Мір пачынаецца са шчаслівага дзяцінства. У сучасным свеце Міжнародны дзень міру, што адзначаецца 21 верасня, набывае асаблівае значэнне

Мір – гэта магчымасць выхоўваць дзяцей, вучыцца, працаваць і марыць пра будучыню. У сучасным свеце Міжнародны дзень міру, што адзначаецца 21 верасня, набывае асаблівае значэнне. Беларусь, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны страціла кожнага трэцяга
свайго жыхара, добра ведае цану міру.

Больш фота тут

На Ляхавіччыне расце пакаленне, якое ўжо сёння ўносіць свой уклад у справу міру. У раёне створана трохузроўневая пераемнасць у сетцы «Школ міру»: дзіцячы сад № 1 – Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча – Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны-лесатэхнічны каледж.
На рахунку юных міратворцаў – шмат добрых спраў і ўдзел у разнастайных мерапрыемствах.

Арганізатар праекта «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь» – грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд міру» пры падтрымцы Міністэрства аду-кацыі Рэспублікі Беларусь.
Напярэдадні Дня народнага адзінства ў дзіцячым садзе № 1 урачыста прынялі ў юныя міратворцы выхаванцаў старэйшай групы. Ганаровае званне атрымалі 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія з задавальненнем прымералі блакітныя камізэлькі, пілоткі і шалікі з надпісам «Школа міру» – сімвалы, якія стануць часткай іх дзяцінства.

Дашкольная ўстанова летась далучылася да праекта «Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь», а сёння рады міратворцаў папоўніла другая змена дашкольнікаў – традыцыя жыве і развіваецца.
Сярод гасцей урачыстай цырымоніі – старшыня раённага аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Ларыса Юшкевіч. Яна шчыра павіншавала дашкольнікаў са значнай падзеяй і ўручыла падарункі ад раённай арганізацыі.

– Прыём у юныя міратворцы – важны этап у выхаванні дзяцей, дзе праз гульню, сімвалы і добрыя справы фарміруюцца галоўныя каштоўнасці: павага да старэйшых, любоў да роднай зямлі і імкненне жыць у міры. Вельмі прыемна бачыць, як нашы хлопчыкі і дзяўчынкі з дзяцінства вучацца дружбе, узаемаразуменню, паважаць сваю гісторыю. Гэта і ёсць аснова міру – у сям’і, у дзіцячым садку,
у краіне, – адзначыла Ларыса Юшкевіч.

Загадчыца дашкольнай установы Алена Чарняк падзякавала гасцям, якія раздзялілі радасць падзеі разам з рабятамі. Сярод тых, хто павіншаваў дашкольнікаў, – міратворцы з Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрна-лесатэхнічнага каледжа і навучэнцы СШ № 1.

Першай на Ляхавіччыне статус «Школа міру» атрымала Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча. З 2023 года міратворцы школы прымаюць актыўны ўдзел у злёце юных міратворцаў Брэстчыны. Каб атрымаць запрашэнне на мерапрыемства, яны штогод перамагаюць у абласным этапе конкурсу «Лепшы міратворчы праект Школы міру». І сёлета жарабковіцкія міратворцы заваявалі дыплом I ступені ў намінацыі «Лідар грамадскага руху», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны. На конкурс навучэнцы падрыхтавалі відэаролік пра Вольгу Бурак – нераўнадушную зямлячку з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, лідара раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын», начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама.

25 верасня 15 жарабковіцкіх рабят 8–10-х класаў прадставяць
раён на чацвёртым абласным злёце юных міратворцаў Брэстчыны.
У рэспубліканскім этапе Міжнароднага конкурсу малюнкаў «Космас аб’ядноўвае», адным з арганізатараў якога з’яўляецца ГА «Беларускі фонд міру», дыпломам III ступені адзначаны навучэнец СШ № 1 Марк Калоша. Конкурс прысвячаўся знакавай падзеі – 65-годдзю палёту Юрыя Гагарына ў космас, і перамога ў ім – высокая ацэнка таленту нашага юнага земляка.
Сярод мірных традыцый ГА «Беларускі фонд міру» – прысваенне статусу «дзіця міру» хлопчыкам і дзяўчынкам, якія нарадзіліся менавіта ў Дзень міру – 21 верасня. Сярод такіх шчасліўчыкаў юныя зямлячкі Ева Сокал, Анастасія Брэчка, Агата Завадская, Марыя Ніканчук, Марыя Шкут і іншыя.
– У Міжнародны дзень міру хочацца асабліва падкрэсліць, што мір пачынаецца не дзесьці далёка, а тут – у нашых школах, сем’ях і сэрцах. Юныя міратворцы Ляхавіччыны гэта добра разумеюць. Яны ўдзельнічаюць у конкурсах і расказваюць пра людзей, якія заслугоўваюць павагі, вучацца быць лідарамі і весці за сабой іншых.
Важна, што яны прапагандуюць каштоўнасці, якія робяць наш свет лепшым: дабрыню, павагу і любоў да роднай зямлі, – адзначыла Ларыса Юшкевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.