Жнівень на Ляхавіччыне выдаўся вясельным

Жнівень на Ляхавіччыне выдаўся вясельным. 14 урачыстых цырымоній адбыліся ў аддзеле загса райвыканкама і адна – у Востраўскім сельвыканкаме.

Сярэдні ўзрост жнівеньскага жаніха – 39 гадоў, нявесты – 36. Статус юных маладых атрымалі 20-гадовыя жаніх і нявеста. Марш Мендэльсона гучаў і для 81-гадовага жаніха і 69-гадовай нявесты.
Сярод тых, хто зарэгістраваў шлюб у Ляхавіцкім аддзеле загса ў жніўні, была і грамадзянка Федэратыўнай Рэспублікі Германія.
Па-ранейшаму ў нашых землякоў карыстаюцца папулярнасцю адметныя даты. Так, 8.08.2026 заручальнымі пярсцёнкамі абмяняліся тры пары, а 14.08.2026 сям’ёй сталі чатыры пары, расказала «ЛВ» начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
З пачатку года шлюбнымі вузамі адносіны звязалі 64 пары, з якіх 55 – у аддзеле загса райвыканкама. Па два пасведчанні аб шлюбе выдадзена ў Крывошынскім і Альхоўскім сельвыканкамах, па адным – у Ганчароўскім, Жарабковіцкім, Востраўскім, Навасёлкаўскім і Конькаўскім сельвыканкамах, адзначыла Вольга Новік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.