Ізноў пра братоў нашых меншых

Тэма, што ўзняла днямі па тэлефоне гарачай лініі «ЛВ» неабыякавая жыхарка райцэнтра, не новая. Яе неаднойчы на сваіх старонках абмяркоўвала раёнка. Размова пра бадзяжных сабак, якія ў прамым сэнсе палохаюць людзей. Абурэнне ў зямлячкі выклікала і тое, што хатніх сабак гаспадары выгульваюць у грамадскіх месцах, дзе гараджане адпачываюць. Мала прыемнага прагульвацца вакол стадыёна і раз-пораз наступаць на сабачыя эскрэменты. Жанчына задала рэзоннае пытанне: «Чаму гаспадары не прыбіраюць за сваімі пітомцамі?». Заўвага сапраўды слушная. Аналагічную сітуацыю можна ўбачыць на дзіцячых пляцоўках, у парках і скверах, на пешаходных дарожках – карацей, паўсюдна.

За каментарыем сітуацыі «ЛВ» звярнуўся ў аддзел архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама. Галоўны спецыяліст аддзела Наталля Маслоўская патлумачыла:
– Асноўным нарматыўным прававым актам, які рэгулюе ўзнятыя пытанні, з’яўляецца пастанова Савета Міністраў «Аб зацвярджэнні Правілаў утрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову бадзяжных
жывёл у населеных пунктах». На даны момант працэдуру ўзгаднення з дзяржаўнымі органамі праходзіць праект новай пастановы Савета Міністраў «Аб абыходжанні з жывёламі», які папярэдне прайшоў грамадскае абмеркаванне.
Каб не парушаць закон, гаспадары катоў і сабак абавязаны выгульваць іх у спецыяльна адведзеных месцах; выводзіць сабак з кватэр, дамоў у месцы агульнага карыстання на кароткім павадку і ў намордніку, за выключэннем шчанят ва ўзросце да трох месяцаў і дэкаратыўных сабак ростам да 25 сантыметраў у холцы (такіх можна выгульваць без намордніка).
Што тычыцца месцаў выгулу хатніх сабак у райцэнтры, то яны наступныя: тэрыторыя напрыканцы вуліцы Будаўнікоў паміж вуліцамі Кальцавой і Клецкай; вакол гаражнага масіву паміж вуліцамі Кастрычніцкай і Арлоўскага. Пры выгуле сабакі, яго гаспадар павінен мець пры сабе пакет і шуфлік, каб прыбраць за сваім пітомцам. Нагадаю, згодна з артыкулам 16.30 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за невыкананне правілаў утрымання жывёлы можна атрымаць штраф у памеры ад адной да 15 базавых велічынь. Калі такое парушэнне стане прычынай нанясення шкоды здароўю людзей ці маёмасці, то пакаранне будзе больш жорсткім: штраф у памеры ад 10 да 30 БВ, ці грамадскія работы, ці адміністрацыйны арышт.
Уладальнікам сабак і катоў забараняецца прыводзіць сваіх гадаванцаў у магазіны, прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, школы, дзіцячыя садкі, паркі, скверы, на стадыёны, выгульваць іх на прыдамавых тэрыторыях. Акрамя таго, пад забаронай выгул непаўналетнімі сабак патэнцыяльна небяспечных парод.
У тэму і зварот яшчэ адной жыхаркі райцэнтра на гарачую тэлефонную лінію «ЛВ». Жанчына паскардзілася, што некаторыя жыльцы аднаго са шматкватэрных дамоў па вуліцы Леніна прыкормліваюць бяздомных катоў і сабак, зачыняюць іх у падвале, вакол антысанітарыя, а зграі бадзяжных сабак палохаюць дарослых і дзяцей.
Прычым жыльцы шматкватэрнікаў у сваіх поглядах і ўчынках полюсна раздзяліліся. Адна за тое, каб падтрымаць кінутую ці бяздомную жывёлу, іншыя – катэгарычна супраць такога суседства. Адно адназначна і не абмяркоўваецца: хто вырашыў завесці сабе чатырохлапага сябра, павінен клапаціцца пра яго і быць у адказе за прыручаных жывёл. На справе нямала выпадкаў, калі людзі ўзялі коціка ці сабачку, а потым, нагуляўшыся з ім, выкідваюць з кватэры. І з хатняга ён ператвараецца ў бадзяжнага, але прадаўжае жыць у тым пад’ездзе, што і былыя гаспадары. І, канешне ж, знойдзецца добрай душы чалавек, які будзе падкормліваць такіх жывёл, выстаўляць талерачкі з кормам ці проста высыпаць яго на лесвічнай пляцоўцы. Да ідыліі ў такім выпадку далёка: каты «мецяць» тэрыторыю, дзеці імкнуцца пагладзіць пушысцікаў, а тут і да разнастайных інфекцый недалёка. Прысутнічае і іншы бок справы. Некаторыя гаспадары спецыяльна выпускаюць катоў, каб тыя дзе заўгодна спраўлялі патрэбу, толькі не ў кватэры. Вось і атрымліваецца, што ў якасці туалета хатнія пітомцы выбіраюць прыдзверныя дыванкі ці сцены пад’ездаў…

Наталля Маслоўская падкрэслівае:
– Рашэннем райвыканкама «Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення рэгістрацыі і адлову сабак і катоў на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна» рэгістрацыю гэтых жывёл, выдачу пасведчанняў і жэтонаў па зацверджаных нормах праводзяць КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і сельвыканкамы. Жэтоны павінны быць пастаянна прымацаваны да ашыйніка жывёлы. Камунгас займаецца і адловам бадзяжных сабак і катоў, а таксама праз інфармаванне насельніцтва, у тым ліку праз СМІ, павінен прымаць меры па вяртанні адлоўленых жывёл іх гаспадарам. Удакладню, што адлоў катоў і сабак праводзіцца для папярэджвання захворвання людзей і жывёлы шаленствам, іншымі інфекцыйнымі і паразітарнымі захворваннямі. Згодна з пунктам 3.1 Правілаў, у займаемай адной сям’ёй асобнай кватэры шматкватэрнага дома дазваляецца ўтрымліваць не больш за дзве жывёлы. Неабходна ў трохдзённы тэрмін паведаміць у камунгас ці сельвыканкам, якія рэгіструюць жывёлу, а таксама ветэрынарную ўстанову па месцы пастаяннага пражывання гаспадароў пра набыццё, продаж, гібель сабакі ці ката. Шчаняты і кацяняты павінны быць зарэгістраваны ва ўзросце ад 3 да 3,5 месяцаў. Што тычыцца барацьбы з суседзямі, якія парушаюць устаноўленыя правілы ўтрымання хатніх гадаванцаў, то варта звярнуцца з адпаведнай скаргай ці заявай у камунгас, у міліцыю, сельвыканкам, службы ветэрынарнага кантролю. І гэта пры ўмове, што просьбы і размовы пра правілы сумеснага пражывання не прыносяць належнага выніку.

Зразумела, што ўзнятыя пытанні не вырашацца ў адно імгненне. Але відавочна: калі ўладальнік коціка ці сабачкі не жадае па-гаспадарску адносіцца да жывёлы, якую прыручыў, – няхай адказвае па законе. Магчыма, тады на вуліцах будзе менш бадзяжных сабак і кошак. І не трэба будзе баяцца хадзіць самім і выпускаць гуляць дзяцей. І, у рэшце рэшт, знойдуць і паразуменне і згоду паміж сабой тыя, хто падкормлівае выкінутых кімсьці коцікаў, і тыя, каму ўсё ж замінаюць чатырохлапыя. Давайце будзем не толькі дбайнымі гаспадарамі і законапаслухмянымі грамадзянамі, але і проста міласэрнымі людзьмі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.