Малая зала для дружнай кампаніі. Што прапануе ляхавіцкі кінатэатр?

З 18 студзеня ў кінатэатры «Кастрычнік» можна не толькі паглядзець кінафільм на вялікім экране. Тут з’явілася асобная тэрыторыя адпачынку – абноўленая малая зала. Яе прэзентацыя прайшла з удзелам кіраўніцтва раёна і моладзі.

Што прапануе ляхавіцкі кінатэатр? Правесці вольны час цікава і захапляльна ў невялікай кампаніі – з калегамі, сям’ёй ці сябрамі. Для добрага адпачынку набыты вялікі праекцыйны экран, на якім можна глядзець любімыя фільмы і навінкі кінематографа, стол-кніга, чатыры пуфы і крэслы-мяшкі, настольныя гульні, сярод якіх аэрахакей і футбол, іншае. Настрой стварае і яркая ілюмінацыя. На гэтыя навінкі з раённага бюджэту было выдзелена тры з паловай тысячы рублёў. За сродкі кінатэатра закуплены зручны дыван.
У малую залу таксама можна заказаць з дастаўкай ежу і напіткі. Ва ўтульнай атмасферы свята абавязкова адбудзецца!


«Кастрычнік» з 1 снежня па 13 студзеня праводзіў навагоднюю латарэю. Умова была простая: купіць білет на любы сеанс і запоўніць анкету. Колькасць білетаў не абмяжоўвалася. У дзень адкрыцця малой залы старшыня райвыканкама Мікалай Мароз і старшыня райсавета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч разыгралі латарэю і выцягнулі з куфэрка анкеты трох шчасліўчыкаў. Імі аказаліся Арсеній Юруць, Аляксандра Болтуць і Дзяніс Куніцкі. Арсенію Юруцю, які якраз знаходзіўся ў кінатэатры, Мікалай Мароз уручыў прыз – электрачайнік.
Арсеній – навучэнец 10 класа СШ № 1, а ў «Кастрычніку» быў разам з сябрамі на праглядзе фільма «Чабурашка». Юнак дзеліцца, што кінатэатр – адно з яго любімых месцаў адпачынку, дзе заўсёды рады наведвальнікам. Можна правесці час за праглядам цікавага фільма ці сыграць у більярд. Час пралятае незаўважна. Сярод плюсаў і магчымасць ацаніць каву, пакаштаваць смачнае марожанае.
Дырэктар кінатэатра Дар’я Марозава расказала «ЛВ», што ў планах набыццё і бесправаднога мікрафона для караоке, а таксама бесправаднога танцавальнага дыванка. Будзе класна!
Дарэчы, першы дзень працы малой залы адзначаны святкаваннем дзіцячага дня нараджэння.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.