У Ляхавічах прайшла медыка-прафілактычная акцыя “Майстэрня здароўя”

Па словах урача-валеолага райбальніцы Таццяны Усцюшковай, прафілактыка інсульту прадугледжвае ўсебаковую карэкцыю ладу жыцця, аднак, надзвычай важную ролю мае кантроль за ўзроўнем артэрыяльнага ціску. Падштурхнуць людзей больш увагі звяртаць на ўласнае здароўе закліканы Дні прафілактыкі артэрыяльнай гіпертэнзіі і інсульту. Сёлета да іх была прымеркавана рэспубліканская медыка-прафілактычная акцыя “Майстэрня здароўя”. 21 лістапада ў Ляхавічах у будынку аўтавакзала і ў цэнтральнай раённай аптэцы ўсе жадаючыя маглі вымераць артэрыяльны ціск, атрымаць кваліфікаваную кансультацыю, а калі неабходна – і прафесійную дапамогу вопытных медсясцёр.

Тым, чый стан здароўя выклікаў пытанні, выдавалася накіраванне на прыём да тэрапеўта (усяго выдадзена 62 накіраванні). Былі і такія, хто ўпершыню даведаўся пра сваю схільнасць да гіпертанічнага захворвання. За некалькі гадзін акцыі магчымасцю праверыць ціск скарысталіся 350 чалавек. Прыкладна ў дзясятай часткі правераных выяўлена артэрыяльная гіпертэнзія.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *