў іншых месцах раёна – з удзелам інфармацыйна-прапагандысцкіх груп райвыканкама.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *