Вытворцы мясцовага паліва і пытанні мясцовага значэння. Вечар пытанняў і адказаў прайшоў у Тухавіцкім сельскім Доме культуры

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Каля тыдня назад стартаваў сезон сходаў грамадзян па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Ужо трэці па ліку, што дае падставу лічыць факт раённай традыцыяй пачатковых тыдняў чарговага новага года.

Не аграгарадок, але і не вёска
19 студзеня сход па пытаннях мясцовага значэння завітаў у Востраўскі сельсавет. Месцам яго правядзення стаў сельскі Дом культуры ў Тухавічах. Не аграгарадок, але і са свайго афіцыйна вясковага абазначэння, як думаецца, населены пункт вырас дастаткова даўно. З наладжваннем на базе мясцовых нізінных балот прамысловай торфаздабычы пачалося наладжванне сацкультбыту спачатку падрыхтоўшчыкаў, затым распрацоўшчыкаў тарфяных радовішчаў і, нарэшце, вытворцаў паліўных брыкетаў. З’явіліся жылыя дамы-шматкватэрнікі і Дом культуры ў комплексе са спартыўнай залай,
сярэдняя школа, крама, пошта, «свая» медыцына. А Тухавіцкі дзіцячы сад і сёння застаецца адзіным на Ляхавіччыне месцам, дзе ёсць басейн.
Для пасялкоўцаў, абсалютная большасць з якіх маюць ці мелі самыя дзейсныя стасункі з торфам, тым больш для пасёлкаўтваральнага ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» 2023 год з’яўляецца юбілейным. Аднаму з буйнейшых і самадастатковых галіновых прадпрыемстваў краіны паўстагоддзя.
Залатую дату плануецца неяк ды «засвя-
ціць»: узгадаць як і кім усё пачыналася, спыніц-
ца на сённяшнім часе, магчыма, заглянуць у будучае завода і пасёлка ў плане некаторага яго «юбілейнага» абнаўлення-аздаблення.

Па форме і ў фармаце дыялогу
Сходу папярэднічаў музычны акорд пад назвай «Мы дзеці твае, дарагая Беларусь!», які на дастаткова гучную ноту вывелі мясцовыя самадзейныя выканаўцы. Зала рэагавала апладысментамі, а месцамі і дапамагала голасам. Аншлагу не назіралася, аднак значная частка вялікай залы СДК была запоўнена наведвальнікамі. Нават дарэчы будзе сказаць – удзельнікамі сходу, паколькі выказанае на пачатку работы старшынёй раённага выканаўчага камітэта Мікалаем Марозам пажаданне «бачыць сённяшні сход у фармаце дыялогу» спраўдзілася ці не ў літаральным сэнсе. Людзі актыўнічалі з пытаннямі з месца і звярталіся да кіраўніцтва раёна пісьмова, узнікалі дэбаты, меў месца выпадак «сольнага» – з трыбуны – выступлення аднаго з грамадзян.
Як адзначыў у выступленні выконваючы абавязкі старшыні Востраўскага сельвыканкама Дзмітрый Гібеж, у склад мясцовай адміністрацыйнай тэрыторыі ўваходзіць 11 населеных пунктаў агульнай колькасцю жыхароў некалькі меншай за паўтары тысячы чалавек. У межах сельсавета размешчана сетка гаспадарчых арганізацый. Дарэчы, ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» ўваходзіць у лік лідараў РУП «Белпалівагаз». Прадукцыю прадпрыемства – тарфяныя паліўныя брыкеты, сушонку – ведаюць многія прадпрыемствы і прыватныя карыстальнікі ў розных кутках Беларусі і шэрагу краін замежжа. У аграгарадку Востраў працуюць ЗТАА «БелДан», аднайменнае лясніцтва Ляхавіцкага лясгаса, участак электрасетак Ляхавіцкага РЭС. У СУП «Ліпнянка» працягваецца рэканструкцыя малочнатаварнай фермы, адкрыццё якой, як прагучала падчас сходу, чакаецца ўжо ў канцы сёлетняй каляндарнай зімы.
Сацкультбыт прадстаўлены дзвюма сярэднімі школамі, адна з якіх працуе ў комплексе з дашкольнай установай, дзіцячым садам, двума СДК, урачэбнай амбулаторыяй і ФАПам. Да паслуг насельніцтва сельсавета два аддзяленні сувязі, чатыры магазіны спажывецкай кааперацыі і некалькі гандлёвых прадпрыемстваў індывідуальных прадпрымальнікаў.
– Работа па навядзенні парадку на зямлі ў сельсавеце вядзецца сістэматычна і мэтанакіравана, – адзначыў Дзмітрый Гібеж. У тым ліку і ў плане ажыццяўлення рамонтаў асфальтавага пакрыцця і грэйдзіравання гравійных аўтамабільных дарог і вуліц населеных пунктаў. Нягледзячы на гэта, стан некаторых дарог, вуліц, тэрыторый сельсавета, мяркуючы па пытаннях з залы, выклікае ў мясцовых нездавальненне.
Як паведаміў у выступленні намеснік начальніка Ляхавіцкага РАНС Кірыл Красоўскі, Востраўскі з’яўляецца адным з двух сельсаветаў раёна, дзе ў мінулым годзе абышлося без пажараў. І гэта ў рэчышчы таго, што ў цэлым па раёне ў 2022 годзе іх адбылося 34.
За справаздачны год дэмаграфія сельсавета пагоршылася на больш як сотню чалавек.
Калі ж у цэлым і коратка, то можна сказаць, што за 2022 год адміністрацыяй, грамадскім актывам, арганізацыямі, насельніцтвам сельсавета было нямала зроблена. І ў плане зносу пустуючых дамоў з наступным выкарыстаннем па прызначэнні вызваленых з-пад іх зямель, і што тычыцца прафілактыкі правапарушэнняў, і адносна падтрымкі і развіцця асабістых падсобных гаспадарак, іншых пытаннях камфортнай жыццядзейнасці грамадзян. Але ж работа далёка не завершана: у бягучым годзе, па словах выконваючага абавязкі старшыні сельвыканкама, у сельсавеце будзе прадоўжана кампанія па зносе трухлявых і пустуючых дамоў, якіх на даны момант 81, замене вулічных свяцільняў на святладыёдныя ва ўсіх населеных пунктах, выдаленне аварыйных дрэў, правядзенне шэрага рамонтаў і добраўпарадкавання
тэрыторый.

Пытанні мясцовага значэння і камунальнага характару
У сваіх пытаннях жыхары сельсавета выказвалі заклапочанасць станам шэрага прыдамавых тэрыторый вёскі Тухавічы, «сляпымі», па іх меркаванні, участкамі некаторых вуліц, «худымі» месцамі дахамі дамоў, няспраўнасцю ўключальнікаў святла ў пад’ездах, «гарачым» у адных і недастаковым у іншых ацяпленнем жылых памяшканняў. Недаспадобы жыхарам Тухавіч і факт адсутнасці вадзіцеля і зношанасці аўтамабіля мясцовай урачэбнай амбулаторыі. Адно з пытанняў тычылася магчымасці пашырыць графік работы мясцовага аддзялення сувязі і іншае.
Наступныя за сходам дні ў Тухавічах мела месца камунальная і не толькі актыўнасць. Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз распарадзіўся выехаць у Тухавічы адказным работнікам раённага ЖКГ, электрасетак, іншым спецыялістам. Задача – разабрацца з сітуацыяй і дапамагчы з вырашэннем пытанняў, што прагучалі падчас сходу.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.