Крок насустрач здароўю. Пра навацыі дыспансерызацыі – у матэрыяле «ЛВ»

Бясплатная дыспансерызацыя дапамагае людзям клапаціцца пра сваё здароўе. Пра навацыі дыспансерызацыі – у матэрыяле «ЛВ»

Як функцыянуе наш арганізм, што неабходна зрабіць для падаўжэння жыцця, якія фактары правакуюць распаўсюджванне хвароб, ці можна зменшыць рызыку захварэць? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні можа даць дыспансерызацыя. Са студзеня 2023 года правілы дыспансерызацыі ў Беларусі змяніліся. Бадай самае адметнае новаўвядзенне – усе неабходныя лабараторныя даследаванні і дыягностыку можна прайсці літаральна за адзін дзень, што эканоміць час пацыентам. Каб атрымаць адказ на пытанне, наколькі гэта рэальна, а таксама падрабязней даведацца
пра навацыі дыспансерызацыі, «ЛВ» звярнуўся за каментарыямі ў Ляхавіцкую ЦРБ.

Міхаіл КУЛЯШОЎ, намеснік галоўнага ўрача:
– Калі дыспансерызацыя толькі рабіла першыя крокі, нямала было скептычных выказванняў, маўляў, навошта такія абследаванні кожнаму. Аднак, прайшоў час, і плюсы ад медагляду відавочныя. Так, большасць жыхароў Ляхавіцкага раёна рэгулярна праходзіць дыс-
пансерызацыю, гэта дазволіла медыкам выявіць у многіх жыхароў раёна хваробы і схільнасці да іх. Не сакрэт, што маладыя людзі не спяшаюцца да ўрача, асабліва калі нічога ў здароўі не турбуе ці здараюцца невялікія, на іх погляд, праблемы. А хвароба паступова пераходзіць у хранічную стадыю, і тады значна цяжэй даводзіцца і самому пацыенту, і ўрачу.

Анатолій ПАНЬКО, загадчык паліклінікі:
– Першым крокам да дыспансерызацыі з’яўляецца зварот у рэгістратуру. Дарэчы, можна запісацца на дыспансерызацыю папярэдне, у тым ліку па тэлефоне ці праз сайт Ляхавіцкай ЦРБ пры дапамозе сэрвісу «талон. бай». Далей алгарытм наступны: у паліклініцы працуе кабінет дыспансерызацыі (кабінет № 8, больш вядомы як даўрачэбны кабінет). Таксама гэтай тэмай займаецца аддзяленне прафілактыкі (кабінет № 9). Калі ў чалавека ёсць пэўныя хранічныя захворванні, і ён стаіць на ўліку ва ўрача агульнай практыкі ці вузкага спецыяліста, то лепш звярнуцца непасрэдна да яго. Акрамя таго, прайсці дыс-
пансерызацыю чалавеку прапануюць, калі ён звярнуўся ў паліклініку
за медыцынскай дапамогай у сувязі з нейкімі праблемамі са здароўем ці для праходжання медыцынскай даведкі пры афармленні на
работу, планавага медагляду.
Аснова дыспансерызацыі – анкетаванне: пацыент дае адказы на пытанні анкеты – іх усяго 26.
У прыватнасці, задаюцца пытанні наконт таго, ці адчувае чалавек стрэсы, ці дадае соль у прыгатаваную падсоленую ежу, наколькі часта ў рэжыме дня прысутнічае фізічная актыўнасць, якая доля ў штодзённым рацыёне прыпадае на садавіну і агародніну і іншыя. Пасля аналізу атрыманых звестак медык вызначае фактары рызыкі развіцця неінфекцыйных хвароб: анкалагічных, сардэчна-сасудзістых, цукровага дыябету ІІ тыпу, хранічных абструктыўных захворванняў лёгкіх. Калі такія фактары ёсць, прызначаюцца неабходныя лабараторныя і дыягнастычныя абследаванні. Плюс да ўсяго даюцца рэкамендацыі па вядзенні здаровага ладу жыцця, прапануецца запісацца на прыём да ўрача агульнай практыкі, які пры неабходнасці і па выніках лабараторна-дыягнастычных паказчыкаў падбярэ неабходнае лячэнне ці накіруе на дадатковае абследаванне ў іншыя арганізацыі аховы здароўя. Кожнаму, хто дыспансерызуецца, медыкі абавязкова вымераюць артэрыяльны ціск, вагу, рост, вызначаць індэкс масы цела, здымуць электракардыяграму, пацыентам старэйшым за 40 гадоў вымераюць унутрывочны ціск.
Важнае і яшчэ адно новаўвядзенне: па выніках дыспансерызацыі пацыент атрымлівае выпіску з медыцынскіх дакументаў, што з’яўляецца падставай для вызвалення ў гэты дзень ад работы з захаваннем заработнай платы.

Яўгеній МУДРАГЕЛАЎ, загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі:
– Аксіёма, што чалавек павінен клапаціцца пра ўласнае здароўе, прымаць своечасовыя меры па яго захаванні, умацаванні і аднаўленні. І дыспансерызацыя якраз гэтаму садзейнічае. Яе асноўныя мэты – прафілактыка хвароб, прапаганда здаровага ладу жыцця, выхаванне адказнасці грамадзян за ўласнае здароўе. Дыспансерызацыя дапамагае не толькі выяўленню хваробы на пачатковай стадыі, хуткаму пачатку лячэння, але і з’яўляецца выдатным сродкам медыцынскага лікбезу для пацыентаў, выхаваннем адказнасці грамадзян за ўласнае здароўе.
Калі раней дыспансерызацыя была накіравана на выяўленне хранічных формаў захворвання, то з 2023 года праводзіцца найбольш з мэтай выяўлення фактараў рызыкі развіцця захворванняў. Вызначаны групы, якія падлягаюць дыспансерызацыі. Сярод пацыентаў ва ўзросце да 39 гадоў яна праводзіцца адзін раз у тры гады, старэйшых за 40 гадоў – штогод. Агульны халестэрын могуць праверыць раз у пяць гадоў, для грамадзян старэйшых за
40 гадоў – раз у два гады, рэнтгена-флюараграфічнае даследаванне, адпаведна, раз у тры і два гады. Жанчынам ва ўзросце ад 18 да
39 гадоў неабходны агляд гінеколага і аналіз цыталогіі раз у тры гады, старэйшым за 39 гадоў такі агляд – раз у год.
Ні ў якім разе нельга думаць, што дыспансерызацыя адмяняе назіранне за пацыентамі з хранічнымі хваробамі. Парадак назірання застаецца ранейшым, і лячэнне праводзіцца згодна з медыцынскімі пратаколамі. Нагадаю, што дыспансерызацыя не адмяняе і абавязковыя медыцынскія агляды для прадстаўнікоў пэўных прафесій.
Немалаважны і той факт на карысць дыспансерызацыі, што прафілактыка захворванняў абыдзецца куды танней для бюджэту чалавека, чым лячэнне хваробы.
Міністэрствам аховы здароўя падрабязна распісана і схема дыспансерызацыі дзяцей па ўзростах і групах рызыкі. Прычым дзіця да трох гадоў трэба як мінімум двойчы на год паказваць урачу-педыятру.
Дарэчы, «ЛВ» пераканаўся, што чэргаў у Ляхавіцкай паліклініцы на прафілактычныя агляды пакуль няма.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА